«А вы — сведкі гэтага»

Трэцяя Велікодная нядзеля, год В (19.04.2015)

«Яны таксама расказалі пра тое, што здарылася ў дарозе, і як пазналі Яго ў ламанні хлеба. Калі яны казалі пра гэта, сам Езус стаў сярод іх і сказаў ім: “Спакой вам!” Збянтэжаныя і напалоханыя, яны думалі, што бачаць духа. Але Ён сказаў ім: “Чаму разгубіліся, і чаму сумненні ўзніклі ў вашых сэрцах? Паглядзіце на Мае рукі і ногі: гэта Я. Дакраніцеся да Мяне і пераканайцеся: дух не мае цела і касцей; як бачыце, Я іх маю”. Пасля гэтых слоў Ён паказаў ім рукі і ногі. А калі яны ад радасці яшчэ не верылі і дзівіліся, Ён сказаў ім: “Ці маеце тут што з’есці?” Яны падалі Яму кавалак печанай рыбы. Ён узяў і еў перад імі. І сказаў ім: “Вось словы Мае, сказаныя вам, калі Я быў яшчэ з вамі, што павінна збыцца ўсё напісанае пра Мяне ў Законе Майсея і ў прарокаў, і ў псальмах”. Тады адкрыў іх розум, каб яны разумелі Пісанне. І сказаў ім: “Так напісана, што Месія павінен цярпець і ўваскрэснуць на трэці дзень з мёртвых, і ў Ягонае імя павінна абвяшчацца пакаянне дзеля адпушчэння грахоў усім народам, пачынаючы ад Ерузалема. А вы — сведкі гэтага”» (Лк 24, 35–48).

«А вы — сведкі гэтага»

Паглядзеўшы на гісторыю свайго жыцця, мы ўбачым, што яна развіваецца паступова. Мы нарадзіліся, раслі, магчыма, хадзілі ў дзіцячы садок, пазней пайшлі ў школу, затым працавалі альбо вучыліся. Няма ў нашай жыццёвай гісторыі перапынкаў, часу які праходзіць марна. Нават калі здаецца, што нічога звычайнага не адбываецца, мы далей рухаемся да мэты нашага жыцця. Жыццё мае свой кірунак. Бог — вось кірунак жыцця для хрысціяніна. У гісторыі збаўлення няма «дзірак». Яна імкнецца да моманту, калі Езус прыходзіць на зямлю, вечны Бог уваходзіць у час, але застаецца Богам. Ён прыходзіць, каб запрасіць нас у вечнасць. Здавалася б, смерць Езуса павінна была стаць апошнім этапам гісторыі збаўлення. Калі б не ўваскрасенне… «І сказаў ім: Так напісана, што Месія павінен цярпець і ўваскрэснуць на трэці дзень з мёртвых, і ў Ягонае імя павінна абвяшчацца пакаянне дзеля адпушчэння грахоў усім народам, пачынаючы ад Ерузалема». Смерць і ўваскрасенне Езуса — гэта не дзве часткі, не дзве серыі нейкай драмы, але адна гісторыя, якая яшчэ працягваецца. Слова Божае яшчэ абвяшчаецца. А словы Езуса: «А вы — сведкі гэтага» запрашаюць кожнага з нас прыняць удзел у гэтай гісторыі — да моманту, калі Збавіцель зноў прыйдзе ў хвале.

Айцец Павел Мажэйка OP

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла