«Я жыццё сваё аддаю за авечак»

Чацвёртая Велікодная нядзеля, год В (26.04.2015)

«Я — добры пастыр. Добры пастыр аддае жыццё сваё за авечак. Найміт і не пастыр, якому не належаць авечкі, калі бачыць, што прыходзіць воўк, кідае авечак і ўцякае, а воўк хапае і разганяе іх. [Уцякае], бо ён найміт і не клапоціцца пра авечак. Я — добры пастыр і ведаю сваіх, а Мае ведаюць Мяне, як Мяне ведае Айцец і Я ведаю Айца. Я жыццё сваё аддаю за авечак. Ёсць у Мяне і іншыя авечкі, якія не з гэтага двара. І гэтых Мне трэба прывесці, і яны будуць слухаць голас Мой, і будзе адзін статак і адзін пастыр. За тое любіць Мяне Айцец, што Я аддаю жыццё сваё, каб узяць Яго зноў. Ніхто не адбірае яго ў Мяне, але Я сам аддаю яго. Я маю ўладу яго аддаць і маю ўладу зноў узяць яго. Такую запаведзь Я атрымаў ад Айца Майго» (Ян 10,11–18).

«Я жыццё сваё аддаю за авечак»

Са старажытных часоў сакральнае мастацтва ахвотна паказвае Збаўцу як Пастыра. І на сціплых роспісах у катакомбах, і на каштоўных мазаіках велічных базылік, а таксама ў скульптурных выявах многія пакаленні хрысціянаў бачаць у гэтым вобразе Езуса, на плячах якога спачывае, нагадваючы бэльку крыжа (фактычна Ён ёю стаў), авечка, у якой кожны можа распазнаць сябе. Не гледзячы ні на што, ніводная з авечак шматлікай Божай аўчарні не застаецца без Яго любові і апекі. Кожную з іх Добры Пастыр ведае асабіста, за кожную аддае жыццё.

«Agnus redemit oves» («Ягнё збавіла авечак») — спяваем у Велікоднай секвенцыі. Збавіў вялікім коштам — сваёю Боскаю крывёю. Спрадвечны Пастыр сам стаў Ягнём, каб замяніць сабою прызначаных на забіццё авечак і гэтай адзінай сапраднай складзенай раз і назаўсёды Ахвярай выратаваць іх ад вечнай загубы. А з іншага боку, Ён робіць некаторых ягнят са свайго статку пастырамі, каб на працягу ўсіх вякоў несці гэтаму ж статку праз іх паслугу Слова жыцця і сакрамэнтальны спажытак.

І сёння ў Евангеллі Уваскрослы Збаўца звяртае асаблівую ўвагу на тых, хто з Яго ласкі выконвае пастырскае служэнне ў Яго Касцёле, бо толькі тады яны будуць мець дастаткова мудрасці, сілаў і адвагі, каб распазнаць і выкрыць ваўкоў у авечай скуры, якія губяць душы ілжывымі вучэннямі, і самім у іх не ператварыцца. Калі яны будуць мужна абараняць ад гэтай небяспекі сваіх братоў і сясцёр па веры, калі самі заўсёды будуць заставацца сціплымі ягнятамі пры Божым Пастыры, першымі слухаць Яго голасу, то ахвотна пойдуць за Ім на «зялёныя пашы» і «спакойныя воды» ў Нябесным Валадарстве.

Айцец Міхал Ермашкевіч OP

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла