Крыжовы шлях [аўдыё]

Велікапосны музычны праект выдавецтва Pro Christo.

Запрашаем вас перажываць Вялікі пост разам з намі з дапамогаю музыкі, спеваў і біблійных разважанняў. Дома і ў дарозе, сам-насам або супольна можна перажываць набажэнства Крыжовага Шляху, стацыю за стацыяй у медытатыўнай музычнай атмасферы разважаючы над мукаю нашага Збаўцы, услухоўваючыся ў словы Святога Пісання.


Не заўсёды ў нас ёсць магчымасць трапіць у святыню на набажэнства, а прыгожы спеў і словы Святога Пісання, адцененыя праніклівымі гукамі скрыпкі і гітары дапамогуць глыбей перажываць Вялікі пост. Праект падрыхтаваны моладзевым хорам і ансамблем архікатэдральнага касцёла Імя Найсвяцейшай Панны Марыі ў Мінску.

 

Крыжовы шлях Пана нашага Езуса Хрыста
Біблійныя разважанні з велікапоснага музычнага праекта выдавецтва Pro Christo

 Download (1Мб)

 

Стацыя 1. Езус асуджаны на смерць

На пачатку было Слова, і Слова было ў Бога, і Богам было Слова. Яно было ў Бога на пачатку. Усё праз Яго сталася, і без Яго нічога не сталася з таго, што сталася. У Ім было жыццё, і жыццё было святлом людзей. А святло свеціць у цемры, і цемра не агарнула яго.

Было святло праўдзівае, якое асвятляе кожнага чалавека, які прыходзіць на свет. У свеце было Слова, і свет праз Яго стаўся, і свет не пазнаў Яго. Да свайго прыйшло, і свае Яго не прынялі  (Ян 1, 1-5. 9-10).

 Download (1Мб)

Стацыя 2. Езус бярэ крыж

Тады Езус сказаў сваім вучням: «Калі хто хоча пайсці за Мною, няхай адрачэцца ад сябе, возьме крыж свой і ідзе за Мною. Бо той, хто хоча ўратаваць жыццё сваё, загубіць яго, а хто загубіць жыццё сваё дзеля Мяне, той знойдзе яго. Бо якая будзе карысць чалавеку, калі ён здабудзе ўвесь свет, а душы сваёй пашкодзіць? Або што дасць чалавек узамен за душу сваю? Бо прыйдзе Сын Чалавечы ў славе Айца свайго з анёламі сваімі, і тады аддасць кожнаму паводле ўчынкаў ягоных (Мц 16, 24-27).

 Download (1Мб)

Стацыя 3. Езус падае першы раз

Шукайце Пана, пакуль Ён дазваляе знайсці сябе, клічце Яго, пакуль Ён блізка! Няхай бязбожны пакіне шлях свой, а чалавек беззаконны — свае намеры.

Абмыйцеся, будзьце чыстымі, аддаліце ад вачэй маіх дрэнныя ўчынкі вашыя. Перастаньце чыніць зло, навучыцеся рабіць дабро. Шукайце правасуддзя, дапамагайце прыгнечанаму, абараняйце сірату, заступайцеся за ўдаву.

Прыходзьце і рассудзім, — кажа Пан. Калі грахі вашыя будуць, як чырвань, збялеюць як снег; калі будуць барвовыя, як пурпур, стануць як воўна (Іс 55, 6–7; 1, 16–18).

 Download (1Мб)

Стацыя 4. Езус сустракае сваю Маці

Благаславіў іх Сімяон, і сказаў Марыі, Маці Яго: «Вось гэты прызначаны на падзенне і на паўстанне многіх у Ізраэлі і на знак, якому супраціўляцца будуць. А праз Тваю душу пройдзе меч, каб выявіліся думкі многіх сэрцаў» (Лк 2, 34-35).

 Download (1Мб)

Стацыя 5. Сымон Кірынэец дапамагае Езусу несці крыж

Вы, браты, пакліканыя да свабоды, толькі не выкарыстоўвайце свабоды, каб дагадзіць целу, але ў любові служыце адзін аднаму. Бо ўвесь Закон спаўняецца ў адным: любі бліжняга свайго, як самога сябе.

Я кажу: паступайце паводле духа і жаданняў цела не выконвайце.

А плён духа – гэта любоў, радасць, спакой, доўгацярплівасць, лагоднасць, дабрыня, вернасць, далікатнасць, стрыманасць. Супраць такіх няма Закону. А тыя, хто належыць Хрысту, укрыжавалі цела разам з жаданнямі і пажадлівасцю. Калі мы жывем паводле Духа, то і паступаем паводле Духа. Не будзем шукаць пустой славы, дражнячы і ненавідзячы адзін аднаго (Гал 5, 13-14; 16. 23-26).

 Download (1Мб)

Стацыя 6. Вераніка выцірае твар Езуса

Для тых, хто гіне, слова аб крыжы – гэта глупства, але для нас, якія збаўляемся, – гэта моц Божая. Бо напісана: «Я знішчу мудрасць мудрацоў і адкіну розум разумных».

Бо неразумнае ў Бога разумнейшае за людзей, а слабое ў Бога мацнейшае за людзей. Бог выбраў неразумнае свету, каб асароміць мудрых, і слабое свету выбраў Бог, каб асароміць моцных; і бязроднае свету, і пагарджанае, і тое, чаго няма, выбраў Бог, каб знішчыць існае, каб ніякае цела не выхвалялася перад Богам. Праз Яго і вы існуеце ў Хрысце Езусе, які стаў для нас мудрасцю ад Бога і справядлівасцю, і асвячэннем, і адкупленнем (1 Кар 1, 18–19. 25. 27–30).

 Download (1Мб)

Стацыя 7. Езус падае другі раз

Змілуйся нада мною, Божа, у вялікай міласці Тваёй;
і ў паўнаце міласэрнасці Тваёй знішчы беззаконні мае.
Цалкам абмый мяне ад правінаў маіх і ачысці мяне ад граху майго.
Бо я ведаю беззаконні свае, і грэх мой заўжды перада мною.
Табе, Табе аднаму я зграшыў і зло ўчыніў перад Тваімі вачыма.
Таму Ты будзеш справядлівы ў сваім прысудзе і беззаганны ў судзе сваім.
Вось я ў беззаконні зачаты, і ў граху мяне нарадзіла маці.
Ты палюбіў глыбокую праўду, і навучыў мяне тайнай мудрасці.
Акрапі мяне ісопам — і буду чысты, абмый мяне — і стану бялейшы за снег.
Дай мне пачуць радасць і вяселле, і ўзрадуюцца косткі, якія Ты зламаў.
Адвярні аблічча сваё ад грахоў маіх і знішчы ўсе мае правіны.
Чыстае сэрца ствары ўва мне, Божа, і аднаві ўва мне трывалы дух.
Не адкінь мяне ад свайго аблічча і не пазбаў мяне Духа Твайго Святога (Пс 51, 3-13).

 Download (1Мб)

Стацыя 8. Езус суцяшае ерузалемскіх жанчын

Да Цябе ўзнімаю свае вочы, які жывеш у нябёсах.
Так як вочы слугаў звернуты на рукі іх гаспадароў,
як вочы служанкі —на рукі яе гаспадыні,
так нашыя вочы — да Пана, Бога нашага,
пакуль Ён не змілуецца над намі.
Змілуйся над намі, змілуйся, о Пане,
бо мы ўжо ўдосталь сытыя пагардай.
Душа наша насычана досыць здзекамі дзёрзкіх і пагардай ганарлівых (Пс 123).

 Download (1Мб)

Стацыя 9. Езус падае трэці раз

Маючы вакол сябе безліч сведкаў, скінем з сябе ўсялякі цяжар і грэх, які лёгка аблытвае нас, і будзем цярпліва бегчы ў прызначаным для нас змаганні, гледзячы на Езуса, пачынальніка і завяршальніка веры. Замест радасці, што была перад Ім, Ён, не зважаючы на ганьбу, выцерпеў крыж і сеў праваруч Божага трону.

Падумайце пра таго, хто вытрываў такі над сабою здзек ад грэшнікаў, каб не знемагліся вы ў душах сваіх і не аслаблі. Вы яшчэ не змагаліся аж да крыві, ваюючы супраць граху.

Цяпер усялякая пакаранне здаецца не радасцю, а смуткам. Але пазней яно прынясе мірны плён справядлівасці тым, каго выхоўвала. Таму выпрастайце вашы апаўшыя рукі і аслаблыя калені. Рабіце простыя сцежкі нагамі вашымі, каб кульгавы не збочыў, але каб выздаравеў. Імкніцеся да спакою з усімі і да святасці, без якой ніхто не ўбачыць Пана (Гбр 12, 1–4; 11–13).

 Download (1Мб)

Стацыя 10. З Езуса здзіраюць адзенне

Езус Хрыстус, будучы ў постаці Бога, не скарыстаў з таго, каб быць нароўні з Богам, але выракся самога сябе, прыняўшы постаць слугі, прыпадобніўшыся да людзей. І з выгляду стаўшы як чалавек, прынізіў сябе, будучы паслухмяным ажно да смерці, смерці крыжовай. Таму Бог узвысіў Яго і даў Яму імя па-над усялякае імя, каб на імя Езуса схілілася кожнае калена стварэнняў нябесных, зямных і падземных, і каб кожны язык вызнаваў, што Панам ёсць Езус Хрыстус дзеля хвалы Бога Айца (Флп 2, 6-11).

 Download (1Мб)

Стацыя 11. Укрыжаванне Езуса

І як Майсей узняў змея ў пустыні, так павінен быць узняты Сын Чалавечы, каб кожны, хто верыць у Яго, меў жыццё вечнае. Бо так палюбіў Бог свет, што аддаў Сына свайго Адзінароднага, каб кожны, хто верыць у Яго, не загінуў, але меў жыццё вечнае. Бо не паслаў Бог Сына свайго ў свет, каб судзіць свет, але каб свет быў збаўлены праз Яго (Ян 3, 14-17).

Ён узяў на сябе цярпенні нашыя і панёс нашы хваробы, а мы думалі, што ён пакараны, пабіты і прыніжаны Богам. Ён зранены быў за беззаконні нашыя, раздаўлены за нашыя правіны. Пакаранне міру нашага на ім, і ў ранах яго мы атрымалі здароўе. (Іс 53, 4-6)

Усе мы блукалі, як авечкі, кожны сышоў на сваю дарогу, а Пан усклаў на яго ўсе нашыя правіны.

 Download (1Мб)

Стацыя 12. Езус памірае на крыжы

Так кажа Пан:
Я вылью на дом Давіда і на жыхароў Ерузалема дух ласкі і малітваў, і яны будуць глядзець на Мяне. І будуць галасіць па тым, каго прабілі, як галосяць па адзінародным, і будуць плакаць па ім, як плачуць па першародным. У той дзень будзе вялікі плач у Ерузалеме, як плач Ададрэмона ў даліне Мэгідскай. У той дзень адчыніцца крыніца для дому Давіда і жыхароў Ерузалема, каб абмыць грэх і нячыстасць (Зах 12, 10–11; 13, 1).

Ад шостай гадзіны цемра настала па ўсёй зямлі аж да гадзіны дзявятай. А каля гадзіны дзявятай усклікнуў Езус моцным голасам, кажучы: «Элі, Элі, лема сабахтані?», што азначае: «Божа Мой, Божа Мой, чаму Ты Мяне пакінуў?»  Езус зноў ускрыкнуў моцным голасам і аддаў духа (пар. Мц 27, 45-46.50).

 Download (1Мб)

Стацыя 13. Езуса здымаюць з крыжа

Вось пашчасціць слузе Майму, ён узвысіцца, узнясецца і будзе ўзвялічаны. Як многія здзіўляліся: настолькі знявечаны быў, як ні ў кога, выгляд ягоны, а постаць яго не нагадвала чалавечай. Так здзівіць ён многія народы, каралі перад ім закрыюць вусны свае, бо ўбачаць яны тое, пра што ім не было сказана, і спазнаюць тое, чаго ніколі не чулі. Хто ж паверыць таму, што мы чулі, і каму адкрылася плячо Пана?

Ён вырас, як парастак, перад намі, і як корань з сухой зямлі. Не меў ён ні хараства, ні прыгажосці, каб мы паглядзелі на яго; і не меў выгляду, каб прывабіць нас. Зняважаны, адрынуты людзьмі, муж цярпення, які спазнаў слабасці, ад якога адварочваюць твар, пагарджаны, таму мы лічылі яго за нішто (Іс 52, 13–15; 53, 1-4).

 Download (1Мб)

Стацыя 14. Езуса кладуць у грабніцу

Пасля ўціску і суда яго схапілі. І хто раскажа пра ягоны род? Бо ён вырваны з зямлі жывых, за беззаконні народу майго быў замучаны да смерці. І магілу яму вызначылі разам з бязбожнымі, і пахаванне з багатым, бо не чыніў насілля і не было падману ў вуснах ягоных. Пан пажадаў раздавіць яго цярпеннем. Калі ж прынясе жыццё сваё ў ахвяру за грахі, убачыць вечнае патомства, і волю Пана здзейсніць ягоная рука. За цярпенні сваёй душы ён убачыць святло і ім насыціцца. Мой справядлівы слуга апраўдае многіх і сам панясе іхнія правіны. 

Таму дам яму ўдзел сярод вялікіх, і з моцнымі ён будзе дзяліць здабычу за тое, што аддаў сябе на смерць, і быў залічаны да злачынцаў. Ён сам панёс грахі многіх і стаў заступнікам злачынцаў (Іс 53, 8-12)

 Download (1Мб)

Да вашай увагі прапануем ноты і тэкст спяваных разважанняў "Божая дабрыня"

 У запісе дыска прымалі ўдзел:

Моладзевы хор і ансамбль архікатэдральнага касцёла Імя Найсвяцейшай Панны Марыі ў Мінску.
Салісты: Ю. Шэдзько (2, 5, 14) , І. Некраш (4, 7), У. Беладзед (2, 9) .
Музыка: імправізацыя скрыпкі С. Голуб, імправізацыя гітары Т. Дробыш, ударныя: Я. Гулевіч.
Спеў «Божая дабрыня»: са зборніка кс. М. Мёдушэўскага (1838 г.) у апр. Д. Куша OP; беларускі тэкст: Ю. Шэдзько.
Біблійныя разважанні чытае: У. Беладзед.
Гукарэжысёр: А. Лугін.
Мастацкі кіраўнік праекта: С. Голуб.

 



 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла