Каб слабасць не адабрала надзеі

На працягу стагоддзяў змянялася знешняя форма паяднання чалавека з Богам і бліжнімі. Адно заставалася нязменным: «Каму адпусціце грахі, таму будуць адпушчаныя; на кім пакінеце, на тым застануцца» (Ян 20, 23).

І несумненна, так будзе да другога прыйсця Пана Езуса ў канцы свету. Для таго, каб грэх быў адпушчаны, ён павінен быць найперш распазнаны, а гэта не так проста, як здаецца. Для гэтага патрэбнае сумленне, якое эфектыўна дзейнічае і ўкажа на правіны, але нярэдка яно бывае ўсыплёнае, няздольнае да аб’ектыўнага суджэння. Аднак сумленне — гэта «інстанцыя», з якой трэба лічыцца, гэта тое, што чалавек атрымаў ад Бога ў той ступені, у якой яму неабходна. На жаль, ёсць і такія сумленні, што маўчаць як магілы, а чалавек перад споведдзю ведае толькі тое, што ён нікога не забіў, не абакраў, і больш грахоў зусім не памятае.

Божы компас

Што рабіць з сумленнем, каб яно дзейнічала належным чынам? Найперш яго трэба, нібы гадзіннік, добра настроіць на тую гадзіну, якая адпавядае рэчаіснасці, а не з’яўляецца толькі плодам ўласнага «мне-так-здаецца» або проста справаю густу: «мне так зручна, таму я вырашаю, што цяпер пятая гадзіна, а не дзясятая», або «настрою яго на вока, гледзячы на тое, у якім баку сонца». Гэты крытэрый нашых учынкаў павінен быць унутраным навігатарам, які вядзе нас па завулках жыцця. Рух па новых, невядомых дагэтуль абшарах вымагае актуалізацыі. Тады нашае сумленне не замрэ ў бяздзейнасці, не будзе пустым экранам або не пакажа дадзеных, якія скіруюць нас на няправільны шлях. Гэтая актуалізацыя заключаецца ў тым, каб мы ўслухоўваліся ў голас Касцёла і ядналі свае сістэмы каштоўнасцяў з тымі, што вынікаюць з нашай веры. Фармацыя сумлення — працяглы працэс, але ён абавязковы, калі чалавек не хоча падарожнічаць толькі па падворку ўласных цесных схемаў і звычак, якія нікуды яго не прывядуць.

Сумленне пакажа шлях, дапаможа своечасова выправіць памылкі, перш чым яны выклічуць негатыўныя вынікі, і нават калі так станецца, сумленне дапаможа адважна і з пакораю зірнуць у твар зняважаным вартасцям і выправіць учыненае зло. Для гэтага неабходны рахунак сумлення, які мы звычайна робім перад споведдзю, каб ведаць, пра што гаварыць у канфесіянале. Аднак гэтага замала для таго, хто жадае ў жыцці чагосьці большага. Рахунак сумлення не можа быць толькі закідваннем у кошык выкарыстаных, непатрэбных ці памылковых файлаў нашых учынкаў, думак і занядбанняў — ён павінен уключаць нястомнае выпраўленне ўчыненых памылак і іх вынікаў, каб можна было канчаткова знішчыць іх, выдаліць — дзякуючы Божай ласцы — з гісторыі жыцця.

Такім чынам, споведзь неабходна пачаць з рахунку сумлення. Гэты рахунак закранае тую частку нашай істоты, якая асвятляе нашыя веды і пачуцці так, што кожны элемент рашэння ці ўчынка падвяргаецца глыбокай праверцы. Можам спытаць: што з’яўляецца гэтым святлом? Ці дастаткова ведаў, угрунтаваных на праўдзе? Без праўды нельга абысціся, але гэтым святлом з’яўляецца таксама любоў. Хто мае веды і любіць, той будзе дзейнічаць справядліва. Найчасцей сумленне папракне нас у недахопе любові, але часта трэба спытаць, ці не забракла нам неабходных ведаў, такіх, без якіх немагчыма бяспечна падарожнічаць па жыцці. Урэшце, нават той, хто любіць і ведае, як трэба дзейнічаць, падае і не паступае паводле ўласных жаданняў, згодных з Божаю воляю. Грэх — плод эгаізму, або перабольшанага самалюбства. Яму спрыяюць няведанне і памылкі, невуцтва і такі стан розуму, у якім злы дух звівае сабе гняздо. Да гэтага можна далучыць слабую волю і няўменне запанаваць над сабою і ўласнымі ўчынкамі.

На ганку бацькоўскага дома

Усведамляючы ўчынены грэх, мы можам падумаць пра тое, што рабіць далей. Прыняцце праўды пра ўласную слабасць абуджае ў чалавеку змешаныя пачуцці. Прызнанне слабасці перад самім сабою ў зацішку ўласнага сумлення нараджае боль. Часам ён такі вялікі, што парады, якія мы самі сабе даем і прымаем ад іншых, схіляюць нас да таго, каб знайсці апраўданне. Пачуццё віны часам такое моцнае, што нельга абысціся без снатворнага... Аднак жа менавіта ў адчутым болю сумлення нараджаецца прастора для шчырага дыялога, у якім чалавек спазнае жаль за грахі. Ён стане тым агнём, які народзіць сапраўдную, глыбокую любоў і ўдзячнасць і які прывядзе да сустрэчы з міласэрным і любячым Айцом. Айцец чакае нас у канфесіянале, нібы на ганку бацькоўскага дома.

Дотык да зраненай душы

Толькі пасля рахунку сумлення, з сэрцам, перапоўненым жалем за грахі, мы можам вырашыць, што далей рабіць са сваім жыццём. Аднак часам чалавек трапляе ў поўнае бяссілле, калі, з аднаго боку, яму цяжка жыць у граху, з другога ж — чалавек бачыць, што ён не мае сілы або не жадае нічога змяняць. Наколькі лёгка захацець ачысціцца ад уласных грахоў, настолькі цяжка вызваліцца ад зла, да якога нярэдка спрычыняюцца іншыя. Так нянавісць, якую распаліла спазнаная крыўда, знішчае жаданне вярнуцца ў дом Міласэрнасці. Спрэчнасць пачуццяў вымагае сілы духу. Таму вельмі патрэбная дапамога Касцёла ў форме малітвы за грэшнікаў, каб яны мелі сілы разарваць кайданы зла і перамагчы іх дабром.

Часам слабасць адбірае надзею на тое, што ў жыцці штосьці можна змяніць. У такой сітуацыі пастанаўленне выправіцца павінна быць вельмі моцным. Гэта інтэнцыя, прагненне падняцца і пайсці ў бок дабра. Слабы чалавек заўсёды можа разлічваць на крыніцу ласкі, якая неабходная для рэалізацыі справядлівых учынкаў. Гэтая моц будзе дзейснаю, калі чалавек уступіць у барацьбу, якая нярэдка пачынаецца з перамогі над расчараваннем і апатыяй.

Аднак цэнтральным пунктам на шляху навяртання будзе кленчанне ля кратаў канфесіянала. Вызнанне грахоў у сакрамэнце споведзі адбываецца перад абліччам Бога, ад імя якога ў канфесіянале з намі размаўляе святар. У гэтым сакрамэнце Хрыстус дакранаецца да зраненай душы і дзейнічае ў ёй. Вызнанне грахоў перад абліччам Божага суду часам займае дых і выклікае страх, паралізуе розум і маўленне. Аднак часта чалавек усведамляе, што Хрыстус — не толькі Суддзя, але і наш Абаронца. Шчырае прызнанне віны не толькі не скончыцца прысудам пакарання, але і сама пакута будзе сімвалічнаю, бо ўсё ужо адбылося на крыжы. Бог вызваліў нас ад грахоў — тых, якія мы вызнаем.

Кс. Яраслаў Кшывіцкі.
Пераклад з польскай мовы Ганны Шаўчэнка.
Паводле: niedziela.pl

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла