«Брамы пякельныя не перамогуць яго...»

Дваццаць першая звычайная нядзеля, год А (24.08.2014)

«Калі прыйшоў Езус у межы Цэзарэі Філіпавай, запытаўся ў сваіх вучняў, кажучы: “Кім людзі лічаць Сына Чалавечага?” Яны ж сказалі: “Адны — Янам Хрысціцелем, другія ж — Іллёю, а іншыя — Ераміем ці адным з прарокаў”. Ён сказаў ім: “А вы кім лічыце Мяне?” Адказваючы, Сымон Пётр сказаў: “Ты — Хрыстус, Сын Бога Жывога”. Тады Езус сказаў яму ў адказ: “Шчаслівы ты, Сымоне, сын Ёны, бо не цела і кроў адкрылі табе гэта, але Айцец Мой, які ў нябёсах. I Я кажу табе, што ты — Пётр [скала], і на гэтай скале Я пабудую Касцёл Мой, і брамы пякельныя не перамогуць яго. Я дам табе ключы Валадарства Нябеснага, і што звяжаш на зямлі, тое будзе звязана ў небе, а што развяжаш на зямлі, тое будзе развязана ў небе”. Тады загадаў вучням, каб нікому не расказвалі, што Ён — Хрыстус». (Мц 16, 13–20)

«Брамы пякельныя не перамогуць яго...»

Здаецца, што адышлі ў мінулае часы, калі хтосьці ўсур’ёз лічыў, што Езус Хрыстус ніколі не існаваў, што Яго выдумалі. Аднак прызнанне Яго гістарычнасці яшчэ не робіць чалавека хрысціянінам. Тыя ж мусульмане лічаць Хрыста прарокам, як і людзі, узгаданыя ў сённяшнім евангельскім урыўку. Для кагосьці Ён — нехта накшталт супермэна, чалавека з надзвычайнымі здольнасцямі. Але толькі той, хто не сумняваецца ў боскасці заснавальніка Касцёла, можа па праве насіць імя хрысціяніна. Праўда, і тут трэба памятаць, што сапраўднае вера прадугледжвае таксама давер да Таго, хто з’яўляецца Богам, давер да Яго слова, Яго вучэння, якую захоўвае Святое Пісанне і Традыцыя.

На жаль, часта сустракаюцца «даследчыкі» Божага Слова, якім цяжка прыняць яго ва ўсёй паўнаце, і яны інтэрпрэтуюць Біблію так, каб падабацца сучаснаму далёкаму ад веры свету. Магчыма, яны робяць гэта з добрым намерам учыніць Божае Слова больш даступным няверуючаму чытачу, лягчэйшым для ўспрыняцця. А магчыма, ім самім не хапае даверу да Бога. Яны больш давяраюць сучасным перакананням, чалавечы аўтарытэт ставяць вышэй за Божы, баяцца прызнацца сабе і іншым, што самі не ўсё разумеюць у таямніцы веры.

У любым выпадку, такі шлях трэба прызнаць памылковым, таму што ён вядзе да стварэння «бога» на вобраз і падабенства чалавека. Павінна ж быць наадварот: вера мусіць перамяняць нас, нашую свядомасць па вобразе Божым, які мы бачым у Хрысце.

Безумоўна, кожны чалавек недасканалы і абмежаваны, нават Пётр і іншыя Апосталы былі далёкімі ад ідэалу. Таму не трэба гэтага баяцца. Больш правільна будзе маліцца, каб абмежаванасць не стала перашкодаю для ўзрастання ў веры, а падстурхнула нас усвядоміць веліч Божай мудрасці і любові, і з большаю пакораю адкрыць уласныя сэрцы і розум на Божае дзеянне ў нас. І датычыць гэта, зразумела, не толькі тых, хто неяк звязаны з распаўсюджваннем скарбу веры. Кожны хрысціянін, які чыніць насуперак Божым або касцёльным запаведзям, выкрывае свой недавер да іх: маўляў, ёсць іншыя, лягчэйшыя спосабы, каб дасягнуць шчасця, чым верна следаваць вучэнню, дадзенаму Хрыстом, Яго Касцёлу. Або: адкуль вядома, што Ён сапраўды так вучыць? Можа, гэта прыдумалі самі людзі або перарабілі Яго словы? (Апошняе, на жаль, здараецца, калі хтосьці выдае свае перакананні за Божае адкрыццё).

Але мы маем шматвекавую гісторыю Касцёла і веравызнанне, якое нязменна захоўваецца Апостальскай Сталіцай на чале з намеснікам апостала Пятра, якому Пан Езус абяцаў, што брамы пякельныя не перамогуць пабудаванага Ім Касцёла. Таму, сустракаючыся з рознымі новымі павевамі ці моднымі тэндэнцыямі і вучэннямі, перш чым іх прыняць, стараймася даведацца, наколькі яны адпавядаюць таму, чаму Касцёл вучыць на працягу многіх стагоддзяў. Пры сучасных сродках і магчымасцях гэта рэальна. Галоўнае, каб было жаданне быць, нягледзячы ні на што, верным вучэнню Уцелаўлёнага Бога, якое адзінае вядзе да сапраўднага шчасця, хоць і не абяцае, што гэты шлях будзе лёгкім і прыемным. Але той, хто вытрымае да канца, атрымае Боскую ўзнагароду ў вечнасці.

Айцец Міхал Ермашкевіч OP

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла