Праз 35 гадоў мусульманаў будзе амаль столькі колькі і хрысціянаў

Праз 35 гадоў у свеце мусульманаў будзе амаль столькі колькі і хрысціянаў — дае прагноз амерыканскі даследчыцкі цэнтр «Pew Research Center». Прычынаю такой сітуацыі стануць дэмаграфічныя змены.

Інстытут пад назваю «Будучыня рэлігіі ў свеце: прагноз 2010–2050» бярэ пад увагу цяперашнюю колькасць і геаграфічнае размяшчэнне вялікіх рэлігій, розніцу ва ўзросце, паказчыкі нараджальнасці і смяротнасці, а таксама міжнародную міграцыю. З гэтага вынікае, што на працягу бліжэйшых дзесяцігоддзяў зменіцца рэлігійнае аблічча насельніцтва зямлі. На такую сітуацыю найперш будуць уплываць паказчыкі нараджальнасці ў розных рэлігіях.

Аднак даследчыцкі цэнтр «Pew Research Center» папярэджвае, што прагнозы могуць мяняцца з-за войнаў, грамадскіх і палітычных рухаў, прыродных катастрофаў і гаспадарчых умоваў, якія могуць «непрадказальна запаволіць ход дэмаграфічных тэндэнцый».

Паводле дадзеных «Pew Research Center» у 2010 г. хрысціянства было найбольшай рэлігіяй свету — налічвала каля 2,2 млн чалавек або амаль 1/3 (31 %) ад 6,9 млрд жыхароў зямлі. Другое месца займаў іслам з 1,6 млрд прыхільнікаў або амаль 1/4 (23 %) насельніцтва. Аднак калі захаваюцца цяперашнія дэмаграфічныя тэндэнцыі, то ў 2050 г. колькасць мусульманаў амаль параўняецца з колькасцю хрысціянаў.

У 2010–2050 гадах колькасць насельніцтва зямлі вырасце на 35 %, да 9,3 млрд людзей. За гэты перыяд колькасць мусульманаў — маладой папуляцыі з высокім паказчыкам нараджальнасці — павялічыцца на 73 %. Колькасць хрысціянаў таксама павялічыцца, але толькі на 35 %. У выніку праз 35 гадоў у свеце будзе 2,8 млрд прыхільнікаў ісламу (30 % насельніцтва) і 2,9 млрд вызнаўцаў Хрыста (31 %).

Колькасны рост зафіксуюць таксама іншыя галоўныя рэлігіі, за выключэннем будызму (зніжэнне на 0,3 %), бо прыхільнікі гэтай рэлігіі вызначаюцца нізкім паказчыкам нараджальнасці і старэннем насельніцтва ў Кітаі, Тайландзе і Японіі.

Індуісты павялічаць сваю колькасць на 34 % — з крыху больш за 1 млрд на амаль 1,4 млрд. Павялічыцца таксама (на 16 %) колькасць габрэяў — з 14 на 16,1 млн, а таксама на 11 % розных народных рэлігій (традыцыйных афрыканскіх, кітайскіх, індыянскіх, абарыгенскіх вераванняў) — з 405 да амаль 450 млн. Калі гаварыць пра іншыя рэлігіі (бахаістаў, джайнаў, сікхаў, даасістаў і інш.), то яны палічаныя разам і колькасць іх прыхільнікаў павялічыцца на 6 % — з 58 да 61 млн.

Зменшыцца працэнт людзей (з 16 да 13), якія не вызнаюць ніякай рэлігіі, хоць іх колькасць павялічыцца з 1,1 да 1,2 млрд. Гэта павелічэнне будзе заўважнае ў некаторых еўрапейскіх краінах (асабліва ў Францыі), а таксама ў ЗША.

Сваё даследаванне па 198 дзяржавах «Pew Research Center» падзяліў на 6 вялікіх рэгіёнаў. Так, напрыклад, у Субсахарнай Афрыцы, у раёне Бліжняга Усходу і Паўночнай Афрыкі з улікам вышэйшага за сярэднесусветны паказчык нараджальнасці прагназуецца вялікі прырост мусульманаў. У той жа час на поўдні ад Сахары будзе жыць 1/4 хрысціянаў свету.

Праз 35 гадоў Азія і Акіянія будзе налічваць 53 % насельніцтва свету (у 2010 г. было каля 59 %). На гэта паўплывае запаволенае павелічэнне рэлігій, сканцэнтраваных у гэтым рэгіёне, напр., будызму. Індыя хоць і застанецца ў большасці індуісцкім краем, але стане краінаю з найбольшым паказчыкам прыхільнікаў ісламу (апярэджваючы дамінуючую цяпер Інданэзію).

Еўропа — гэта адзіны кантынент, насельніцтва якога зменшыцца. У выніку колькасць хрысціянаў зменшыцца тут на 100 млн (да 454 млн). Нягледзячы на гэта, яны надалей будуць заставацца большасцю жыхароў, хоць іх будзе ўжо менш на 2/3, а не на 3/4, як гэта было ў 2010 годзе. У той жа час 23 % жыхароў нашага кантынета не будуць вызнаваць ніякай рэлігіі, а 10 % стане мусульманамі (іх колькасць павялічыцца на 5,9 % хутчэй, чым за папярэднія 5 гадоў).

Цікава, што становішча хрысціянаў у Вялікабрытаніі не зменіцца: у 2010 г. яны складалі 2/3 ад агульнай колькасці жыхароў, а праз 40 гадоў іх павінна быць крыху больш за 45 %. Людзі, якія не будуць вызнаваць ніякай рэлігіі, складуць 39 %. У гэту катэгорыю перадусім увойдуць вернікі англіканскай Царквы. У выніку двухкратнага павелічэння колькасці мусульманаў (да 11,3 % насельніцтва) Вялікабрытанія будзе домам найбольшай мусульманскай супольнасці ў Еўропе, апярэджваючы Францыю, Германію і Бельгію.

А ў Паўночнай Амерыцы хрысціяне надалей будуць складаць большасць насельніцтва (66,4 %), нягледзячы на іх значнае змяншэнне (у 2010 г. іх было 78,3 %). Колькасць нерэлігійных людзей узрасце з 16,4 да 25,6 %. Відавочна, што ў палове ХХІ ст. у ЗША мусульманаў будзе больш (2,1 % насельніцтва), чым габрэяў (1,4 %).

Невялікія змены адбудуцца не на карысць хрысціянаў у Лацінскай Амерыцы і на Карыбах, дзе колькасць хрысціянаў знізіцца да 89 % з 90, але яны надалей будуць дамінаваць у гэтым кутку свету.

Пераклад з польскай мовы Іны Бігель.
Паводле www.kai.pl

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла