Якое жыццё і якую смерць выбіраем мы?

 Пра кнігу с. Нунэ Цітаян MSF «Жыццё і смерць» (выдавецтва «Pro Christo», 2014)

Жыццё і смерць — самыя важныя паняцці, якія хвалююць хрысціянства і і ўсе іншыя рэлігіі ў свеце. Нават няверуючыя людзі рана ці позна сутыкаюцца з пытаннямі, звязанымі з гэтымі таямнічымі з’явамі, і мусяць шукаць на іх адказы. Таму для ўсіх чытачоў цікаваю і запатрабаванаю будзе кніга «Жыццё і смерць» сястры Нунэ Цітаян MSF, манашкі Кангрэгацыі Сясцёр Місіянерак Святой Сям’і, армянкі па паходжанні, якая нясе сваё служэнне ў Беларусі. Кніга выйшла ў серыі «Мая вера», якая была заснавана ў 2013 г. і ў якую ўвайшла папярэдняя кніга с. Нунэ Цітаян «Крыж і Пасха».

Разважанні с. Нунэ вынікаюць з цэлага ланцужка пытанняў, якія аўтарка ставіць перад сабою і перад намі. Для чаго Бог стварыў чалавека? Што значыць любіць Бога? Ці па кішэні нам якаснае, сапраўднае жыццё? Хто фарміруе наш спосаб мыслення і бачання свету? У пошуках адказаў на гэтыя і многія іншыя пытанні аўтарка сыходзіць са свайго ўласнага жыццёвага досведу і з досведу евангелізацыйнай працы з людзьмі. Сястра Нунэ не імкнецца, як яна сама падкрэслівае, даць «хуткія, гатовыя, „правільныя“ адказы, якія хутчэй прытупляюць нашу свядомасць, чым адкрываюць перад ёю новыя прасторы» (с. 57). Гатовыя адказы на большасць з гэтых пытанняў можна знайсці ў Катэхізісе. У той жа час с. Нунэ высноўвае гэтыя адказы з самога жыцця — свайго і іншых людзей.

Багаты матэрыял для разважанняў і аналізу аўтарка чэрпае з катэхетычнай працы з дзецьмі, якія вельмі шчырыя і непасрэдныя ў сваім успрыняцці розных жыццёвых сітуацый. Дый сам Пан Езус казаў у малітве да Айца: «Праслаўляю Цябе, Ойча, Пан неба і зямлі, што Ты закрыў гэта ад мудрых і разумных і адкрыў гэта дзецям» (Мц 11, 25). Падчас чытання кнігі с. Нунэ я нібы сама пабывала на некаторых яе занятках па рэлігіі. І, мушу прызнацца, шмат чаму навучылася, бо разважанні с. Нунэ нярэдка абапіраюцца на простыя эксперыменты, якія мне самой захацелася правесці адносна свайго жыцця. Вынікі бывалі нечаканыя.

Тэмы, якія ўздымае аўтарка ў сваёй кнізе, паслядоўна вынікаюць адна з адной. Пытанне пра сэнс жыцця нараджае развагі пра любоў; любоў уздымае пытанне пра адносіны да бліжняга і пра наш жыццёвы выбар у кожнай складанай сітуацыі; а для таго, каб зрабіць правільны выбар, трэба стварыць у сваёй душы трывалую сістэму маральных каштоўнасцяў, якія мы спаўна можам пачарпнуць толькі ў Святым Пісанні і шчырай малітве.

Зразумела, многія пытанні, якія с. Нунэ ўздымае ў кнізе «Жыццё і смерць», так і застануцца для нас глыбокаю таямніцаю, якую мы будзем у стане спасцігнуць толькі пасля адыходу да Нябеснага Айца. Аднак ужо сама пастаноўка пытанняў і шлях, па якім мы ідзем, шукаючы ісціну, несумненна, скіраваныя менавіта да Пана Бога — Айца, які бязмежна любіць нас і хоча, каб мы былі шчаслівыя. Ідзіце ж па гэтым шляху, знаходзьце на ім часцінкі ісціны і мудрасці разам з кнігаю с. Нунэ «Жыццё і смерць»!

Ганна Шаўчэнка

Запрашаем набыць кнігу ў краме «Духоўная кніга»
(г. Мінск, вул. М. Багдановіча, 25.
Тэл.: 8 (017) 293-17-53).

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла