Бачыць прыяцеля

Некалькі думак перад Крыжовым шляхам

                                      Любіце ворагаў вашых, дабро рабіце тым, хто вас ненавідзіць;
                                      благаслаўляйце тых, хто вас праклінае,
                                      маліцеся за тых, хто вас крыўдзіць.

                                                                                        Лк 6, 27–28

«Паслухайце, ойча, — казала мне адна знаёмая, — я лупіла б па мордзе ўсіх тых фарысеяў, прыхільнікаў рымскага ўрада, здраднікаў, якія штурхалі Езуса, абражалі, білі!»

Калі мы крычым у парыве гневу, гэта яшчэ паўбяды. Нас ахопліваюць эмоцыі, і тады чалавек не ведае, які ён. Найгорш бывае, калі мы апраўдваем сваю нянавісць лагічным, халодным розумам і тлумачым, што той — нягоднік,  гэты — хлус, іншы — злодзей. Мы ўсё ацэньваем з вышыні сваіх цнотаў па прынцыпу: я — добры, а той — дрэнны. Мы не бачым сваіх уласных грахоў.

Што значыць любіць бліжняга, які мяне ненавідзіць, што значыць любіць дрэннага чалавека?

Гэта значыць убачыць свае ўласныя грахі і сказаць, што мы створаныя з той самай гліны: у цябе — такія, а ў мяне — іншыя, можна, нават большыя грахі. Толькі свае мяне менш раздражняюць.

Уменне ўбачыць і зразумець сваю мізэрнасць, свае слабасці дапамагае нам любіць нашых непрыяцеляў. Мы бачым, што мы вельмі падобныя адзін да аднаго. Ён — грэшнік, але я — другі грэшнік. Мы павінны заўсёды быць дзецьмі, якія жывуць дзякуючы міласэрнасці Пана Бога.

«Хто з вас без граху, няхай першы кіне ў яе камень», — сказаў Пан Езус. Усе разышліся з камянямі ў руках, бо ўбачылі свае ўласныя грахі.

Ёсць слова, якое мы часта чытаем і паўтараем: «непрыяцель». Здаецца, яно азначае тое самае, што і слова «вораг». Аднак гэта, напэўна, штосьці зусім іншае. Слова «вораг» варожае ад пачатку і да канца, як танкі, што едуць на нас, як Галіяф, апрануты ў браню.

У слове «непрыяцель» крыецца слова «прыяцель», перакрэсленае адмаўленнем «не». У слове «прыяцель» — восем літараў, і толькі дзве літары — у слове «не». У слове «непрыяцель» гучыць здзіўленне. Як гэта? Ты павінен быць маім прыяцелем, а ты — непрыяцель. Гучыць занепакоенасць, расчараванне: адкуль узялося гэтае «не»? Ты ж павінен быць маім прыяцелем!

У слове «непрыяцель» хаваецца слова «прыяцель» — «сябар». Езус нават прапускаў гэтае адмаўленне. Калі Ён сустрэў Юду ў Аліўным садзе, то не сказаў: «Непрыяцель, чаго ты прыйшоў?», але: «Сябра, чаго ты прыйшоў?».

У старапольскай мове слова «вораг» азначала «злую долю», «нядобры лёс» і не датычыла чалавека. Каханоўскі пісаў: «Незнаёмы вораг нейкі блытае людскія справы» (Трэн ХІ, верш 5) і меў на ўвазе злы лёс, злую долю. Затым слова «вораг» прычапілі да чалавека.

Мы ж павінны нават у непрыязным чалавеку бачыць прыяцеля, а не ворага, бачыць кагосьці, хто можа стаць нашым прыяцелем: ён пакліканы да таго, каб як чалавек, Божае дзіця, быць нашым прыяцелем.

Таму ў гэтым «ашчаціненым», «узброеным» слове «непрыяцель» тоіцца штосьці вельмі цёплае: скрыты прыяцель, толькі аддалены ад нас дзвюма літарамі «не».

Трэба маліцца, каб уцякло «не», якое стала паміж намі, і каб у тым, хто касавурыцца і злосна на нас пазірае, застаўся «прыяцель».


На Крыжовым шляху

Можа, я памыляюся, але мне здаецца, што на пытанне «Каго ты ненавідзіш?» мы звычайна адказваем: «Што датычыць мяне, то я нікога не ненавіджу. Толькі мяне, ні ў чым не вінаватага чалавека, часам пераследуюць, даймаюць, сустракаюць адразу злым і касым позіркам».

Як мы павінны любіць непрыяцеляў?

Спачатку прапаную задумацца над тым, як мы адносімся не да сваіх ворагаў, а да тых, хто нас любіць: да членаў сваёй сям’і, з якімі мы жывём пад адным дахам, да сваіх блізкіх, нават абыякавых, але не варожых.

Ці часта мы злуемся на іх?
Ці не маем мы да іх шалёных прэтэнзій?
Ці не лічым ворагамі тых, хто любіць нас?
Чаму мы так адносімся да іх?
Таму, што думаем пра сябе, а не пра іх.
Таму, што часам яны раняць нашае самалюбства.


І
Суд

Мы штодзённа камусьці выносім прысуд, калі гаворым, што гэты — хлус, а той — фарысей, чужаложнік, ганарлівец.

Як часта мы асуджаем людзей па той прычыне, што кіруемся ў адносінах да іх зайздрасцю, нядобразычлівасцю, нянавісцю!

Асцерагаймася саміх сябе!

Памятайма, што наш суд, нашыя словы, прадузятасць несправядліва асуджаюць бліжняга.


ІІ
Крыж

Калі мы ўцякаем ад аднаго крыжа, звычайна натыкаемся на другі крыж.

Калі ўнікаем крыжа любові, нас пачынае прыгнятаць крыж эгаізму. Мы замяняем адзін крыж на другі.

Толькі Хрыстовы крыж надае сэнс нашым цярпенням.

Узяць крыж Езуса — значыць ісці разам з Ім.


ІІІ
Падзенне

Езус пакідае форт Антонія і тут жа першы раз падае. Цела чалавека слабейшае, чым дух, і падае таксама хутчэй, чым дух. Езус прыняў цела, каб у ахвяры яно вытрывала да канца.

Ці абуджаем мы ў сабе моц духу, якая зможа ўтрымаць падаючае цела?


IV
Маці

Радасць і боль.

Радасць сустрэчы з Маці і боль ад таго, што мы паказваем самым блізкім свае цярпенні. Калі мы церпім, то хочам, каб побач былі найбліжэйшыя людзі, але адначасова баімся, што нашае цярпенне мучыць іх.

Езус не сказаў Маці Божай, каб Яна адышла, а побач з Ім засталіся толькі іншыя. Ён ведаў, што Вялікая пятніца — гэта наступства, працяг Яе звеставання.

Яна была Слугою Пана да канца. Вытрывала пад крыжам. Сведчанне Маці Божай — «Вось я, слуга Пана…» — працягвалася да канца.


V
Кірынэец

Мы столькі гаворым пра Сымона з Кірынэі, але што было б, калі б нам загадалі дапамагаць несці крыж невядомаму асуджанаму?

Можа, мы найперш гневаліся б? Можа, лаяліся б і на тых, хто нас да гэтага змусіў, і на самога асуджанага? Можа, потым у нас абудзілася б думка, што Ён такі самы нявінны, як і мы? Калі ў Яго крыж цяжэйшы за наш, то Яго справа — большая. Ён служыць многім людзям.

Мы павінны заўсёды навяртацца да Бога, нават тады, калі дапамагаем іншым, бо часта дапамагаем неахвотна.


VI
Вераніка

На хустцы Веранікі Езус пакідае выяву свайго аблічча.
Можа, гэта наіўна, але мне здаецца, што Езус тут, напэўна, благаслаўляе ўсіх, хто раздае святыя абразкі.

Гэта нібы такая малая справа — даць камусьці святы абразок, але як жа часта ён застаецца ў памяці! Я ведаю людзей, якія перад смерцю просяць, каб іх пахавалі з такім абразком, які яны калісьці атрымалі, а не з іншым. Мая мама ў труне трымае мой прыміцыйны абразок. Менавіта такі абразок яна хацела мець у руках.

 

Муз Тв косметический ремонт.


VII
Падзенне

Адышоў Кірынэец, адышла Вераніка. Цяпер Езус зноў сам нясе крыж.

Ад нас таксама адыходзяць людзі, якія хочуць нам дапамагаць, але Езус да канца ідзе па Крыжовым шляху.

Важна, каб мы вытрывалі разам з Ім нават тады, калі іншыя адыдуць ад нас.


VIII
Жанчыны

Езус параўнаў сябе з зялёным дрэвам. Можа, у нашай душы Ён стаў ужо высахлаю галінаю?

Вялікі пост патрэбны для таго, каб ажывіць у сабе Езусава дрэва, каб яно зазелянела і пачало ў нас жыць. Для гэтага ёсць споведзь, святая Камунія.


ІХ
Падзенне

Езус упаў, але зноў устаў.

Як часта мы не ўмеем уставаць. Хтосьці прыходзіць у касцёл толькі па традыцыі, па звычцы, для прыкладу, для бачнасці, але не ўстаў з роспачы, нянавісці, абыякавасці. Не падняўшыся, прыходзіць у касцёл.

Трэба ўстаць, ідучы за Езусм.


Х
Агаленне

Езус прыйшоў у свет голы і адышоў з гэтага свету голы.

Мы прыйшлі голыя, але хочам адысці з дэкарацыямі добрага меркавання пра сябе і пахавання з аркестрам, з пахавальнаю прамоваю і доўгім некралогам у прэсе. Так мы разлічваем на апошнюю дэкарацыю.

Важна, каб мы ўмелі адысці з гэтага свету пазбаўленыя ўсяго, але ў Божай ласцы…


ХІ
Цвікі

Бываюць такія хвіліны, калі ёсць толькі боль, калі ўжо не можаш ані думаць, ані маліцца — толькі выць ад болю, як параненая, падбітая жывёла, як растаптаны чарвяк. Чалавек тады пэўным чынам церпіць разам з жывёламі. Найстрашнейшае пекла болю. Амаль жывёльнага.

Часам трэба прайсці і праз такое пекла, праз гэты надзвычай страшны боль, праз які прайшоў Езус.


ХІІ
Смерць

На пахаваннях мы спяваем у адной старой песні:

Няхай анёлы завядуць цябе да раю,
<…>
Няхай анёльскі хор цябе там прывітае.
Каб Лазара ты ўбогага сустрэў
І з ім там адпачынак вечны меў.

Давайце прыгадаем Лазара з евангельскай прыпавесці, які зусім апусціўся на дно, і Лазара з Бэтаніі, якому магло здавацца, што Сябар забыў пра яго. Абодва яны ўваскрэслі.

Мы адыходзім з гэтага свету, як Лазар. Лазар, гэты найшчаслівейшы бядняк, блізкі да анёлаў, бо адначасова гаворыцца пра анёлаў і Лазара.


ХІІІ
На руках Маці

Часам, калі мы ідзём спаць, нас нібы здымаюць з крыжа цяжкага дня (бо часам дзень — гэта крыж для нас). Хтосьці нават цалаваў адарваны лісток календара, — памятку крыжа, які нёс у гэты дзень.

Важна, каб мы ўмелі ў кожным дні ўбачыць крыж і неслі яго разам з Езусам…


XIV
Магіла і ўваскрасенне

Што зрабіць, каб уваскрэснуць?

Разам з Езусам прайсці Крыжовы шлях і быць пахаваным.

Мы баімся гэтага шляху, крыжа, смерці і магілы (часам пазычанай), але гэта шлях да ўваскрасення.

Толькі давяраць Богу і давяраць людзям.


На заканчэнне Крыжовага шляху

Калі мы зробім даволі простае, але разважлівае назіранне і ўбачым свае адносіны да тых, каго любім, то зловім сябе «на месцы злачынства» і зразумеем, што не варожасць да нас, а наш нямілы характар часам становіцца прычынаю скандалаў, якія мы часам учыняем. Тады мы заўважым, што можна паставіць іншае пытанне: калі мы несправядлівыя да тых, хто нас любіць, то ці гэтак жа несправядлівыя да тых, каго лічым ворагамі?

Любіць непрыяцеляў — не значыць адмаўляцца ад супольнай барацьбы за дабро, гэта значыць увесь час кантраляваць сябе: колькі ў нас эгаізму, колькі прагі помсты, колькі нялюдскага погляду на іншага чалавека, колькі ў нас ёсць са старога выслоўя: «Я табе пакажу, дзе ракі зімуюць!»? Колькі гэтага свінства месціцца ў нашых адносінах і да людзей, якія нас любяць, і да тых, каго мы лічым ворагамі?

Як часта ачышчэнне ад эгаізму дазваляе нам па-евангельску паглядзець на кожнага чалавека!

Кс. Ян Твардоўскі

Пераклад з польскай мовы Ганны Шаўчэнка.

Паводле: Ks. Jan Twardowski. Weź swój krzyż. Wybór rozważań.
Pelplin, Wydawnictwo «Bernardinum», 2008.

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла