Прынесці Богу ўвесь цяжар, які перашкаджае нам

Калі Бог за нас, хто супраць нас?
Той, які Сына свайго не пашкадаваў,
але аддаў Яго за ўсіх нас,
як жа не дасць нам разам з Ім таксама ўсяго?
                                                         Рым 8, 31–32

Няцяжка прызнаць, што мы ў сваім штодзённым жыцці маем патрэбу ў Божай дапамозе. Толькі самыя ганарлівыя і неразумныя лічаць, што яны сапраўды самадастатковыя. Так, нам патрэбны Бог. Так, мы можам звяртацца да Бога і прасіць усё, што нам неабходна, — дапамогі, суцяшэння ці кіраўніцтва.

Але на самай справе зрабіць такі крок да Бога можа быць вельмі цяжка. Шмат перашкодаў можа стаяць на гэтым шляху.

Боль. Часам нам бывае так балюча, што мы не можам варухнуцца. Мы спаралізаваныя, здранцвелыя, амаль непрытомныя. У такім стане мы нічога не робім, і проста застаёмся сам-насам з нашымі глыбокімі пакутамі.

Сорам. Мы не можам ісці да Бога і хлусіць адначасова. Гэты духоўны працэс патрабуе, каб мы смела глядзелі ў твар цяжкасцям, сваім недахопам, няўдачам і грахам. Сорам за ўсё гэта стрымлівае нас.

Злосць. Няма нічога страшнага ў тым, каб прыйсці да Бога злосным, але многія з нас гэтага не разумеюць. Мы можам быць глыбока расчараваныя ў Богу, таму што Ён не выратаваў нас з нейкага цяжкага становішча, дазволіў нам цярпець няўдачы, не даў нам таго, што мы хацелі, і гэты гнеў (злосць) стрымлівае любыя крокі ў напрамку да Бога.

Страх. Мы можам баяцца пакарання. Магчыма, мы асцерагаемся незадаволенасці Бога. Магчыма, баімся, што Бог не будзе дзейнічаць так, як мы хацелі б. І, магчыма, баімся, што, прыйшоўшы да Бога, мы павінны будзем у пэўным сэнсе змяніцца.

Як пераадолець гэтыя перашкоды? Як нам прыйсці да Бога, калі боль, сорам, гнеў або страх стрымліваюць нас на гэтым шляху?

Памятайце адзін просты факт: Бог за нас, а не супраць нас. Бог чакае нас, імкнецца дапамагчы ў нашым болю, сораме, гневе або страху. Галоўнае — зрабіць крок наперад і прынесці Богу ўвесь цяжар, які перашкаджае нам.


З разважанняў Вініты Хэмптан Райт, аўтара кнігі «Дні ўмацавання сяброўства».
Пераклад з англійскай мовы Эльвіры Палінеўскай.
Паводле: http://www.loyolapress.com

 

 

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла