Радасныя і пераможныя крокі:

кастрычніцкі нумар «Ave Maria»

Як слушна заўважана ў адным з артыкулаў кастрычніцкага нумара часопіса «Ave Maria», «гэты Год малітвы ў нашым Касцёле запішацца ў яго гісторыі і як год кардынала Свёнтка — чалавека малітвы і ахвярнага пастыра». Таму 100-годдзе з дня нараджэння кардынала — добрая нагода прысвяціць яго выключнай асобе шмат цікавых старонак нашага часопіса. У публікацыях пад назваю «Ecce homo» чытачам прапануецца згадаць светлы вобраз Казіміра Свёнтка разам з тымі людзьмі, якія яго добра ведалі. Словы святога Яна Паўла ІІ, успаміны папы Бэнэдыкта XVI, мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча, шматлікіх святароў і свецкіх вернікаў, прыведзеныя ў гэтых публікацыях, абуджаюць у памяці незабыўны, ужо нават легендарны вобраз Яго Эмінэнцыі і запрашаюць задумацца пра тое, як мы можам выкарыстаць і ўзбагаціць тую духоўную спадчыну, якую ён нам пакінуў.

А пра тое, што гэтая спадчына выкарыстоўваецца ўмела і развіваецца з клопатам, сведчаць іншыя матэрыялы часопіса: артыкул «Уражанне на ўсё жыццё», у якім біскуп Юрый Касабуцкі дзеліцца ўспамінам пра сустрэчу папы Францішка з біскупамі ўсяго свету, што атрымалі сакру на працягу апошняга года (і вельмі ўсцешна, што ў гэтай сустрэчы прынялі ўдзел тры новыя біскупы з Беларусі); публікацыя «Асяродак любові, малітвы і працы», у якой распавядаецца пра адкрыццё новага салезіянскага араторыя ў Мінску, а таксама артыкул а. Юрыя Кулая OCD «Мядзельская Кальварыя», з якога чытачы дазнаюцца пра гісторыю ўзнікнення і нядаўняга аднаўлення Крыжовага шляху на ўскраіне Мядзела. Знакавым здаецца тое, што ўсе гэтыя публікацыі сабраныя ў нумары, шматлікія старонкі якога прысвечаны 100-годдзю з дня нараджэння кардынала — складваецца ўражанне, нібы Яго Эмінэнцыя з нябёсаў благаслаўляе Касцёл у Беларусі на такія радасныя, пераможныя крокі.

«Молімся да Беззаганнай Панны Марыі як Пасрэдніцы ўсіх ласкаў» — так называецца чарговы артыкул кс. Андрэя Рылкі ў рубрыцы «Святар адказвае на пытанне». «Ці ёсць мяжа паміж культам Бога і культам Марыі»? «Ці можна Яе называць Пасрэдніцай усіх ласкаў»? Многіх вернікаў непакояць гэтыя пытанні. Грунтуючыся на дакументах, аўтар пераканальна разважае пра пасрэдніцкую ролю Марыі ў жыцці Касцёла.

Кранае душу і натхняе сэрца да новых малітваў сведчанне чытачкі Тэрэзы пад назваю «Цуд аздараўлення». Гэты артыкул — шчыры аповед пра выпрабаванне веры, пра досвед поўнага спадзявання на Бога ва ўсіх жыццёвых цяжкасцях. Таму ён не пакіне абыякавым ніводнага чытача.

Будзем рады, калі многія іншыя артыкулы, а таксама «Малітвы св. Францішка Асізскага», змешчаныя ў часопісе, дапамогуць кожнаму чытачу наблізіцца да Бога.

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней