«Ave Maria» — прытулак грэшнікаў:

 Лютаўска-сакавіцкі нумар часопіса

«Марыя — прытулак грэшнікаў» — дэвіз, пад якім у Каталіцкім Касцёле праходзіць Год навяртання, з’яўляецца вызначальным і ў стварэнні кожнага чарговага нумара часопіса «Ave Maria», што запрашае на свае старонкі тых, хто шукае шляхоў сустрэчы з Панам. Таму лютаўска-сакавіцкі нумар штомесячніка распачынаецца ўрыўкам з пастырскага паслання арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча на 2015 год «Навяртанне — шлях да жыцця з Богам», пасля чаго айцец Юрый Кулай OCD у артыкуле «Малітва ў адзіноце» распавядае чытачам пра тое, як знайсці адпаведны час і месца для малітвы, як гаварыць з Богам пра тое, што ўзрушае нашыя сэрцы, і затым перанесці плён і радасць малітвы ў сваё штодзённае жыццё.

Пра тое, якія шляхі мы выбіраем для служэння Богу і навяртання, усё чалавецтва нядаўна змусіў задумацца тэрарыстычны акт у рэдакцыі сатырычнай газеты «Charlie Hebdo». Увесь свет зноў загаварыў пра годнасць кожнай рэлігіі і дапушчальныя межы свабоды слова. Але як у шматгалосным абмеркаванні гэтай шумлівай падзеі знайсці зерне праўды? На старонках часопіса «Ave Maria» сваімі развагамі пра гэта дзеляцца Юлія Шэдзько ў артыкуле «Ніхто не смяецца з Бога» і Джонатан ван Марэн у публікацыі «Я захапляюся іх мужнасцю. Але я — не Шарлі Эбдо...».

Важным момантам у працэсе навяртання для кожнага верніка становіцца магчымасць адпусту. Нярэдка мы блытаем гэтае паняцце з адпушчэннем грахоў, якое можна атрымаць толькі ў сакрамэнце пакаяння. Акрамя таго, часам памылкова лічым, што можам ахвяраваць яго за іншага жывога чалавека. Пра многія тонкасці практыкі адпустаў, пра іх узнікненне і сутнасць распавядае кс. Андрэй Рылка ў рубрыцы «Святар адказвае на пытанне». У часопісе таксама падаецца пералік святыняў Беларусі, у якіх кожны вернік можа атрымаць адпуст у Год кансэкраванага жыцця.

І яшчэ крыху пра споведзь... Пад назваю «Я зрабіў нячысты ўчынак» на старонках часопіса публікуюцца разважанні а. Паўла Казацкага OP пра тое, як спавядацца з грахоў супраць 6-й запаведзі: «Споведзь з грахоў супраць шостай запаведзі ўжо абрасла байкамі. І пэнітэнты скардзяцца на святароў, якія ў канфесіянале заўзята дапытваюцца ў іх пра інтымнае жыццё, і спаведнікі апавядаюць анекдоты пра тое, як пэнітэнты любым спосабам імкнуцца схаваць сексуальныя грахі пад нявіннымі цьмянымі фразамі». Гэты артыкул, напэўна, дапаможа чытачам задумацца над тым, як яны будуюць вызнанне сваіх грахоў і як павінны рэагаваць на пытанні спаведніка адносна канкрэтнага грэшнага ўчынку.

Няхай гэтыя і іншыя матэрыялы лютаўска-сакавіцкага нумара «Ave Maria» дапамогуць кожнаму чытачу зрабіць новыя крокі на шляху да навяртання.

Рэд.

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла