«Касцёл павінен быць блізкі людзям...»

Інтэрв’ю KAI з дзяржсакратаром Апостальскай Сталіцы кардыналам П’етро Паралінам*

— Святы Айцец даверыў Вам заданне перакласці на мову дыпламатыі і дзейнасці Касцёла яго заклік аб будаванні культуры сустрэчы і «рэвалюцыі чуласці»...

— Гэта нялёгкае заданне, але магу сказаць, што я асабіста цалкам прымаю той кірунак, які даў Касцёлу папа Францішак, і, зразумела, як сакратар дзяржавы, а гэта значыць першы супрацоўнік Святога Айца, я імкнуся правесці гэтую лінію Папы і ў дзейнасці паўсюднага Касцёла, і ў Рымскай Курыі. Мне падабаецца гэты кірунак.

— Як можна правесці яго ў дзейнасці ватыканскай дыпламатыі?

— Гэта вельмі няпроста. Святы Айцец у апостальскай адгартацыі «Evangelii gaudium» выразна выказаўся пра неабходнасць рэформы касцёльных структураў, «каб яны ўсе сталі больш місійнымі» (гл. EG 27). Я лічу, што дыпламатыя па самой сваёй прыродзе з’яўляецца місійнаю, хоць і ў сваім стылі, які заключаецца ў тым, каб ісці людзям насустрач і пачынаць з імі дыялог.

Я лічу, што гэтая місійнасць павінна вызначацца тым, што Папа называе «блізкасць». Касцёл павінен быць блізкі людзям. Таму, выкарыстоўваючы ў гэтай справе такі сродак як чуласць, можна дасягнуць вялікіх поспехаў, бо людзі заўжды адказваюць, калі хтосьці імкнецца іх зразумець і прыняць, удзельнічаць у іх жыцці, а гэта значыць — быць ім сапраўдным братам або сястрою. Місійнасць павінна заключацца ў блізкасці.

Мы імкнемся ажыццяўляць гэта і ў папскай дыпламатыі. Зразумела, што тут гаворка ідзе хутчэй пра манеру паводзінаў кожнага супрацоўніка: нунцыяў, сакратароў нунцыятураў і г.д., а не пра нейкую спецыялізаваную структуру. Магчыма, трэба будзе падумаць і пра гэта, але цяпер пытанне стаіць больш пра дух, у якім трэба працаваць.

<...> Папа гаворыць пра «культуру сустрэчы», маючы на ўвазе не толькі набліжэнне да людзей, але і ўменне ўвайсці ў іх свет, спробу зразумець яго. Гаворка ідзе таксама пра тое, каб узяць на сябе цяжар вялікіх трагедый сучаснага свету. Святы Айцец бачыць неабходнасць салідарнасці, каб таксама звярнуць увагу на свет бедных людзей. Салідарнасць азначае менавіта здольнасць прыняць да сэрца становішча найслабейшых людзей у грамадстве.

Я лічу, што з гэтага пункту гледжання дыпламатыя мае вялікія магчымасці. Мы бачылі, як за мінулыя гады яна перайшла ад абароны інтарэсаў асобных дзяржаваў, сваёй традыцыйнай задачы, да агульначалавечых праблемаў. Напрыклад, цяпер мы вельмі часта гаворым пра ахову прыроднага асяродка чалавека, пра кліматычныя змены. Салідарнасць выяўляецца ў тым, каб з дапамогаю дыпламатычных сродкаў узнімаць і вырашаць вялікія праблемы чалавецтва, змагаючыся з беднасцю, імкнучыся да раззбраення і супакою ў свеце. Я лічу, што сёння дыпламатыя — гэта сфера, дзе добра можна карыстацца канцэпцыямі салідарнасці і ў гарызантальным вымярэнні, у адносінах да асобных людзей і народаў, якім патрэбная дапамога, і ў вертыкальным — у адносінах да будучых пакаленняў. 

— Без сумнення, паляпшэнню дзейнасці Касцёла на розных узроўнях павінна служыць рэформа Рымскай Курыі, распачатая папам Францішкам. Вы ўдзельнічаеце ў працы Рады кардыналаў, якая дапамагае Святому Айцу ў кіраванні Касцёлам. Як ён плануе змяніць Курыю як прыладу кіравання, у якім кірунку будзе праходзіць рэформа?

— Пытанне рэформы Рымскай Курыі вельмі далікатнае, бо гаворка ідзе пра «аперацыю» на жывым арганізме, і гэта патрабуе асаблівай уважлівасці. Я думаю, што задача перадусім заключаецца ў тым, каб зрабіць Курыю дзейснаю прыладаю, павысіць эфектыўнасць яе працы, наколькі гэта магчыма. Гэта павінна быць скаардынаваная структура, дзе ёсць агульная воля і агульная дзейнасць, якая служыць Папу і мясцовым Касцёлам. Святы Айцец вельмі ясна нагадвае пра гэта, кажучы, што Курыя павінна служыць біскупам і канферэнцыям біскупаў і памятаць пра місійную адкрытасць Касцёла. 

Першы вынік рэформы — гэта рэарганізацыя фінансавых структураў Ватыкана і стварэнне Сакратарыяту гаспадарчых справаў. Да гэтага прывяла незадаволенасць фінансавымі пытаннямі, што выявілася яшчэ падчас сустрэчы кардыналаў перад мінулым канклавам, і стварыла цяжкую атмасферу ў Касцёле. Я не прымаў удзел у гэтых пасяджэннях, але лічу, што адным з пытанняў, якое там абмяркоўвалася, было пытанне рэформы Курыі, каб напоўніць яе новым духам і зрабіць празрыстаю працу ўсіх яе інстытуцый. Пасля рашэнне аб рэформе прагучала з вуснаў Папы. Цяпер абмяркоўваюцца пытанні, звязаныя з дзейнасцю кангрэгацый, папскіх радаў і іншых органаў Рымскай Курыі.

Я заўважыў, што ў грамадстве выклікала здзіўленне тое, што рэформу не ўдалося правесці за некалькі месяцаў, як здавалася б. З’яўляюцца пытанні: чаму яна так доўга цягнецца, хто супраціўляецца рэформе? Я лічу, што ў асноўным усе згодныя, што рэформа Курыі патрэбная, і хацеў бы яшчэ раз падкрэсліць, што гэта дастаткова складаная справа. Трэба нагадаць, што праца па падрыхтоўцы канстытуцыі «Pastor bonus», якая выйшла ў 1988 годзе і стала пачаткам апошняй вялікай рэформы Курыі, ішла пяць гадоў. Таму не варта здзіўляцца, што цяпер на гэта патрэбна крыху больш часу, чым здавалася раней. Я лічу, што Папа хоча і далей ісці ў вызначаным кірунку.

— Якой будзе роля Сакратарыяту дзяржавы ў будучыні? Кажуць, што будзе створаны незалежны орган кіравання, «мадэратар» Курыі...

— Так, і далей ідзе размова пра мадэратара Курыі, хаця раней на гэтую тэму гаварылася больш. Я не думаю, каб у гэтай справе ўжо было прынятае канкрэтнае рашэнне. Асабіста я бачу тут пэўныя цяжкасці, паколькі ролю мадэратара ўжо выконвае Сакратарыят дзяржавы. Трэба памятаць, што Рымская Курыя вельмі адрозніваецца ад дыяцэзіяльных, і нельга аўтаматычна судзіць пра яе ў катэгорыях, уласцівых дыяцэзіяльным курыям. Канстытуцыя «Pastor bonus» пастанаўляе, што Сакратарыят дзяржавы павінен быць каардынацыйным цэнтрам усёй Курыі. Ці будзе гэтую ролю цяпер выконваць мадэратар Курыі? Я не ведаю, што сказаць. Несумненна, існаванне інстытуцыі або асобы, якая будзе каардынаваць дзейнасць Курыі, неабходнае.

— Цяпер таксама ідуць дыскусіі на тэму таго, ці не павінен Сакратарыят дзяржавы быць хутчэй Сакратарыятам Папы.

— У мяне склалася уражанне, што ў гэтым выпадку больш маецца на ўвазе наменклатурнае пытанне, хаця магчыма, што гаворка ідзе і пра больш душпастырскае вымярэнне яго працы. Сакратарыят дзяржавы выконвае больш палітычную функцыю. Аднак традыцыйна ён носіць менавіта такую назву, якая ўжо стала звыклаю для людзей. Асабіста я не маю нічога супраць таго, каб Сакратарыят дзяржавы называўся Папскім сакратарыятам. Значэнне мае роля, якую працягвае выконваць Сакратарыят дзяржавы, — заўжды быць першым супрацоўнікам Папы. Такім чынам, Сакратарыят дзяржавы фактычна з’яўляецца Папскім сакратарыятам, які дапамагае Святому Айцу штодня кіраваць паўсюдным Касцёлам. <...>

* Тэкст падаецца ў скарачэнні.

Пераклад з польскай мовы Юліі Шэдзько.
Паводле матэрыялаў Wiadomosci KAI ад 15.06.2014.

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла