Другая звычайная нядзеля, год В (18.01.2015)

«На другі дзень зноў стаяў Ян і двое з вучняў ягоных і, убачыўшы Езуса, які ішоў, сказаў: “Вось Баранак Божы”. І пачулі двое вучняў яго, што ён казаў, і пайшлі за Езусам. А Езус, абярнуўшыся і ўбачыўшы, што яны ідуць за Ім, кажа: “Чаго шукаеце?” Яны сказалі Яму: “Раббі (што азначае “настаўнік”), дзе жывеш?” Ён кажа ім: “Ідзіце і ўбачыце”. Яны пайшлі і ўбачылі, дзе Ён жыве, і засталіся ў Яго ў той дзень. Было каля дзясятай гадзіны.

Адным з двух, якія пачулі ад Яна пра Езуса і пайшлі за Ім, быў Андрэй, брат Сымона Пятра. Знайшоўшы спачатку брата свайго Сымона, сказаў яму: “Мы знайшлі Месію (гэта значыць Хрыста)”. І прывёў яго да Езуса. Езус, глянуўшы на яго, сказаў: “Ты Сымон, сын Яна; ты будзеш названы Кефас” (што азначае “Пётр”, “скала”)» (Ян 1, 35–42).

«Чаго шукаеце?»

Уся нашая вера мае свой канкрэтны напрамак. Мы верым у Асобу, Езуса Хрыста. Прыходзячы ў касцёл, часта можна пачуць, што Ён ёсць Богам, Ён ёсць нашым Збаўцам. Падобным чынам Ян Хрысціцель звяртае ўвагу сваіх вучняў на Езуса, які праходзіў міма. Вучні вераць яго словам і ідуць следам за Месіяй. Але раптам яны чуюць пытанне Езуса: «Чаго шукаеце?». У Евангеллі можна некалькі разоў прачытаць, як Настаўнік звяртаецца з рознымі пытаннямі да сваіх вучняў. Варта спрабаваць адказаць на іх так, нібы сам Езус чакае адказу ад нас. Чаго мы шукаем, калі, пачуўшы, што Езус — наш Збаўца, доўгачаканы Месія, вырушаем у дарогу па жыцці за Ім, за Яго словамі? Ці спадзяёмся мы знайсці сапраўдны супакой, падтрымку ў цяжкасцях, бесклапотнае лёгкае жыццё? Вучні на пытанне адказваюць пытаннем: «Раббі,— што ў перакладзе значыць Настаўнік,— дзе жывеш?» Уявіце сабе настаўніка, да якога прыходзяць вучыцца не таму, што ён можа навучыць, напрыклад, матэматыцы ці ангельскай мове, а таму, што вучыць менавіта ён, гэты настаўнік. Такім Настаўнікам і з’яўляецца Езус Хрыстус.

Чаго ж мы шукаем, ідучы за нашым Збаўцам? Каб адказаць, варта змяніць форму пытання: «Каго?»

Айцец Павел Мажэйка ОР

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней