«Слова сталася целам і пасялілася між намі»

Другая нядзеля пасля Нараджэння Пана (4.01.2015)

«На пачатку было Слова, і Слова было ў Бога, і Богам было Слова. Яно было ў Бога на пачатку.

Усё праз Яго сталася, і без Яго нічога не сталася з таго, што сталася. У Ім было жыццё, і жыццё было святлом людзей. А святло свеціць у цемры, і цемра не агарнула яго.

З’явіўся чалавек, пасланы ад Бога; імя ягонае было Ян. Ён прыйшоў дзеля сведчання, каб засведчыць пра святло, каб усе паверылі праз яго. Не быў ён святлом, але быў пасланы даць сведчанне пра святло. Было святло праўдзівае, якое асвятляе кожнага чалавека, які прыходзіць на свет.

У свеце было Слова, і свет праз Яго стаўся, і свет не пазнаў Яго. Да свайго прыйшло, і свае Яго не прынялі.

А тым, хто прыняў Яго, дало ўладу стаць Божымі дзецьмі, тым, хто верыць у імя Ягонае, хто не ад крыві, і не ад жадання цела, і не ад жадання мужа, але ад Бога нарадзіўся.

Слова сталася целам і пасялілася між намі, і ўбачылі мы славу Ягоную, славу, якую мае ад Айца Адзінародны, поўны ласкі і праўды.

Ян сведчыць пра Яго і ўсклікае, кажучы: “Гэта быў той, пра каго я сказаў: за мною ідзе той, які апярэдзіў мяне, таму што быў раней за мяне”. Бо з паўнаты Ягонай мы ўсе прынялі ласку замест ласкі. Бо Закон быў дадзены праз Майсея, а ласка і праўда сталіся праз Езуса Хрыста» (Ян 1, 1–18).

«Слова сталася целам і пасялілася між намі»

Мы перажываем час Божага нараджэння і разважаем над гэтай радаснай таямніцай. Сёння я хачу падзяліцца аповедам пра бамбукавае дрэва моса.

«Моса — гэта від бамбука, які расце ў Кітаі і на Далёкім Усходзе. Калі яго садзяць у зямлю, на працягу пяці гадоў зусім не бачна, што ён расце. Пасля нібы чароўнае, дрэва пачынае расці з неймавернай хуткасцю: дзве з паловаю стапы штодзённа, і за шэсць тыдняў вырастае на дзевяноста стопаў. Але гэта не чараўніцтва. Дрэва пачынае расці так хутка дзякучы моцным караням, якія развівае на працягу першых пяці гадоў падрыхтоўкі».

Стапа — гэта 0,288 метра, таму выходзіць, што за дзень бамбук вырастае на 70 сантыметраў, а за 6 тыдняў — на больш, чым 30 метраў. Я павінен прызнацца, што гэтая незвычайная з’ява прыроды вельмі мяне ўражвае. Гэтак жа таямнічы час скрытага жыцця Пана Езуса з Нараджэння і да пачатку Яго публічнай дзейнасці можна назваць часам запускання карэння Яго Чалавечнасці ў глыбіню Божай хвалы. Гэтая хвала неспадзявана аб’яўляецца нам праз 30 гадоў скрытага жыцця (так, як бамбук моса пачынае расці праз 5 гадоў бачнай неактыўнасці) — тады, калі адбываецца Яго хрост у Ярдане і Аб’яўленне ў Кане Галілейскай. Жыццё Пана Езуса, як і таямнічае развіццё бамбука моса, становіцца прыкладам для нашага жыцця, каб і мы маўкліва слухалі Слова і адаравалі Яго Цела, каб усё глыбей запускаць нашыя духоўныя карані ў Божую любоў і Божую мудрасць — а гэта значыць у Божую хвалу, каб са шчодрага дару Божага Нараджэння мы квітнелі і станавіліся дарам для нашых бліжніх.

Падрыхтаваў айцец Раман Шульц OP на падставе кнігі «Sto opowiadan», Brian Cavanaugh TOR.

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла