«Пане, памажы мне!»

Дваццатая звычайная нядзеля, год А (17.08.2014)

«Выйшаўшы адтуль, Езус накіраваўся ў землі Тыра і Сідона. I вось, жанчына ханаанская, выйшаўшы з тых ваколіц, крычала Яму: “Змілуйся нада мною, Пане, Сыне Давіда! Цяжка апанаваная злым духам дачка мая”. Але Ён не адказаў ёй ні слова. Вучні Яго, падышоўшы, прасілі Яго: “Адпусці яе, бо яна крычыць услед за намі”. Ён жа адказаў: “Я пасланы толькі да загінуўшых авечак з дому Ізраэля”. Яна ж, падышоўшы, пакланілася Яму і сказала: “Пане, памажы мне!” Ён жа сказаў у адказ: “Нядобра забраць хлеб у дзяцей і кінуць шчанятам”. Яна адказала: “Так, Пане! Але і шчаняты ядуць крошкі, якія падаюць са стала гаспадароў іхніх”. Тады Езус сказаў ёй у адказ: “О, жанчына! Вялікая вера твая, няхай станецца табе, як жадаеш”. I з гэтага моманту дачка яе стала здаровай» (Мц 15, 21–28).

 «Пане, памажы мне!»

Мы жывем ў часы, калі хрысціянства распаўсюдзілася ўжо па усім свеце, але добра ведаем з гісторыі, што не заўсёды так было. За тое, што мы пазналі Езуса Хрыста і паверылі, мы можам падзякаваць нашым продкам, якія данеслі хрысціянскую веру да нашых часоў і падзяліліся ёю з намі. Мы можам падзякаваць святарам і біскупам, якія нястомна вырушалі ў дарогу, каб абвяшчаць Добрую Навіну там, дзе пра Бога не чулі альбо ўжо забыліся. Мы можам быць удзячныя таксама... гэтай хананэйцы з Евангелля, якой хапіла пакоры і цярплівасці, каб прасіць у Езуса дапамогі, нягледзячы на тое, што, здавалася б, яна — язычніца — не мае ніякіх шанцаў, ніякіх правоў на гэта. Яна не перастае спадзявацца, што будзе пачутая. 

 У сваім жыцці мы часта перажываем большыя ці меншыя крызісы веры. Нам здаецца: вось жывуць жа людзі і без веры і нават выглядаюць часам больш шчаслівымі, чым мы... Ці хопіць нам тады сілаў, каб нягледзячы ні на што сказаць: «Пане, памажы мне!»? 

Выпрабаванні веры толькі павялічваюць яе вартасць, дадаюць ёй глыбіні і чыстасці. Ці з’яўляюцца для нас вера, надзея і любоў абстрактнымі, або гэта нешта канкрэтнае, нешта, што надае смак жыццю? Жанчыне з ваколіц Тыра і Сідона надзея дапамагла быць настойлівай, але і пакорнай, без нахабства. Яе вера была заўважаная і ацэненая самім Езусам. Няхай гісторыя і прыклад хананэйкі дадасць нам сілы і вытрымкі, каб, пераадолеўшы ўсе перашкоды, мы сустрэліся з Тым, у каго верым, на каго спадзяёмся, каб ужо любіць толькі Яго.

Айцец Павел Мажэйка OP

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла