Правіца Найвышэйшага

Шостая звычайная нядзеля, год В (15.02.2015)

«Вось прыйшоў да Яго пракажоны і, упаўшы на калені, прасіў Яго, кажучы: Калі хочаш, можаш мяне ачысціць. Злітаваўшыся над ім, Ён працягнуў руку, дакрануўся да яго і сказаў яму: Хачу, будзь ачышчаны! І адразу сышла з яго праказа, і ён стаў чысты. Езус сурова звярнуўся да Яго і зараз жа адправіў. І cказаў яму: Глядзі, нікому нічога не кажы, але ідзі, пакажыся святару і прынясі ахвяру за ачышчэнне сваё, як загадаў Майсей, на сведчанне ім. Але той, выйшаўшы, пачаў шмат абвяшчаць і расказваць пра здарэнне, так што Езус не мог ужо адкрыта ўвайсці ў горад, а заставаўся звонку, у пустынных мясцінах. І прыходзілі да Яго адусюль» (Мк 1, 40–45).

Правіца Найвышэйшага

У сённяшнім евангельскім урыўку мы чытаем пра аздараўленне пракажонага. Гэта чалавек вялікай веры і рашучасці. Сапраўды, атрымліваецца, што яму няма чаго губляць, адзіная яго надзея — Езус. Таму ён не баіцца парушыць закон: пракажоныя не мелі права набліжацца да людзей, бо гэта пагражала эпідэміяй. А ён пайшоў да Езуса, цалкам Яму давяраючы, упэўнены, што Той можа яго аздаравіць. 

Езус таксама робіць незвычайны ўчынак. Ён выцягвае руку і дакранаецца да хворага. Паводле закону той, хто дакрануўся да нячыстага, сам становіцца нячыстым. Дакрануўшыся да пракажонага, можна і самому захварэць праказаю. Але Езус — гэта крыніца аздараўлення. Езус — крыніца чысціні, таму, дакрануўшыся да хворага, Ён аздаравіў яго. Але ў евангельскім апісанні ёсць нешта незразумелае — гэта суровасць. Езус звяртаецца да аздароўленага сурова! У некаторых старажытных манускрыптах ёсць словы пра гнеў нават у момант аздараўлення: Езус працягнуў руку з гневам. Вам гэта нагадвае што-небудзь? Ці ж гэта не падобна на выцягнутую правіцу Найвышэйшага, які вызваляе свой народ з няволі і збаўляе Яго. Само імя «Езус» азначае «Бог збаўляе». Гэтая евангельская сцэна паказвае нам не толькі пракажонага, які меў моцную веру і жадаў атрымаць аздараўленне. Гэтая сцэна паказвае, хто такі Настаўнік з Назарэта. Ён — Божае збаўленне. Таму гісторыя, якую распавядае Евангеліст, тычыцца не толькі хворага. Гэта не яго асабістая справа, гэта Гісторыя Збаўлення ў касмічным вымярэнні (як, зрэшты, і жыццё кожнага з нас, калі мы атрымліваем Божую ласку).

Хто ведае, можа Езус таму так строга наказвае пракажонаму пайсці ў святыню паказацца святару? Святар у святыні Божай павінен ведаць пра аздараўленне і зразумець, што менавіта Бог выцягнуў сваю правіцу і збаўляе свой народ. Можа, гэта для таго, каб ён зразумеў, што Езус — збаўленне, пасланае Богам…

І магчыма таму, што аздароўлены не паслухаўся Хрыста і зрабіў так, як сам хацеў, нейкім чынам пакінуў для аднаго сябе тое, што адбылося, у мяне ўзнікае ўражанне, што не здарыліся вялікія рэчы. Магчыма, у змроку святыні сядзеў той, каго Езус хацеў вывесці на святло.

Айцец Крыштаф Коц’ян OP

 
© 2018 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла