Паштоўка з прызнаннем

Свята Хросту Пана (11.01.2015)

«Ян Хрысціцель прапаведаваў, кажучы: “Ідзе за мною Мацнейшы за мяне, якому я няварты, нахіліўшыся, развязаць раменьчык на Яго сандалях. Я хрысціў вас вадою, а Ён будзе хрысціць вас Духам Святым”.

І сталася ў тыя дні: прыйшоў Езус з Назарэта, што ў Галілеі, і быў ахрышчаны Янам у Ярдане. І адразу, калі выходзіў з вады, убачыў нябёсы раскрытыя і Духа, што як голуб, сыходзіў на Яго. І быў голас з нябёсаў: “Ты Сын Мой умілаваны, Цябе ўпадабаў Я”» (Мк 1, 7–11).

Паштоўка з прызнаннем

Калісьці я чытаў успаміны Людвіка Хіршфельда, вядомага навукоўца, даследніка групаў крыві. У 1939 годзе ён павінен быў ехаць на навуковы кангрэс у Нью-Ёрк, але даведаўся, што магчыма пачнецца вайна, і не пажадаў пакідаць Радзіму і дом. Вайна сапраўды пачалася, а ён атрымаў паштоўку з сакратарыята кангрэса з кароткім сказам: «Вашым сябрам і прыхільнікам Вас бракавала».

Падчас вайны ён, як габрэй, трапіў у гета, і калі яго ўсяляк спрабавалі пазбавіць чалавечай годнасці, менавіта гэтая паштоўка дадавала яму моцы. Яна нагадвала, што дзесьці далёка існуе нармальны свет, і там жывуць людзі, якія шануюць яго, любяць і сумуюць па ім. Гэтае ўсведамленне не раз ратавала яму жыццё.

Сёння, узгадваючы Хрост Пана, мы чуем словы: «Ты Сын Мой умілаваны, Цябе ўпадабаў Я». Гэтыя словы, скіраваныя да Хрыста, скіраваныя і да нас. Бо менавіта для нас Бог стаў чалавекам, для нас Ён памёр і ўваскрос. Усё жыццё Езуса Хрыста — гэта адно вялікае прызнанне ў любові, якое адрасуе нам Бог. Для нас Хрыстус прымае хрост, каб паяднацца ў гэтым хросце з намі. І менавіта праз хрост мы можам пачуць, як Бог звяртаецца да нас: «Ты мой умілаваны сын, ты мая ўмілаваная дачка, цябе ўпадабаў Я». Бог вельмі канкрэтна, кожнаму з нас індывідуальна кажа пра сваю любоў…

Паштоўку, якая так падтрымлівала прафесара Хіршфельда ў цяжкія часы, напэўна даслала нейкая ветлівая сакратарка. Прызнанне ў любові, якое мы атрымліваем сёння, скіроўвае да нас сам Нябесны Айцец. Калі мы верым Яму, нашае жыццё зменіцца. Гэта будзе ўжо не жыццё нявольнікаў гэтага свету, а жыццё вольных дзяцей Божага Валадарства, вольных дзяцей Караля.

Айцец Крыштаф Коц’ян OP

 
© 2018 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла