У той час і цяпер

Разважанні Крыжовага шляху.

Чарговыя разважанні Крыжовага шляху, якія мы прапануем на нашай старонцы, паходзяць з кнігі кс. Яна Твардоўскага «Weź swój krzyż: Wybór rozważań» (Wydawnictwo «Bernardinum», 2008), якая рыхтуецца да выдання на беларускай мове ў выдавецтве «Pro Christo».


Некалькі думак перад Крыжовым шляхам

«…Карысней вам, каб адзін чалавек
памёр за людзей, а не каб увесь народ загінуў!»
                                                (Ян 11, 50)
    

Калі Каяфа казаў, што лепш, каб загінуў Езус, а не ўвесь народ, ён вынес смяротны прысуд Езусу, перш чым гэта зрабіў Пілат. Трэба казаць: «Замучаны пры першасвятары Каяфе». Сапраўды, Крыжовы шлях павінен распачынацца з суда Каяфы.

Што нас палохае больш, чым Пілат, Каяфа і ўсе рымляне разам узятыя?

Пасіўнасць людзей справядлівых у Святой Зямлі.

Чаму ніхто ў Радзе не выказаўся ў абарону Езуса?

Звычайна былі дыскусіі па справе асуджаных. У коле фарысеяў і святароў быў Юзаф з Арыматэі, Нікадэм, людзі, блізкія Езусу. Было таксама ўсё грамадства, якое чувала за вокнамі Рады і магло крычаць, дапамагаць Езусу. Быў вылечаны сляпы ад нараджэння, быў адзін і другі невідушчы, быў удзячны пракажоны, які цяпер яшчэ раз мог аддзячыць Езусу.

Тымчасам ніхто не выказаўся ў абарону Езуса.

Хтосьці ж мог устаць і сказаць:
— Я вельмі перапрашаю! Каяфа сказаў, што лепей, каб Езус памёр, чым быў бы знішчаны ўвесь народ. Чаму?! Езус жа аздараўляе глуханямых, невідушчых, пракажоных. Няхай Ён жыве! Ён вылечыць нашых хворых. Не будзе ўжо столькі пракажоных. Наш народ стане моцны, здаровы, дужы, і рымляне пачнуць з намі лічыцца. Толькі Езус можа выратаваць габрэйскі народ!

Хтосьці мог бы ўстаць і сказаць:
— У нас жа ёсць Святое Пісанне, незвычайныя Божыя кнігі, у якіх увесь час гаворыцца, што адзін чалавек ратаваў увесь народ. Напрыклад, Ной будаваў каўчэг у найцяжэйшых умовах — не на беразе ракі, а на схіле гары. Можна было лічыць яго вар’ятам і пытаць, чаго ён хоча. Рака даволі плыткая, дажджу яшчэ няма, а ён будуе такі вялікі карабель! Яго маглі забіць як вар’ята. Тымчасам ён будаваў каўчэг, які выратаваў чалавецтва. Адзін ратуе чалавецтва ад патопу!

— Юзаф, праданы братамі ў Егіпет, выратаваў увесь габрэйскі народ — літаральна дванаццаць пакаленняў! Ён атрымаў у Егіпце высокую пасаду дзякуючы таму, што тлумачыў сны. Потым паклікаў у Егіпет усіх братоў. Прабачыў ім і выратаваў увесь народ ад галоднай смерці.

— Майсей! Адзін чалавек ратуе ўвесь габрэйскі народ — выводзіць яго з няволі. Ён ведае, што трэба вывесці ў першую вясновую поўню, калі ў пустыні найвідней, калі можна пераходзіць праз Чырвонае мора, бо тады бываюць моцныя адлівы.

— Давід, які перамагае Галіяфа. Калі б ён яго не перамог, філістымляне парэзалі б на кавалкі ўсіх габрэяў. Адзін чалавек ратуе ўвесь народ.

Можа, Каяфа чытаў Святое Пісанне дагары нагамі і ўсё наадварот? Бо чаму ён кажа, што адзін чалавек павінен памерці, каб выратаваць увесь народ, калі традыцыя святых кнігаў гаворыць, што менавіта адзін чалавек ратаваў увесь народ ад смерці?

У той жа час ніхто з Рады не адгукнуўся. Поўная цішыня і на Радзе, і на вулічках горада.

Жудасная пасіўнасць людзей справядлівых.

Падумаем пра тое, што і цяпер такая самая сітуацыя. Мы часам наракаем на «вылюдкаў», якія мучылі Пана Езуса, і спяваем у Песнях жальбы пра тых, хто біў Яго па твары, штурхаў, піхаў. Аднак людзі веруючыя, справядлівыя, якія ходзяць у касцёл, спавядаюцца, часам застаюцца такімі пасіўнымі перад абліччам зла.

Ці сапраўды наша справядлівасць справядлівая?

Ці здолеем мы супрацьстаяць злу, якое ёсць вакол нас?

Ці не нясем мы віны за смерць Пана Езуса?

Ці не скажуць калісьці: «Замучаны пры сумленным католіку, які хадзіў у касцёл, спавядаўся і які часам не мог пастаяць за сваю веру, традыцыю, за справядлівасць»?


На Крыжовым шляху

Чым быў Крыжовы шлях у вачах непрыяцеляў Пана Езуса тады, калі Ён ішоў на смерць?

Чым ён з’яўляецца сёння для нас?


І
Суд

Пілат быў у той час дзяржаўным дзеячам, уплывоваю асобаю, маральным аўтарытэтам. Калі ён уваходзіў у залу суда, усе кланяліся яму і стаялі смірна.

Сёння гэта трагічная постаць, чалавек слабахарактарны.

Мы думаем пра яго з сумам. Калі чуем яго прозвішча — нібы дакранаемся да бруднай раны, бо Пілат баяўся за сябе, асудзіў нявіннага Езуса. Ён думаў пра сябе і загубіў сваё жыццё.

З цягам часу выявілася, хто ёсць хто.

ІІ
Крыж

У тыя часы крыж быў шыбеніцаю, чымсьці, што выклікала агіду, здавалася брыдкім.

Сёння крыж — найсвяцейшая рэліквія. Мы цалуем крыж, кленчым перад ім. Благаслаўляем крыжам.

ІІІ
Падзенне

Ворагі Езуса глядзелі ў той час на Яго падзенне, як на прыніжэнне, ганьбу.

Сёння мы ўдзячныя Езусу. Ён так моцна любіў нас, што ажно ўпаў пад цяжарам любові да нас.

IV
Маці

У той час хіба мала хто заўважыў гэтую сустрэчу. У Маці Божай, як і ва ўсіх жанчынаў, твар быў прыкрыты. Можа, Яе ўвогуле не пазналі?

Сёння нас ахоплівае ўзрушэнне, калі Маці Езуса становіцца Маці ўсіх людзей і блізкая нам у кожным цярпенні.

V
Кірынэец

У той час Кірынэец быў зусім выпадковым мінаком.

Сёння гэта несмяротная постаць. Столькі пісьменнікаў, вучоных, мастакоў забыта, а памяць пра яго і далей жыве.

VI
Вераніка

У той час яна была жанчынаю без голасу. Ніхто не звяртаў на яе ўвагі.

Сёння мы памятаем пра яе, асабліва на Крыжовым шляху.

Хіба што, Вераніка пастаянна пытаецца ў кожнага з нас:

— Ці здолееш ты наблізіцца да церпячага Езуса? Калі табе здаецца, што ты нічога не маеш, не ведаеш, як дапамагчы, памятай, церпячы Езус можа даць табе больш за ўсё.

VII
Падзенне

Упасці пад цяжарам любові і затым устаць — гэта вялікая Любоў.

VIII
Жанчыны

У той час на гэтых жанчынаў глядзелі, як на габрэйскіх плачак.

Сёння яны нам нагадваюць Песні жальбы і ўсе прыгожыя велікапосныя песні.

«Жаль невыносны сэрца працінае…»

ІХ
Падзенне

У той час, напэўна, смяяліся з Езуса. Гаварылі, што Ён ужо не ўстане.

Цяпер мы з пашанаю гаворым пра Яго падзенне і ўзрушваемся любоўю Езуса да нас.

Х
Агаленне

У той час смяяліся з Езуса, здзекаваліся. Сорам і ганьба — стаць аголеным!

Наколькі па-чалавечы блізкі Езус для нас сёння! Менавіта такі, пазбаўлены адзення.

Наколькі Ён блізкі ў кожнай чалавечай бядзе!

ХІ
Цвікі

У той час быў чутны толькі страшэнны крык — крык Чалавека, якога прыбіваюць да крыжа.

А цяпер?

Рамуальд Траўгут пісаў у сваім дзённіку, што, думаючы пра гэтую сітуацыю, ён чытаў «Літанію да Найсвяцейшага Сэрца Пана Езуса».

Езу, Твае рукі ўжо прыбітыя. Ты не можаш нічога падняць.

Твае ногі былі прыбітыя і Ты ўжо не мог хадзіць.

Менавіта тады Ты здзейсніў найвялікшую справу: прынёс самога сябе ў ахвяру.

Молімся аб духу ахвяры.

ХІІ
Смерць

У той час ворагам Езуса здавалася, што гэта адна з многіх смерцяў.

Цяпер мы ведаем, што гэта адзіная смерць, найважнейшая, бо яна дала нам святую Імшу, у якой Езус няспынна ахвяруецца Пану Богу з любові да нас.

ХІІІ
На руках Маці

На зняцце з крыжа ворагі Езуса ўжо не глядзелі.

Таемная сустрэча самых блізкіх. Цішком, пакрыёма яны аддавалі апошні доўг Езусу.

А сёння?

Якія цудоўныя карціны створаныя на гэтую тэму! Гэтую сцэну малявалі найлепшыя мастакі.

XIV
Магіла і ўваскрасенне

Ворагам Езуса магіла здавалася адною з многіх магілаў.

Для нас гэта адзіная магіла. Яна стала святыняю ўваскрасення Пана.

На заканчэнне Крыжовага шляху

Мы кажам, што сучасны свет жахлівы, нядобры. Аднак у гэтым сучасным свеце мы бачым веліч Крыжовага шляху Езуса. У той час яго не бачылі такім, як цяпер.

Хоць гэты свет дрэнны, але дзякуючы хрысціянству ён зменены.


Кс. Ян Твардоўскі

Пераклад з польскай мовы Ганны Шаўчэнка.
Паводле: Ks. Jan Twardowski. Weź swój krzyż. Wybór rozważań.
Pelplin, Wydawnictwo «Bernardinum», 2008.


 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла