Танец сонца

Ішоў 1917 год. Да рэвалюцыі ў Расіі заставалася зусім мала  часу, адлік ужо ішоў нават не на месяцы, але на дні. А ў Партугаліі, у мясцовасці Кова да Ірыя, недалёка ад Фацімы, клапатлівая Маці Божая настойліва працягвала папярэджваць свет пра бяду, у якую ён можа трапіць, калі не навернецца да Бога.

Пачынаючы з мая 1917 года, Яна ўжо шмат сказала сучаснаму свету пра тваіх пастушкоў. Вось маленькія пярлінкі з Яе пасланняў.

13 мая. «...Штодня маліцеся Ружанец, каб выпрасіць спакой для свету».

13 чэрвеня. «...Маё Беззаганнае Сэрца будзе тваім прытулкам і дарогай, па якой ты дойдзеш да Бога».

13 ліпеня. «...Ахвяруйце за грэшнікаў і часта паўтарайце, асабліва чынячы якую-небудзь ахвяру: „О Езу, гэта з любові да Цябе, за навяртанне грэшнікаў... Прыйду, каб прасіць прысвяціць Расію майму Беззаганнаму Сэрцу...“».

19 жніўня. «...Маліцеся, моцна маліцеся, бо шмат душаў ідуць у пекла, таму што няма нікога, хто б за іх ахвяраваўся і маліўся».

13 вернася. «...І надалей маліцеся Ружанец, каб выпрасіць заканчэнне вайны...».

І вось надыйшоў дзень 13 кастрычніка. Яго чакала ўжо ўся Партугалія, бо Маці Божая ў часе ранейшых сваіх аб’яўленняў абяцала сказаць, хто Яна. А яшчэ Яна абяцала ўчыніць цуд...

Партугалія чакала. Чакаў свет, той самы, які патанаў у сваіх уласных грахах. Ён, стары і грэшны, сам таго не падазраючы, чакаў, што скажа яму на гэты раз Маці Божая.

На месцы аб’яўленняў, нягледзячы на праліўны дождж, сабралася звыш 50 тысячаў чалавек, якія ў чаканні Нябеснай Пані супольна маліліся Ружанец.

Яна з’явілася і сказала дзецям: «Я — Каралева святога Ружанца. Прыходжу заахвоціць вернікаў змяніць сваё жыццё, каб яны не засмучалі сваімі грахамі Збавіцеля, які вельмі зневажаецца. Каб маліліся Ружанец, выправіліся і пакаяліся ў сваіх грахах».

А пасля дождж скончыўся, хмары расступіліся, з’явілася зіхоткае, яркае сонца, падобнае да срэбнай вясёлкі, якое, нібы агністае кола, пачало раптам паварочвацца, фарбуючы навакольны свет у розныя колеры вясёлкі: жоўты, ружовы, блакітны, фіялетавы. Потым яно на хвіліну затрымалася, і зноў пачало паварочвацца, як агромністая вясёлка. Зноў затрымалася, і зноў праз хвіліну пачало свой фантастычны «танец». Цудоўнае відовішча працягвалася 10 хвілінаў. 50 тысяч чалавек бачылі яго, і калі яно знікла, заўважылі раптам, што за гэтыя 10 хвілінаў іхняе прамоклае наскрозь адзенне цалкам высахла.

У сваім пастырскім лісце біскуп Лейрыі сцвердзіў у 1930 годзе: «Сведкамі гэтае з’явы, якая не была зафіксавана ніводнаю астранамічнаю лабараторыяй, бо не з’яўлялася прыроднаю з’яваю, былі людзі з розных асяродкаў і класаў, вернікі і атэісты, журналісты галоўных партугальскіх выданняў, а таксама людзі з аддаленых мясцінаў. Усё гэта выключае магчымасць агульнай галюцынацыі».

У часе сваіх аб’яўленняў у Фаціме Маці Божая сказала свету вельмі шмат. Маці папярэджвала сваіх дзяцей, асцерагала, навучала... А танец сонца прадэманстраваў людзям, што па волі Божай могуць дзеяцца самыя незвычайныя, цудоўныя, нязвыклай красы з’явы. Свет можа быць надзвычай прыгожым, ён можа свяціцца ўсімі колерамі вясёлкі, быць радасным і шчаслівым. Наш свет цалкам знаходзіцца ў руках Бога, які здольны сваёй моцай, дабрынёй і любоўю чыніць для яго цудоўныя рэчы. Толькі людзям дзеля гэтага трэба навярнуцца да Бога...

Паводле кнігі «Фацімская таямніца».

Надрукавана ў часопісе «Ave Maria», № 10 (36), 1997

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла