Крыжовыя пакуты Езуса — ахвяра Айцу для нашага збаўлення

Другая нядзеля Вялікага Посту, год В (1.03.2015)
 
«Калі Бог за нас, хто супраць нас? Той, які Сына свайго не пашкадаваў, але аддаў Яго за ўсіх нас, як жа не дасць нам разам з Ім таксама ўсяго? Хто будзе абвiнавачваць выбраных Богам? Ці ж Бог, які апраўдвае? Хто будзе асуджаць [іх]? Ці ж Хрыстус, які памёр, а нават больш за тое, уваскрос, знаходзіцца праваруч Бога і заступаецца за нас?» (Рым 8, 31b–34).

Крыжовыя пакуты Езуса — ахвяра Айцу для нашага збаўлення

Сёння Касцёл прапануе нам паразважаць над словамі з Паслання святога апостала Паўла да рымлянаў: «Браты: Калі Бог за нас, хто супраць нас? Той, які Сына свайго не пашкадаваў, але аддаў Яго за ўсіх нас, як жа не дасць нам разам з Ім таксама ўсяго?».

Гэты вельмі прыгожы, поўны надзеі тэкст пра любоў Бога да кожнага чалавека ілюструе для нас такая кароткая гісторыя.

«Гэта адбывалася падчас ІІ Сусветнай Вайны. Ва ўсёй Еўропе пераследавалі габрэяў, вывозілі іх у канцэнтрацыйныя лагеры, жорстка забівалі. Габрэі з руху супраціўлення рабілі адважныя спробы вызваліць сваіх братоў. Уначы яны нападалі на аддзелы СС. У Вільні кіраўніком мясцовых партызанаў быў Вітэнберг. СС прызначыла вялікую грашовую ўзнагароду за яго галаву. І вось яго арыштавалі. Аднак СС заўчасна радаваўся, бо Вітэнбергу ўдалося ўцячы і ўкрыцца ў габрэйскім квартале. Калі генерал СС даведаўся пра гэта, ён загадаў акружыць квартал і сачыць за ім. І адначасова габрэям, жыхарам квартала, было абвешчана, што або яны выдадуць Вітэнберга, або ўсе будуць адпраўленыя ў канцэнтрацыйны лагер і будуць знішчаныя. Няшчасныя людзі былі спужаныя. Але Вітэнберг узяў справу на сябе. Ён не хацеў, каб браты памерлі таму, што ўкрываюць яго. З вуснаў у вусны перадавалася навіна, што ён дабравольна выдасць сябе! Калі прыйшоў час, па абодвух баках вуліцы, якая вяла да гарадскіх брамаў, сталі габрэі: з аднаго боку моладзь, з іншага — мужчыны, жанчыны і дзеці. Вітэнберг прызначыў сваім наступнікам Кавеньчыка, якому давяраў, і аддаў яму свой пісталет. Пасля, не азіраючыся па баках, ён сярэдзінаю вуліцы пайшоў да гарадскіх брамаў. Ён адважна ішоў на жудасную смерць. Езус таксама дабравольна пайшоў на пакутную смерць. Ён учыніў гэта, каб збавіць усё чалавецтва. Адна гэтая ахвяра Богачалавека мае бязмежную вартасць. Падчас кожнай святой Імшы гэтая ахвяра складаецца Богу Айцу за нашыя грахі» (П. Лефеўр, «Як змяніць сваё жыццё?»). 

Няхай Дух Святы дасць нам ласку падчас гэтага Вялікага посту зразумець глыбіні Божай любові да нас. Няхай, калі мы ўглядаемся у крыж, гэта абуджае ў сэрцах удзячнасць, радасць і любоў. Езус — наш Брат, Ён сапраўды наш найбліжэйшы Крэўны, які даказаў, што мы важныя для Яго.

Падрыхтаваў айцец Раман Шульц OP

восстановить потерянные ключи от машины потерял ключи от машины как восстановить, gaz

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла