«Вось жаніх! Выходзьце яму насустрач»

Трыцаць другая звычайная нядзеля, год А (9.11.2014)

«Езус рассказаў сваім вучням такую прыпавесць: “Валадарства Нябеснае будзе падобнае да дзесяці паннаў, якія, узяўшы свае светачы, выйшлі насустрач жаніху. Пяць з іх былі неразумныя, а пяць — мудрыя. Неразумныя, узяўшы свае светачы, не ўзялі з сабою алею. Мудрыя ж разам са светачамі сваімі ўзялі алей у пасудзіны. Калі жаніх спазняўся, то задрамалі ўсе і паснулі. А сярод ночы ўзняўся крык: «Вось жаніх! Выходзьце яму насустрач». Тады ўсталі ўсе панны гэтыя і прывялі ў парадак свае светачы. Неразумныя ж сказалі мудрым: «Дайце нам вашага алею, бо нашыя светачы гаснуць». А мудрыя адказалі: «Каб хапіла і вам, і нам, пайдзіце лепш да тых, хто прадае, і купіце сабе». Калі ж яны пайшлі купляць, прыйшоў жаніх, і тыя, што былі падрыхтаваныя, увайшлі з ім на вяселле, і зачыніліся дзверы. Пасля прыйшлі і астатнія панны ды кажуць: «Пане, пане, адчыні нам». А ён адказаў ім: «Сапраўды кажу вам: не ведаю вас». Таму чувайце, бо не ведаеце ні дня, ні гадзіны”» (Мц 25, 1–13).

«Вось жаніх! Выходзьце яму насустрач»

«Божа, шукаю я, Божа, шукаю я! Шукаю я Цябе, мой Божа», — спяваецца ў пілігрымскай песні. Мы спяваем і ідзём, шукаем Бога ў дарозе. Панны з нядзельнага евангельскага ўрыўка выходзяць насустрач жаніху. Чакаючы некага вельмі моцна, так, што немагчыма сядзець на месцы, мы выходзім насустрач, каб хутчэй сустрэцца. Любоў кліча нас у дарогу. Але можа здарыцца так, што прыйдзецца пачакаць сустрэчы з дарагім чалавекам. Жаніх з Евангелля недзе затрымліваецца, і ўсе стомленыя засынаюць. Але раптам ён з’яўляецца, трэба яго сустрэць. Толькі вось у паловы з тых, хто выйшаў насустрач, светачы вось-вось згаснуць. Мудрыя панны глядзелі на крок уперад, паклапаціўшыся пра запас алею. У патрэбны час яны былі гатовыя сустрэць жаніха.

Ці хапае мне мудрасці? Ці гатовы я сёння сустрэцца з Хрыстом, калі Ён прыйдзе цяпер? Можна быць задаволенымі сваёй верай, сваёй малітвай. Але ці не «гарыць» гэтая вера толькі цяпер, пакуль ёсць алей у светачы? Добра маліцца падчас адпаведных сустрэчаў, верыць ў асяроддзі аднадумцаў. Ці хопіць нам веры і запалу ў малітве, калі трэба будзе стаць сярод тых, на каго не абаперціся, сярод тых, хто стане выпрабоўваць стойкасць нашай веры? Ці будзе ў нас адкуль зачарпнуць алею, каб падтрымаць наш агонь?

Мы атрымліваем веру як дар і заданне. За дар можна толькі падзякаваць,  заданне даецца, каб яго выканаць. Мы павінны ўзрастаць у веры, павінны мець яе столькі, каб не проста ўтульна адчуваць сябе, але і дзяліцца ёю з іншымі. Менавіта ў гэтым сакрэт узрастання веры: чым больш дзелішся ёю з іншымі, тым больш маеш для сябе. Варта ўжо цяпер пачаць назапашваць веру, каб яе хапіла да прыйсця Жаніха.

Айцец Павел Мажэйка ОР



 
© 2017 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла