Адказваем на складаныя пытанні з новым нумарам часопіса «Ave Maria»

Нават католікаў «са стажам», якія ўжо маюць багаты вопыт духоўнага жыцця з Богам, вельмі часта хвалююць пытанні адносна рэлігійнай практыкі, тых ці іншых касцёльных наказаў або праўдаў веры. І гэта добра. Гэта паказчык таго, што наша вера жывая і ўвесь час развіваецца. Амаль кожны артыкул новага — ліпеньска-жнівеньскага — нумара часопіса «Ave Maria» скіраваны на тое, каб даць вам, дарагія чытачы, своеасаблівыя духоўныя арыенціры ў лабірынтах жыцця.

Што значыць «грашыць, празмерна спадзеючыся на Божую міласэрнасць»? І ці ўсе грахі могуць прабачацца? Пра гэтыя праблемы аргументавана і даходліва разважае кс. Андрэй Рылка ў рубрыцы «Святар адказвае на пытанне». У артыкуле аўтар гаворыць пра дзве крайнасці ў духоўным жыцці — пра фальшывы духоўны аптымізм і фальшывы духоўны песімізм, якія аднолькава з’яўляюцца цяжкім грахом.

Трэба прызнацца, што часам мы блытаемся нават у такіх пытаннях, адказы на якія павінны ведаць ужо дзеці, якія прыступаюць да Першай святой Камуніі. Колькі разоў на працягу дня можна прымаць святую Камунію? У якой паставе належыць яе прымаць — стоячы ці на каленях? Ці маюць права вернікі разам са святаром ціха паўтараць словы эўхарыстычнай малітвы, што нярэдка здараецца падчас святой Імшы? Пра гэта з апораю на дакументы Касцёла распавядае кс. Дзмітрый Пухальскі ў артыкуле «Сакрамэнт Эўхарыстыі». А кс. Уладзімір Русак у іншым матэрыяле адказвае, «ці можна маліцца Ружанец падчас Імшы» — згадзіцеся, такую прыватную малітву ў час Эўхарыстыі нярэдка даводзіцца назіраць у касцёле.

У рубрыцы «Вера на штодзень» Ірына Жарнасек дзеліцца сваім вопытам пошуку адказаў на шматлікія духоўныя пытанні падчас рэкалекцый у Росі, якія праводзіў святар з Уганды Джон Башабора. «Калі Вы хочаце, каб Божая ласка трапіла на Вас, не закрывайцеся ад Пана Бога парасонам!» — цытуе аўтарка словы кс. Башаборы ў артыкуле «Аднаві свой вобраз».

Спадзяемся, што гэтыя і іншыя публікацыі часопіса дапамогуць вам не спыняцца на духоўных раздарожжах, а заўсёды правільна выбіраць далейшы шлях.

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла