Навэнна да святога Юзафа

Перад урачыстасцю святога Юзафа, якую святкуем 19 сакавіка, прапануем нашым чытачам Навэнну да святога Юзафа, якая распачынаецца 10 сакавіка. Святы Юзаф вучыць нас жыць з Хрыстом кожны дзень, вучыць жыць з Хрыстом для Яго хвалы, вучыць далікатнасці ў адносінах да жанчынаў і ўзорнаму жыццю ў сям’і, якое абапіраецца на ўзаемнай любові, павазе, дабрыні.

1. На пачатку кожнага набажэнства навэнны можна заспяваць песню на ўшанаванне св. Юзафа.

2. Уступная малітва на кожны дзень навэнны.

О хвалебны святы Юзэфе, прыёмны бацька Пана нашага Езуса Хрыста і найчысцейшы Абраннік Беззаганнай Панны Марыі. Вось я, нягодны твой паслядоўнік, аддаюся тваёй апецы і выбіраю цябе маім асаблівым апекуном, дарадчыкам і заступнікам перад Богам. Выпрасі для мяне ласку добрага жыцця і шчаслівай смерці разам з ласкаю, аб якой сёння прашу цябе асаблівым чынам у гэтай навэнне... (Просьбы і падзякі можна пералічыць пра сябе альбо ў голас, як гэта робіцца ў набажэнствах навэнны).

3. Малітвы на асобныя дні навэнны

Першы дзень (10 сакавіка)
Магутны патрыярх, як у Старым Запавеце Юзаф, сын Якуба, па Божай волі стаў правіцелем у Егіпце, каб ратаваць людзей ад смерці, так і ў Новым Запавеце ты стаў уладаром і гаспадаром тых скарбаў, якія патрэбны нам для вечнага жыцця. Таму з вялікаю пашанаю і даверам мы прагнем звярнуцца да цябе ва ўсіх нашых патрэбах — як зямных, так і духоўных, — упэўненыя, што твой Сын, які заўсёды быў паслухмяны табе на зямлі, выслухае цябе таксама і ў небе.

Другі дзень (11 сакавіка)
Хвалебны святы Юзэфе, Айцец Нябесны не вагаўся, аддаючы табе ў апеку свайго Адзінароднага Сына. Ты прыняў Яго з любоўю, ты карміў, песціў і даглядаў Яго з бацькоўскай клапатлівасцю. Мы тулімся да цябе з дзіцячым даверам і просім, каб ты па-бацькоўску выслухаў нашыя просьбы, якія да цябе ўзносім, і захаваў нас ад усялякага зла.

Трэці дзень (12 сакавіка)
Святы Юзэфе, крыніца тваёй выключнай годнасці, цнатлівасці і хвалы — у Хрысце, побач з якім ты знаходзіўся кожны дзень, з якім ты размаўляў і працаваў. Дапамажы нам, святы наш апякуне, каб мы таксама штодня маглі размаўляць, працаваць з Хрыстом і ў бляску Ягонай прысутнасці асвячаць сябе і ўсе нашыя справы.

Чацвёрты дзень (13 сакавіка)
Святы Юзэфе, пад тваёю апекаю рос хлеб жыцця, дадзены нам з неба. Ты гадаваў яго з зярняці, каб ён сабою накарміў людзей. Выпрасі нам ласку адчування эўхарыстычнага голаду, каб Святая Камунія стала для нас крыніцаю спакою і задаткам хвалебнага ўваскрашэння.

Пяты дзень (14 сакавіка)
Магутны наш апякуне, зло з вялікай сілаю ўваходзіць у нашае жыццё, выклікаючы неспакой у сумленні і ва ўсім хрысціянскім жыцці. Як «тленнасці зямныя», так і «нападкі шатана» не перастаюць нас спакушаць. Падтрымлівай нас магутнаю апекаю, каб мы, натхнёныя тваёю дапамогаю, маглі пабожна жыць, памерці ў святасці і дасягнуць жыцця вечнага.

Шосты дзень (15 сакавіка)
Галава Святой Сям'і, ты разам з Найсвяцейшай Паннай Марыяй і Збаўцам з'яўляешся найбольш дасканалым узорам сямейнага жыцця і ўсіх бацькоўскіх цнотаў. Выпрасі для нашых сем'яў ласку, каб мы маглі ўглядацца ў тваю Назарэтанскую Сям'ю і вучыцца сямейнаму жыццю ў спакоі і шчасці.

Сёмы дзень (16 сакавіка)
Святы Юзэфе, Касцёл ушаноўвае цябе як свайго апекуна, заступніка і абаронцу, справядліва разлічваючы на тваю магутную дапамогу, таму што ты, як апякун, бацька і карміцель Хрыста на зямлі, надалей застаешся апекуном Яго Містычнага Цела — гэта значыць Касцёла. Таму выпрасі ўсім вернікам (членам Касцёла) ласку вернасці Хрысту, Яго Крыжу і Евангеллю.

Восьмы дзень (17 сакавіка)
Святы Юзэфе, магутны наш апякуне! Калісьці Юзаф, сын Якуба, па Божай волі стаў прычынаю благаслаўлення для спакутаванага Егіпта і суседніх краінаў. Просім цябе, каб твая прысутнасць, якая спрадвеку ўшаноўваецца ў нашым краі, у цяжкія дні прынесла плён Божага благаслаўлення для нас і нашых суседзяў.

Дзявяты дзень (18 сакавіка)
Святы Юзэфе, апякуне добрай смерці, у апошнія хвіліны жыцця побач з табою былі Збаўца і твая Найсвяцейшая Абранніца. Выпрасі нам такую ласку, каб мы маглі адысці з гэтага свету ў прысутнасці Езуса і Яго Беззаганнай Маці.


4. Літанія да святога Юзафа

Кірые, элейсон,
       Хрыстэ, элейсон, Кірые, элейсон.
Хрыстэ, пачуй нас,
       Хрыстэ, выслухай нас.
Ойча з неба, Божа,
       – змілуйся над намі.
Сыне, Адкупіцель свету, Божа,
       – змілуйся над намі.
Духу Святы, Божа,
       – змілуйся над намі.
Святая Тройца, Адзіны Божа,
       – змілуйся над намі.

Святая Марыя,
       – маліся за нас.
Святы Юзэфе,
       – маліся за нас.
Слаўны патомак Давіда,
       – маліся за нас.
Святло патрыярхаў,
       – маліся за нас.
Абраннік Багародзіцы,
       – маліся за нас.
Прачысты апякун Панны,
       – маліся за нас.
Апякуне Сына Божага,
       – маліся за нас.
Клапатлівы абаронца Хрыста,
       – маліся за нас.
Галава Найсвяцейшай Сям’і,
       – маліся за нас.
Юзэфе найсправядлівейшы,
       – маліся за нас.
Юзэфе найчысцейшы,
       – маліся за нас.
Юзэфе наймудрэйшы,
       – маліся за нас.
Юзэфе наймужнейшы,
       – маліся за нас.
Юзэфе найпакорнейшы,
       – маліся за нас.
Юзэфе найвярнейшы,
       – маліся за нас.
Люстра цярплівасці,
       – маліся за нас.
Прыхільнік убоства,
       – маліся за нас.
Узор працуючых,
       – маліся за нас.
Аздоба сямейнага жыцця,
       – маліся за нас.
Апякуне паннаў,
       – маліся за нас.
Апора сем’яў,
       – маліся за нас.
Суцяшэнне няшчасных,
       – маліся за нас.
Надзея хворых,
       – маліся за нас.
Апякуне паміраючых,
       – маліся за нас.
Пострах злых духаў,
       – маліся за нас.
Апякуне Касцёла святога,
       – маліся за нас.

Баранку Божы, які бярэш на сябе грахі свету,
       – даруй нам, Пане.
Баранку Божы, які бярэш на сябе грахі свету,
       – выслухай нас, Пане.
Баранку Божы, які бярэш на сябе грахі свету,
       - змілуйся над намі.

С.: Устанавіў Яго панам свайго дома.
Усе: І гаспадаром усіх сваіх уладанняў.

Молімся: Божа, Ты ў сваім цудоўным Провідзе ўчыніў святога Юзафа абраннікам Найсвяцейшай Маці Твайго Сына, дай, просім, каб, ушаноўваючы Яго як нашага апекуна на зямлі, мы былі годныя яго заступніцтва ў небе. Праз Хрыста, Пана нашага.
Усе: Амэн.


Малітва да св. Юзафа

У Цябе, святы Юзэфе, шукаем мы паратунку ў нашай нядолі. Звяртаючыся па дапамогу да тваёй Найсвяцейшай Абранніцы Панны Марыі, з даверам просім таксама тваёй апекі. Праз любоў, якая яднала цябе з Найсвяцейшай Багародзіцай, і праз тваю айцоўскую апеку, якою ты атуляў Езуса ў дзяцінстве, пакорна просім: узглянь ласкава на спадчыну, якую Езус Хрыстус здабыў крывёю сваёю, і сваім магутным заступніцтвам дапамажы нам у патрэбах нашых. 

Прадбачлівы Апякуне Сям’і Божай, апякуйся абраным патомствам Езуса Хрыста. Адхілі ад нас, мілы ойча, усялякія памылкі і спакусы. Магутны наш абаронца! Прыйдзі да нас ласкава з нябеснаю дапамогаю ў гэтым змаганні з сіламі цемры і, як некалі ў дзяцінстве выратаваў Езуса ад небяспекі, якая пагражала Ягонаму жыццю, так цяпер барані святы Касцёл Божы ад варожых нападаў і ўсялякіх перашкодаў.

Атуляй кожнага з нас нястомнаю апекаю, каб мы, па твайму прыкладу і тваёю дапамогаю падтрыманыя, маглі жыць у святасці, памерці пабожна і атрымаць вечнае шчасце ў небе. Амэн.

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла