Я — хлеб жыцця

Цела Хрыста — гэта сапраўдная спажыва. Яно сілкуе не толькі душу, але і цела чалавека. Гэта пацвярджаюць Марта Робін і Тэрэза Нойман, абедзве жанчыны на працягу некалькі дзесяткаў гадоў жылі толькі Эўхарыстыяй, не спажываючы ніякай іншай ежы.

Я —  хлеб жыцця. Айцы вашыя елі манну ў пустыні і памерлі. Гэта — хлеб, які сыходзіць з неба, каб той, хто з’есць Яго, не памёр.  Я — хлеб жывы, які сышоў з неба. Калі хто будзе спажываць гэты хлеб, будзе жыць вечна. А хлеб, які Я дам, гэта Цела Маё дзеля жыцця свету».
(Ян 6, 48–51)

Езус адказаў ім: «Я — хлеб жыцця; хто прыходзіць да Мяне, не будзе галодны, і хто верыць у Мяне, ніколі не будзе прагнуць.
(Ян 6, 35)

Езус жа сказаў ім: «Сапраўды, сапраўды кажу вам: калі не будзеце спажываць Цела Сына Чалавечага і піць Крыві Ягонай, не будзеце мець у сабе жыцця. Хто спажывае Маё Цела і п’е Маю Кроў, мае жыццё вечнае, і Я ўваскрашу Яго ў апошні дзень. Бо Цела Маё — праўдзівы спажытак, а Кроў Мая — праўдзівы напой. Хто спажывае Маё Цела і п’е Маю Кроў, трывае ўва Мне, а Я ў ім.
(Ян 6, 53–56)

Тэрэза Нойман памерла ў 1962 г., Марта Робін — у 1981 г. Яшчэ жыве шмат людзей, якія ведалі іх і могуць пацвердзіць праўдзівасць гэтых фактаў. Для чалавечага розуму яны былі абсалютна незразумелымі, і адпаведна ўспрыняць іх можна толькі ў святле веры.

Тэрэза Нойман — простая баварская сялянка. Нарадзілася ў 1898 г. у Конэрсройце. Пасля некалькіх няшчасных выпадкаў у 1918 г. яна была прыкаваная да ложка, паралізаваная, захварэла на эпілепсію, праз год страціла зрок, час ад часу ўвогуле нічога не чула, а крыху пазней у яе ўзніклі праблемы са страваваннем. З 1918 г. жанчына паступова пераставала есці. У 1923 г. Тэрэзы нечакана вярнуўся зрок, а праз два гады яна вылечылася ад эпілепсіі, паралічу і фізічнай слабасці. Адбылося гэта дзякуючы пасрэдніцтву св. Тэрэзы з Лізьё. У ноч з 4 на 5 мая 1926 г. Тэрэза Нойман мела візію Мукі Пана, пасля якой на яе грудзях з’явіліся першыя стыгматы. У хуткім часе яна заўважыла Хрыстовыя раны на сваіх руках, нагах і галаве. Кроў сачылася таксама з вачэй. Яна зусім перастала есці.


Ёсць ува мне...

«Пачынаючы ад Божага Нараджэння 1926 г. я жыла (...), не спажываючы ежы і не маючы патрэбы ў ежы і піцці; у перыяд паміж Божым Нараджэннем 1926 г. і вераснем 1927 г. я піла толькі лыжачку вады (6-8 кропляў) са святой Камуніяй. З гэтага часу я пачала абыходзіцца таксама і без гэтага; ужо са жніўня 1926 г. адчувала агіду да ежы», — засведчыла пад прысягаю ў 1953 г. Марта Робін. Праз некаторы час жанчына спрабавала харчавацца вадкаю ежаю, аднак яна давілася, яе ванітавала, з-за гэтага балела сэрца. Калі яна перастала рабіць такія спробы, адчула сябе значна лепш. Нават само глытанне Гостыі выклікала ў яе вялікую цяжкасць. (...) Жыву дзякуючы Сакрамэнтальнаму Збаўцы. Ён прабывае ўва мне... кароткі час перад прыняццем наступнай святой Камуніі. Як толькі рэчыва Найсвяцейшага Сакрамэнту растворыцца, я адчуваю слабасць і вялікі фізічны і духоўны сум па святой Камуніі», — расказвала Тэрэза. Цікава, што калі перапынак паміж прыняццем святой Камуніі быў большы за адзін дзень, Тэрэза слабела, яе твар станавіўся шэрым, а пад вачыма з’яўлялася сінь. Як толькі яна атрымлівала святую Камунію, яе стан адразу мяняўся.


Рассейваць сумненні

Шмат людзей сумнявалася ў тым, што яе адзінаю ежаю была Эўхарыстыя. Яны думалі, што яна ашуквае іх і тайна спажывае ежу. У 1927 г. біскуп Рэгэнсбурга Антоніус фон Хэнле папрасіў лекараў навукова праверыць гэтыя падазрэнні. З 14 ліпеня таго года на працягу двух тыдняў, 24 гадзіны ў суткі, жанчына знаходзілася пад наглядам. Прафесар Эвальд і касцёльныя ўлады пацвердзілі, што Тэрэза не спажывае ніякай іншай ежы.

Наступная магчымасць для даследавання гэтай з’явы здарылася ў 1940 годзе. Пасля апаплектычнага ўдару, які здарыўся ў яе, на працягу тыдня яна ляжала часткова паралізаваная ў доме сям’і Вутцаў у Айхштэце. Па загадзе біскупа Міхаэля Ракля яе тады ненадоўга ўзялі пад нагляд. Вынік быў той самы.


Ахвяра цярпення

Калі Тэрэзе Нойман было чатыры гады, у суседняй Францыі ў мясцовасці Шатонёф-дэ-Галор нарадзілася Марта Робін. Гэтак жа, як і Тэрэза, яна паходзіла з простай сялянскай сям’і. У 16 гадоў у яе выявіліся першыя сімптомы запалення мозгу. У 1929 г. хвароба цалкам яе паралізавала, і яна знерухомела. Жанчына не валодала рукамі і нагамі, перастала спаць, а праз 11 гадоў аслепла. З таго часу яе жыццё было напоўнена цярпеннем і малітваю. На працягу 50-і гадоў штотыдзень, з чацвярга і да 15-й гадзіны ў пятніцу (потым да нядзелі і нават да панядзелка) жанчына містычна, фізічна і псіхічна адчувала Муку Пана. Апрача гэтага, яна мела здольнасці біялакацыі, дар яснабачання, яе жудасна мучыў сатана. Нягледзячы на стан нерухомасці, яна заснавала каталіцкую школу і супольнасці, якія называліся «Асяродкамі святла і любові».


Я ем больш за іх

Тэрэза Нойман, гэтак жа як і Марта Робін, сілкавалася толькі Эўхарыстыяй. Адбывалася гэта больш за 50 гадоў (з 28 да 79 гадоў жыцця). У гэты перыяд яна адчувала смагу, але не магла нічога праглынуць. Толькі цудоўным чынам яна спажывала Цела Хрыста, якое прымала кожны тыдзень у чацвер. «Так, гэта ўся мая ежа, – сказала Марта Робін у размове з вядомым французскім філосафам і пісьменнікам Жанам Гітонам. — У мяне смягнуць вусны, а я нічога не магу праглынуць. Гостыя пранікае ў мяне, але я сама не ведаю, як. Эўхарыстыя — гэта незвычайная ежа. Кожны чарговы раз новае жыццё ўліваецца ў мяне. Езус прабывае ва ўсім маім целе, я як бы ўваскрасаю. Камунія — гэта штосьці большае за паяднанне: гэта зліццё ў адно цэлае». Падчас другой размовы яна прызналася: «У мяне ёсць жаданне гаварыць тым, хто пастаянна ў мяне пытаецца, ці сапраўды я не ем? Я ем больш за іх, бо сілкуюся эўхарыстычным Целам і Крывёю Езуса. Мне хочацца сказаць ім, што яны самі стрымліваюць у сабе эфект гэтай ежы».

Надзвычайным было тое, што Гостыя сама трапляла ў вусны Марты, вырываючыся з пальцаў святара і пераадольваючы адлегласць, якая даходзіла нават да 20 сантыметраў. Усе святары, якім давялося ўдзяляць святую Камунію Марце (адзін з іх, які быў папярэджаны аб гэтым факце, спецыяльна трымаў Гостыю мацней), аднолькава адчувалі, што Цела Хрыста вырываецца ў іх з рукі.

Гэты феномен жыцця, дзякуючы самой Гостыі, вядомы як інэдыя (лац. inedia — устрыманне ад ежы, пост, галаданне), адбываўся таксама ў жыцці іншых містыкаў Касцёла — інфармацыю пра гэта можна знайсці ў жыціі св. Кацярыны Сіенскай, св. Рыты з Касіі і благаслаўлёнай Кацярыны Эмерых.

Філіп Дэрань,
«Źródło», 14/2005.
Пераклад Іны Ламакі

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла