З Божай Міласэрнасцю ў душы

У сярэдзіне снежня, падчас падрыхтоўкі да свята Божага Нараджэння, у Віцебску адбылася прэзентацыя беларускамоўнага выдання «Дзённіка» святой сястры Фаўстыны Кавальскай ZMBM. Густоўна аформленая 1022-старонкавая  кніга пабачыла свет у выдавецтве «Про Хрысто». Дзённікавыя запісы слыннай святой, адной з самых вядомых містычак, як гаворыцца ў прадмове да выдання арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча, нагадваюць нам «пра вечную праўду аб бязмежнай Божай Міласэрнасці» і актуалізуюць яе. Сімвалічна, што прэзентацыя ў Віцебску праходзіла менавіта ў касцёле Езуса Міласэрнага.

Пра тое, як з’явілася задума перакладу, пра акалічнасці працы над ім, распавяла яго аўтарка, рэдактарка часопісаў «Наша вера» і «Ave Maria» Крыстына Лялько, вядомая віцябчанам і як таленавітая пісьменніца, пра што сведчыла дэкламаванне чытачамі яе вершаў з паэтычнай кнігі  «На далонях любові» і чарга з ахвотных займець аўтограф на памяць.

Дзе ўзнёсла, дзе апелюючы да тонкіх струнаў душы, часам з прыцягненнем фактаў з уласнага  досведу, перакладчыца крок за крокам набліжала слухачоў да спасціжэння глыбіняў духоўнага жыцця сястры Фаўстыны і яе працы над сабою на шляху да духоўнай дасканаласці. Зразумела, што такая пераканаўчасць у падачы матэрыялу, уменне стварыць падчас імпрэзы атмасферу ўзаемаразумення  спрыялі мацаванню даверу і да галоўнага персанажа аповеду, і да самой апавядальніцы, якая ўсведамляючы ступень адказнасці за такую няпростую працу, адважылася за яе ўзяцца і выканала бліскуча, прафесійна, па-май­стэрску.

 

Прадстаўнічасці і важкасці сустрэчы надала прысутнасць на ёй пастыраў: дыяцэзіі — біскупа Алега Буткевіча, парафіі Езуса Міласэрнага — пробашча Адама Дынака. Іх уступнае і заключнае словы, зацікаўленасць у правядзенні і як мага лепшай арганізацыі імпрэзы зрабілі яе яркаю і запамінальнаю.

Францішак Дубраўскі.
Фота Віталія Царыка.

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла