Неспасцігнуты дар

Пра кнігу выбраных думак святога Яна Паўла ІІ «Не бойцеся любові!»

Вось ужо мінула дзесяць гадоў з таго часу, як адышоў у вечнасць мудры, вялікі Пантыфік і сапраўдны айцец для многіх хрысціянаў — святы Ян Павел ІІ, у асобе якога мы цяпер маем клапатлівага заступніка. Таму невыпадкова ў выдавецтве «Pro Christo» нядаўна выйшла кніга «Не бойцеся любові! Думкі святога Яна Паўла ІІ пра сям’ю», падрыхтаваная па ініцыятыве Рады па справах сям'і пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі.

Вялікі Папа з асаблівым клопатам ставіўся да праблемаў хрысціянскай сям’і ў сучасным свеце, дзе гэтым паняццем, якое традыцыйна звязана са святым сакрамэнтам, вельмі часта называюцца адносіны, што спрадвеку былі мярзотныя для Пана Бога. Як чалавеку знайсці і захаваць сапраўднае каханне? Дзе ўзяць сілы для таго, каб справіцца з кожнаю спакусаю, што свет прапануе як нармальную ці нават карысную з’яву? Як зразумець і прыняць цярпенне? Напэўна, сёння гэта самыя вострыя пытанні для кожнага хрысціяніна. І менавіта пра іх разважаў святы Ян Павел ІІ у сваіх энцыкліках, апостальскіх лістах, шматлікіх пасланнях да сем’яў, моладзі, дзяцей, людзей пажылога ўзросту… Найлепшыя цытаты з гэтых тэкстаў леглі ў аснову кнігі «Не бойцеся любові!», згрупаваныя ў адпаведныя раздзелы: «Быць чалавекам», «Сужэнства — вобраз запавету Бога і чалавека», «Сям’я — супольнасць жыцця і любові», «Мужчына, муж, бацька», «Геній жанчыны» і інш.

«Выказванні, якія нам пакінуў Вялікі Папа, зноў пабуджаюць пастыраў і чытачоў паглядзець на сям’ю як на Божы дар, ахінуты сакрамэнтам сужэнства», — піша ў прадмове да выдання біскуп Антоній Дзям’янка, старшыня Рады па справах сям’і пры ККББ. Насамрэч мала хто па-сапраўднаму блізка прымае да сэрца тую праўду, што сужэнства — гэта менавіта бескарыслівы, невымерна вялікі і нікім да канца не спасцігнуты Божы дар. Як жа шмат мы ад яго чакаем у параўнанні з тым, колькі даем! І як рэдка мы задумваемся пра адну з галоўных мэтаў сужэнства — дапамагчы адно аднаму здабыць святасць, прыйсці да збаўлення! І чым больш заданняў стаіць перад намі на гэтым шляху, тым больш выпрабаванняў нас чакае на ім… Ян Павел ІІ настойліва скіроўвае наш духоўны позірк на гэтыя праблемы: «Якія б цяжкасці ні паўставалі, нельга адмаўляцца ад абароны той першапачатковай любові, якая з’яднала дваіх людзей і якую Бог няспынна благаслаўляе. Сужэнства — гэта шлях да святасці, нават тады, калі ён становіцца крыжовым шляхам».

У святле ўсіх надзённых праблемаў не выклікае сумнення тое, што выданне кнігі «Не бойцеся любові!» — надзвычай актуальная і своечасовая падзея. Святары змогуць выкарыстаць сабраныя ў ёй выказванні падчас казанняў і рэкалекцый, катэхетам гэтая кніга будзе карысная пры падрыхтоўцы да заняткаў рэлігіі, а свецкія вернікі знойдуць у ёй натхненне для глыбокага роздуму над сваім жыццём, сваёю любоўю і сваім цярпеннем.

Адказны за выданне - айцец Пётр Фраштэнга OCD. Над выданнем працавалі - В. Якіменка, Г. Шаўчэнка.

Ганна Шаўчэнка

Для набыцця кнігі звяртайцеся ў краму «Духоўная кніга» ў Мінску
(вул. М. Багдановіча, 25). Тэл.: 8 (017) 293 17 53.

 

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней