Незалежна ад часу:

лістападаўскі нумар «Ave Maria»

У пошуках матэрыялаў на нейкую тэму часта даводзіцца звяртацца да ўсяго архіву часопісаў «Ave Maria». І амаль кожны раз гэты зварот зацягвае нашмат глыбей, чым планавалася, далёка за межы выбранае тэмы. А ўсё гэта таму, што позірк раз-пораз спыняецца на той ці іншай цікавай тэме, вока чапляецца за пэўную праблемную назву — і зноў хочацца перачытаць напісанае раней, якое і праз гады здаецца актуальным, глыбокім, патрэбным... Так незаўважна пралятае паўгадзіны, гадзіна, пакуль не схамянешся і не ўспомніш, па якой прычыне гартаўся архіў, што збіраецца ўжо 20 гадоў...

20 гадоў! І ніводзін часопіс не здаецца састарэлым, неактуальным. Гэта не дзіўна: на старонках кожнага нумара вядзецца гутарка пра рэчы, што цікавяць чалавека незалежна ад часу, у якім ён жыве...

Вось і новы, юбілейны нумар, прапануе паразважаць пра тое, аб чым мы часта забываемся ў віры штодзённых клопатаў. Так, сам лістапад з яго сумным выміраннем усяго квітнеючага і яркага ў наваколлі нібы нагадвае нам: memento mori! А на старонках «Ave Maria» тым часам разгортваецца гутарка пра тое, як мы можам дапамагчы душам памерлых блізкіх — у прыватнасці, з артыкула «Апостальства дапамогі душам чыстцовым: для каго і дзеля чаго?» мы даведваемся, навошта патрэбна малітва за памерлых, што гэтая духоўная практыка дае нам асабіста і як можна далучыцца да малітоўнага руху свецкіх АДДЧ. А пра тое, наколькі цяжкія пакуты грэшнікаў у чыстцы, ідзе гутарка ў матэрыяле «Візія чыстца ў аб’яўленнях святых».

«На жаль, вера ў многіх з нас апаганеная. Аб гэтым сведчаць паводзіны людзей на пахаваннях», — заўважае кс. Дзяніс Шастаковіч MSF у артыкуле «Баяцца граху, а не смерці», дзе перасцерагае нас, хрысціянаў, ад шматлікіх забабонаў, звязаных не толькі з пахаваннямі, але і з нашымі паводзінамі на могілках, з нашымі адносінамі да душаў памерлых.

Відаць, балючаю для вернікаў аказалася тэма колькасці дзяцей у каталіцкіх сем’ях. Пра гэта сведчаць старонкі рубрыкі «Вяртаючыся да надрукаванага», дзе апублікаваны ліст Алены Шымак «Адказ Рэбецы, якая чакае трэцяе дзіця».

А яшчэ для многіх нечаканаю будзе навіна пра выданне незвычайнай кнігі «Чары Палесся: дакументальныя фільмы (1968–1986 гг.) ксяндза Казіміра Свёнтка» («Pro Christo», 2014), пра якую распавядаецца ў амаль аднайменным артыкуле Юліі Шэдзько.

Верыцца, што лістападаўскі нумар з гэтымі і многімі іншымі цікавымі матэрыяламі стане яшчэ адной каштоўнай пярлінкаю ў шматгадовай падшыўцы «Ave Maria» і будзе дапамагаць усім знайсці адказы на пытанні нашага часу, і не толькі...

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла