Пан дзейнічае

Васямнаццатая звычайная нядзеля, год А (3.08.2014)

«Калі Езус пачуў пра смерць Яна Хрысціцеля, адплыў адтуль на чоўне ў пустыннае месца адзін, а людзі, пачуўшы гэта, пайшлі за Ім пехатою з гарадоў. Выйшаўшы з чоўна, Езус убачыў мноства людзей і злітаваўся над імі, і аздаравіў хворых іхніх. Калі ж настаў вечар, Ягоныя вучні падышлі да Яго і сказалі: “Пустыннае гэтае месца і гадзіна ўжо позняя; адпусці людзей, каб яны пайшлі ў паселішчы і купілі ежы сабе”.
Езус сказаў ім: “Не трэба ім ісці, вы дайце ім есці”.
Яны ж сказалі яму: “У нас тут толькі пяць хлябоў і дзве рыбіны”.
Ён сказаў: “Прынясіце іх Мне сюды”.
І, загадаўшы народу сесці на траву, Ён узяў пяць хлябоў і дзве рыбіны, паглядзеў на неба, благаславіў і, разламаўшы, даў хлеб вучням, а вучні — людзям. І ўсе елі, і насыціліся, і з кавалкаў, што засталіся, сабралі дванаццаць поўных кашоў. А тых, хто еў, было каля пяці тысяч чалавек, не лічачы жанчын і дзяцей» (Мц 14, 13–21).

Пан дзейнічае

Некалькі дзён таму я быў у вялікім горадзе. У адным з некалькіх касцёлаў гэтага горада адбываецца няспыннае выстаўленне Найсвяцейшага Сакрамэнту. Я хацеў зрабіць паўгадзінную адарацыю, але мне спадарожнічалі сужэнцы, мае суседзі. Яны не ведалі, што ў тым касцёле можна адараваць Пана Езуса. Я вырашыў запрасіць іх на адарацыю, і каб яны не засумавалі, правесці перад Панам Езусам 15 хвілін. Пакуль мы ішлі ў касцёл, я падказаў сужэнцам некалькі думак святога Яна Паўла ІІ і папы Бэнэдыкта XVI, якія дапамагаюць праводзіць час перад Тым, хто ёсць Хлебам Жыцця. 
Пан маўчыць, але дзейнічае.
У гэтай прысутнасці мы адкрываем глыбіню і сэнс нашага паклікання.
Паглыбляецца нашая блізкасць з Хрыстом.
Бог адорвае нас радасцю.

Калі мы выйшлі з касцёла, я не пытаўся ў маіх спадарожнікаў пра іх уражанні ад адарацыі, але заахвоціў іх наведваць гэты касцёл і запрашаць іншых прыходзіць на адарацыю. Езус кажа вучням: “Вы дайце ім есці”. Гэта запрашэнне сілкавацца Хлебам Жыцця і, адаруючы Яго, запрашаць і іншых на гэтую сустрэчу.

Плён сустрэчы з Езусам у Эўхарыстыі мае большую моц, чым атамная бомба, казала благаслаўлёная Маці Тэрэза з Калькуты. Сапраўды, тэарэтычна мы ведаем, як трэба жыць, але каб жыць так, нам не стае сіл. Менавіта Езус у Эўхарыстыі дае нам здольнасць выканаць тое, чаго сваімі сіламі мы выканаць не здольныя. Менавіта адарацыя (хаця б паўгадзіны або гадзіна на тыдзень) спрычыняецца да таго, што Езус паволі знішчае перашкоды, якія існуюць паміж намі і Богам, паміж намі і нашымі бліжнімі. Толькі Езус, Хлеб Жывы, можа супакоіць нашае заўсёднае прагненне і голад. Апроч гэтага, Ён вучыць нас, як дапамагаць бліжнім: дапамагаць ім у цяжкасцях і весці да Таго, хто сам учыніў сябе для нас Штодзённым Хлебам. А штодзённы хлеб — гэта перадусім любоў. Бог — гэта любоў, якая вучыць нас любіць Бога, сябе і бліжніх.

Айцец Раман Шульц OP

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла