Скарбы, пра якія мы рэдка задумваемся

«Тваёй абароне аддаёмся...» — такі загаловак мае насценны каляндар на 2015 год, выдадзены ў выдавецтве «Pro Christo». Гэта нібы своеасаблівы напамін пра тое, што кожны дзень сваёго жыцця мы павінны ахвяраваць Беззаганнай Маці, аддаваць пад Яе магутную апеку сваю працу і адпачынак, цяжкасці і радасці. Таму тэматычна каляндар прысвечаны цудатворным абразам Маці Божай, якія знаходзяцца ў касцёлах Беларусі. Да кожнай выявы абраза пададзены сціслыя звесткі пра тое, у якой святыні ён знаходзіцца і з якога часу паходзіць. Многія абразы захоўваюцца на нашых землях ужо больш за 4 стагоддзі, колькасць вотаў на іх усё больш павялічваецца, а аповеды пра цудоўныя аздараўленні і вырашэнне складаных жыццёвых справаў набываюць на працягу стагоддзяў усё большую легендарнасць і славу. Ды іх колькасць няспынна павялічваецца там, дзе людзі не перастаюць верыць у моц даверлівай і пакорнай малітвы.

Маці Божая Будслаўская і Маці Божая Гудагайская, Маці Божая Кангрэгацкая і Маці Божая Тракельская... Ружанцовая і Анёльская... Гэтыя і іншыя абразы, прадстаўленыя ў календары, — сапраўдны скарб беларускай сакральнай культуры. Скарб, пра які мы рэдка задумваемся і багаццю якога прыемна здзівімся, калі пазнаёмімся хаця б з тымі дванаццаццю выявамі, што будуць спадарожнічаць нам у перажыванні кожнага месяца каляндарнага года.

Па традыцыі ў календары пададзены імяніны на кожны дзень, вылучаны каталіцкія ўрачыстасці, святы і ўспаміны, а таксама пазначаны галоўныя святочныя дні праваслаўнага календара. 

Усім карыстальнікам гэтага календара і нашым чытачам жадаем шчаслівага перажывання літургічнага года пад апекаю Найсвяцейшай Панны Марыі.

Ганна Шаўчэнка

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла