Знак вялікай свабоды

Дзевятнаццатая звычайная нядзеля, год A (10.08.2014)

«Калі натоўп быў накормлены, Ён адразу загадаў вучням сесці ў човен і плысці ўперад Яго на другі бераг, пакуль Ён адпусціць людзей. Адпусціўшы народ, Езус падняўся на гару памаліцца асобна. Калі настаў вечар, заставаўся там адзін.

Тым часам човен ужо адплыў шмат стадыяў ад берага. І кідалі яго хвалі, бо вецер быў супраціўны. У чацвёртую ж варту ночы Ён пайшоў да іх, ідучы па моры. Калі ж вучні ўбачылі, як Ён ідзе па моры, спалохаліся і казалі: “Гэта прывід”. I ад страху закрычалі.

Але Езус адразу загаварыў з імі і сказаў: “Будзьце адважнымі, гэта Я; не бойцеся!”

Пётр сказаў Яму ў адказ: “Пане, калі гэта Ты, загадай мне ісці да Цябе па вадзе”.

Ён жа сказаў: “Ідзі!”

Выйшаўшы з чоўна, Пётр пачаў ісці па вадзе і падышоў да Езуса. Але, адчуўшы моцны вецер, спалохаўся і, пачаўшы тануць, закрычаў: “Пане, ратуй мяне!”

Езус адразу ж працягнуў руку, схапіў яго і сказаў: “Малаверны, чаму засумняваўся ты?” Калі яны ўвайшлі ў човен, вецер сціх.

А тыя, хто быў у чоўне, пакланіліся Яму і сказалі: “Ты сапраўды Сын Божы!”». (Мц 14, 22–33)

Знак вялікай свабоды

На першы погляд тое, што Пан Езус ходзіць па вадзе, здаецца лішнімі выкрутасамі, нейкім незразумелым праяўленнем моцы. Тым больш, што толькі-толькі быў здзейснены вялікі цуд памнажэння хлеба. Аднак паглядзім на гэтае здарэнне ў больш шырокім кантэксце. 

Пан Езус ідзе па вадзе, вяртаючыся з малітвы, якую правёў у самоце. Ён скіраваўся на малітву, пачуўшы пра смерць Яна Хрысціцеля. Папярэдніку Хрыста адрэзалі галаву, і цяпер місія Езуса ўваходзіць у стадыю кульмінацыі. З’яўляючыся чалавекам, Езус ведае пра здраду, якая з Ім здарыцца, пра пакуты, якія Яго чакаюць. Але дзякуючы сваёй Боскасці, сваёй еднасці з Айцом, Ён поўны любові, якая дазваляе дабравольна прыняць усё гэта. Езуса не пазбавяць жыцця, Ён па-каралеўску сам аддасць жыццё за нас. Гэтая каралеўская вольнасць Езуса — абсалютная і рэальная. Менавіта яе знакам з’яўляецца здольнасць хадзіць па вадзе — гэта знак свабоды, большай за законы прыроды.  

Свабода Езуса ад свету, ад чалавечай абмежаванасці — гэта свабода чалавека, з’яднанага з Богам. Езус жадае адарыць нас гэтай свабодай. Яе атрымлівае Пётр, калі просіць: «Загадай мне ісці да Цябе». Пётр крочыць па вадзе, пакуль глядзіць на Хрыста. Аднак, калі паддаецца спакусе і пачынае мысліць паводле законаў гэтага свету, ізноў становіцца іх нявольнікам і пачынае тануць. 

Выпадак, апісаны ў сённяшнім евангельскім чытанні, з’яўляецца знакам і для нас. Сапраўды, мы пакліканыя да жыцця ў свабодзе Божых дзяцей. Сапраўды, мы не павінны быць нявольнікамі гэтага свету. Наш Нябесны Айцец — крыніца свабоды. Углядаючыся ў аблічча Хрыста, мы можам акунуцца ў гэтую крыніцу.

Айцец Крыштаф Коц’ян OP

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла