Гісторыя ружанцовай малітвы

1350 г. – св. Брыгіта, якая жыла каля 1303–1373 гг., вучыць сваіх сясцёр чытаць першую частку «Анёльскага прывітання» для ўшанавання легендарных 63 гадоў жыцця Марыі. Тагачасная канструкцыя малітоўнай нізкі невядомая.

1409 г. – заснаванне Ружанцовага брацтва ў Дзюсельдорфе. У другой палове ХV ст. кёльнскаму картузіанцу Генрыху фон Калькару прыпісваецца раздзяленне 10 «Вітай, Марыя» малітваю «Ойча наш».

1470 г. – дамініканін Алянус дэ Рупэ (1428-1475), паслухмяны голасу Божаму, засноўвае першае Ружанцовае брацтва ў Дуа (Францыя).

1475 г. – заснаванне ў Кёльне першага рэфармаванага Ружанцовага брацтва, якое падтрымліваў паўнамоцтвамі і абавязацельствамі дамініканскі прыёр Якуб Спрэнгер.

1495 г. – Папа Аляксандр адорвае ўсіх членаў Ружанцовага брацтва прывілеем карыстацца духоўным багаццем усяго Касцёла.

1571 г. – Папа Пій V прыпісвае перамогу над туркамі ў марской бітве каля Лепанто ружанцовай малітве. Усім, хто наведае касцёл Маці Божай Ружанцовай, даецца поўны адпуст.

1575 г. – Папа Грыгорый ХІІІ адорвае прывілеем адзначаць ружанцовае свята ўсе касцёлы, якія маюць ружанцовы алтар.

1575 г. – самы старажытны ружанцовы рукапісны помнік у Польшчы «Кніга Ружанцовага брацтва з Львова».

1604 г. – Абрагам Бжазоўскі засноўвае Ружанцовае брацтва пры кляштары св. Яцка ў Варшаве.

1656 г. – Папа Аляксандр VІІ пацвярджае сваім аўтарытэтам заснаванне Вечнага Ружанца за канаючых і памерлых.

1826 г. – Паўліна Марыя Жарыко засноўвае ў Францыі Таварыства жывога Ружанца з мэтаю абароны і адраджэння веры ў грамадстве.

1876 г. – заснаванне Брацтва святога Ружанца ў Валь-ды-Пампеі, якое становіцца адным з найбольшых санктуарыяў Маці Божай Ружанцовай у Еўропе. Папа Леў ХІІІ заахвочвае католікаў станавіцца членамі гэтага Брацтва.

1883 г. – Папа Леў ХІІІ абвяшчае кастрычнік месяцам асаблівай ружанцовай малітвы. Ён уводзіць таксама ў Ларэтанскую літанію зварот «Каралева Ружанца святога».

1917 г. – аб’яўленні Маці Божай Ружанцовай у Фаціме, якія выклікалі вельмі вялікае ажыўленне гэтай формы малітвы.

1922–1963 гг. – Папы гэтых Пантыфікатаў вельмі дакладна акрэсліваюць каштоўнасць і значэнне ружанцовай малітвы ў сваіх дакументах. Пій ХІ і Пій ХІІ у энцыкліках падкрэсліваюць значэнне ружанцовай малітвы. Ян ХХІІІ абвяшчае дзве энцыклікі адносна Ружанца, сам ён таксама піша ружанцовыя разважанні.

1947 г. – заснаванне францішканінам а. Пятром Паўлічкам у Вене малітоўнай супольнасці «Ружанец дарогі пакаяння і малітвы аб супакоі ў свеце». Цяпер гэта супольнасць налічвае звыш 2 млн чалавек у 105 краінах.

1963–1975 гг. – Папа Павел VІ у розных прамовах і дакументах заахвочвае чытаць і развіваць ружанцовую малітву. Асабліва рэкамендуе маліцца на ружанцы ў сем’ях.

Апрацаваў а. Люцыян Пузань ОР.
Пераклад з польскай мовы Іны Ламакi.

«Różaniec» № 1 (520), 1995 г.

 

Надрукавана ў часопісе «Ave Maria» № 9-10(88-89)2002;

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла