Зло любіць добрыя пастановы

Механізм дзеяння зла — заахвоціць чалавека да добрых пастановаў і схіліць яго адкласці іх выкананне на заўтра. Хто не зверне на гэта ўвагі, можа загубіць усё сваё жыццё.

Пасля трагічнага здарэння выжыла толькі яна. Трое іншых пасажыраў загінулі. Гэта быў страшны выпадак. Яна ўбачыла ў ім заклік змяніць сваё жыццё. Падышла да канфесіянала. Прыняла пастанову выправіцца з маленькаю агаворкаю: змяніць атачэнне і стыль жыцця праз тыдзень, каб з яе не смяяліся, што ад страху яна стала лепшаю. Сама таго не ведаючы, яна праглынула прынаду, надзвычай спрытна надзетую на кручок. Прайшло амаль пятнаццаць гадоў, перш чым яна ўсвядоміла сваю памылку і падступства зманлівага зла.

Злы дух вельмі любіць, калі людзі робяць добрыя пастановы, затое не любіць, калі яны іх выконваюць. Таму яго метад заключаецца ў тым, каб схіліць чалавека адкласці рэалізацыю пастановы на заўтра.

Заўтра я стану лепшым! Той, хто так акрэслівае пастанову выправіцца, падманвае самога сябе. Яму здаецца, што ён добры. Ён хоча быць добрым. Ён ужо заўтра будзе добрым. Але гэтае заўтра… можа наступаць гадамі! Перамагае зло. Бо сёння чалавек яшчэ ў яго руках, а гэта вельмі важна.

Як жа часта п’яніца, усведамляючы сваю залежнасць ад алкаголю, прымае пастанову, што з заўтрашняга дня перастане піць! Бываюць такія, хто цэлымі гадамі развітваецца з бутэлькаю, а смерць заспявае іх з чаркаю ў руцэ… Такі самы механізм можна назіраць у пастанове парваць адносіны з неадпаведным чалавекам ці з маральна сапсаваным асяроддзем. Такія пастановы сведчаць пра падсвядомае жаданне быць лепшым, але не змяняюць цяжкай рэчаіснасці.

Пан Бог размаўляе з чалавекам сёння і патрабуе неадкладнага адказу з яго боку. Ён падае руку і чакае… Хто адразу ж не працягне сваёй рукі, але адкажа: «Я зраблю гэта заўтра», той не навяртаецца, застаецца адзін у сваім ранейшым свеце. Таму для Пана Бога важныя не нашыя добрыя пастановы, а іх выкананне. Для Яго важны неадкладны адказ, учынак. Навяртанне пачынаецца з першых крокаў у бок сапраўдных каштоўнасцяў. Яно адбываецца адразу ж.

Пра гэта сведчыць таксама ўчынак Андрэя і Пятра, якія на заклік Хрыста: «Ідзіце за Мной, і Я зраблю вас рыбакамі людзей» (Мк 1, 17) — адразу ж пакінулі сеткі і пайшлі за Ім. «Адразу» — вось адказ чалавека на заклік Бога. Пастанова пайсці па шляху Евангелля не можа быць адкладзеная на заўтра, бо ў такім выпадку гэта не пастанова, а толькі пабожнае жаданне.

Мудрая прыказка кажа: «Добрымі намерамі выбрукаваная дарога ў пекла». А неба выбрукаванае добрымі ўчынкамі.

Гэты механізм адкладвання пастановаў на заўтра — састаўная частка такой небяспечнай заганы, як лянота. Лянівы не ведае вартасці часу і не ўмее выкарыстоўваць актуальнай ласкі, якая дзейнічае ў канкрэтны момант і, калі не будзе выкарыстаная, страціцца. Лянівы адкладвае на заўтра тое, што павінен зрабіць сёння.

Трэба добра ведаць механізм дзеяння зла: заахвоціць чалавека да добрых пастановаў і схіліць яго адкласці іх выкананне на заўтра. Хто не зверне на гэта ўвагі, можа загубіць усё сваё жыццё. Варта таксама заўважыць, як часта гэты механізм выяўляецца ў грамадскім жыцці, разбураючы найлепшыя планы. Калі хтосьці ўдзельнічае ў пасяджэннях, з лёгкасцю можа назіраць, як спрытныя слугі зла пад рознымі прычынамі адкладваюць важныя справы на заўтра, толькі б не перайсці ад планавання да рэалізацыі.


Кс. Эдвард Станек
Пераклад з польскай мовы Ганны Шаўчэнка

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла