«Адам, дзе ты?»

Пра другую з шасці кніг рэкалекцыйных разважанняў айца Юзафа Аўгустына SJ, якія абапіраюцца на «Духоўныя практыкаванні» св. Ігнацыя Лаёлы.

Па ініцыятыве айцоў езуітаў у выдавецтве «Pro Christo» яшчэ летам выйшла першая кніга з серыі рэкалекцыйных разважанняў айца Юзафа Аўгустына SJ «Исцеление от чувства обиды», напярэдадні Новага года пабачыла свет другая — «Адам, где ты?». Гэтую кнігу можна выкарыстоўваць для таго, каб перажыць закрытыя ігнацыянскія рэкалекцыі або як уводзіны ў штодзённую малітву. Разважанні айца Юзафа Аўгустына SJ грунтуюцца на «Духоўных практыкаваннях» святога Ігнацыя Лаёлы.

Кніга «Адам, где ты?» складаецца з дзвюх частак: першая — гэта ўводзіны у медытацыйную малітву, другая — рэкалекцыйныя разважанні. Як адна з перакладчыц гэтага тома хачу сказаць некалькі слоў пра тое, як я «перажыла» яго змест. Часам разважанні з першай часткі кнігі здаваліся мне крыху манатоннымі, часам складвалася ўражанне, што аўтар кажа адно і тое ж па некалькі разоў, толькі іншымі словамі… (так магло быць таксама з-за таго, што мне даводзілася перапісваць і перачытваць многае сапраўды па некалькі разоў). А вось другая частка кнігі на самым пачатку (разважанні пра пачуцці, страхі, сексуальнае выхаванне і інш.) выклікала ўва мне бунт і неспакой. Сёння, калі я трымаю кнігу ў руках, гэтыя дзіўныя пачуцці перараслі ў глыбокае асэнсаванне свайго жыцця як Божага дару і ў сапраўдную ўнутраную працу над прыняццем Божай міласэрнасці і любові. Раю гэтае выданне ўсім, хто шукае сябе і хоча зразумець сябе, усім, хто шукае Бога ў сабе... Часта мы шукаем Бога ў касцёле, у навакольным свеце, у іншых людзях, і гэта вельмі добра — Бог там ёсць. Але не заўсёды мы ўмеем знайсці Яго ў глыбіні ўласнага сэрца. Бывае, што мы робім выгляд, быццам Бога там няма, або лічым сябе нягоднымі прыбывання Бога ў нашым сэрцы. Гэта ілжывая сціпласць або праява занадта нізкай самаацэнкі. Кніга «Адам, где ты?» дапамагае паглядзець на сябе іншымі вачыма — вачыма любові. Аўтар не дае гатовых адказаў на пытанні, якія турбуюць чалавека, але ён паказвае шлях, як пазнаваць сябе, як адкрыць сваё сэрца на дзеянне Святога Духа, і урэшце – як убачыць Бога ў сабе і такім чынам стаць на шлях сапраўднай любові. Каб аддана любіць Бога і людзей, трэба навучыцца любіць сябе. А каб сябе палюбіць, трэба распазнаць і зразумець свае добрыя і дрэнныя бакі, і паступова ўдасканальвацца ў добрым і пазбаўляцца ад заганаў. У гэтым нам можа дапамагчы сакрамэнт пакаяння; менавіта разважанню пра гэты сакрамэнт прысвечана некалькі раздзелаў кнігі, і нездарма ў якасці эпіграфа да усяго выдання айцей Юзаф Аўгустын SJ выбраў верш Шарля Пегі:

                 «Пусть ваше испытание совести
                 Будет омовением, совершённым единожды.
                 А не влечением за собой грязи и нечистот.
                 Вчерашний день минул, сын Мой, думай о завтрашнем.
                 И о твоём спасении, которое ждёт в конце завтрашнего дня.
                 Потому что для «вчера» уже поздно.
                 Но не поздно для «завтра». <…>
                 Поменьше думайте о ваших грехах, когда их уже совершили.
                 И больше о них в минуту, когда совершаете их.
                 Перед их совершением.
                 Это полезнее», — говорит Бог.

«Адам, где ты?» — як компас у пошуках Бога… Шукаючы Бога, я пачынаю разумець, што гэта Ён першы выйшаў мне насустрач, гэта Ён мяне шукае, гэта Ён пытае мяне і кожнага чалавека: «дзе ты?»

Людміла Бурлевіч


 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла