Часопіс "Наша вера" 1-2015

Новы нумар квартальніка «Наша вера» адметны тым, што споўнілася 20 гадоў з часу яго заснавання пры Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. З гэтай нагоды змешчана слова Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча. Адметны гэты нумар і іншымі юбілеямі і датамі.

Гадавіне біскупскай сакры ардынарыя Віцебскай дыяцэзіі А. Буткевіча прысвечана інтэрв’ю з ім Ф. Сіўко пад назваю «Прыходжу, Божа, споўніць Тваю волю…».

Дзясятай гадавіне адыходу ў вечнасць папы Яна Паўла ІІ прысвечана слова К. Лялько «Да жыцця вечнага ў Богу…» і публікацыя ўрыўкаў з «Асабістых нататак» Вялікага Папы.

Пра асобу св. Тэрэзы ад Езуса — настаўніцы камуніі з Богам — апавядаецца ў матэрыяле а. А. Куляхі OCD.

Перакладчыца С. Грэсві прапануе ўвазе чытачоў раздзелы з «Жыцця святой Тэрэзы ад Езуса, запісанага ёю самою».

Гораду св. Тэрэзы — Авіле, прысвечана эсэ мастацтвазнаўцы В. Буйвала.

Працягваецца публікацыя перакладу А. Жлуткі працы Стэфана Свяжаўскага «Святы Тамаш, прачытаны нанава» — раздзел ХIV.

Літаратуразнаўца І. Багдановіч з нагоды 125-годдзя з дня нараджэння святара і паэта К. Сваяка друкуе свае новыя даследаванні з яго жыцця і творчасці ў арт. «Быць ксяндзом, афярнікам «Бога Жывога».

Працягваецца публікацыя перакладу працы англійскага пісьменніка і тэолага К. С. Льюіса «Чатыры віды любові» (Раздзел IV. «Сяброўства»).

У рубрыцы «Паэзія» змешчаны новыя вершы Я. Чыквіна і А. Данільчык.

Памяці народнага паэта Беларусі Р. Барадуліна прысвечаны арт. М. Скоблы «Храм яго паэзіі».

Даследчык Я. Янушкевіч у арт. «Адвакат Віленскай кансісторыі, або аўтографы Багушэвіча… ў Мінску» піша пра свае новыя архіўныя знаходкі. Тут жа друкуюцца два вершы Д. Бічэль у памяць Ф. Багушэвіча.

У рубрыцы «Проза» І. Жарнасек прапануе чытачам свае біяграфічныя згадкі, сабраныя пад назваю «Нашых дзён крыгаход».

Доктар мастацтвазнаўства Т. Габрусь у арт. «Ад Рыма да Нясвіжа», прысвечаным 540-годдзю Мікеланджэла, разважае пра ўплыў гэтага вялікага творцы на культуру Беларусі.

Рэстаўратар А. Шпунт у нататках з «Агульнага сшытка» разважае пра асаблівасці сваёй прафесіі і нялёгкую задачу захавання айчыннай культурнай спадчыны.

«Гравюра Францыска Скарыны ў Кнізе прарока Данііла. Сэнс мастацкай інтэрпрэтацыі» — так называецца арт. супрацоўніцы Нацыянальнага гістарычнага музея Беларусі І. Зварыкі, у якім яна цікава разважае пра сэнс выяваў льва ў працах знакамітага першадрукара.

Даследаванню аднаго з помнікаў перакладной літаратуры Беларусі прысвечаны арт. літаратуразнаўцы У. Кароткага «Булава, з пяром злучаная. Хрысціянскі запавет гетмана Гасеўскага».

Мастак М. Купава ў эсэ «Art-Ворша-Рубон» піша пра творчыя здабыткі суполкі «Пагоня» і яе нядаўнюю выставу ў Мінску, прысвечаную Аршанскай бітве.

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла