Пра апостальства свецкіх

Прапануем паразважаць пра апостальства свецкіх людзей, звярнуўшыся да дакументаў Другога Ватыканскага Сабору, а менавіта да дэкрэта «Apostolicam actuositatem».

З дэкрэта Другога Ватыканскага Сабору «Apostolicam actuositatem»

Уступ

1. Святы Сабор, жадаючы ажывіць апостальскую дзейнасць Божага народу1, скіроўвае свой клапатлівы позірк на свецкіх вернікаў, пра асаблівы і абсалютна неабходны ўдзел якіх у місіі Касцёла ён узгадваў ужо ў іншых месцах2. Апостальская дзейнасць свецкіх, якая вынікае з іх хрысціянскага паклікання, заўсёды павінна ажыццяўляцца ў Касцёле. Наколькі дабравольнай і плённай была такая дзейнасць у раннім Касцёле, выразна сведчыць Святое Пісанне (пар. Дз 11, 19-21; 18, 26; Рым 16, 1-16; Флп 4, 3).

Але і наш час чакае ад свецкіх людзей не меншай адданасці. Больш за тое, сённяшнія ўмовы патрабуюць ад іх больш інтэнсіўнага i шырэйшага апостальства. Пастаянны рост насельніцт­ва, навукова-тэхнічны прагрэс і больш цесныя сувязі паміж людзьмі не толькі значна пашырылі сферы апостальства свецкіх, даступныя пераважна толькі для іх, але і ўзнялі новыя праблемы, якія патрабуюць ад свецкіх пільнага клопату i стараннасці. Такога тыпу апостальства становіцца ўсё больш неабходным, паколькі незалежнасць многіх сфераў жыцця чалавека, як гэта і павінна быць, у значнай ступені ўзрасла, што нярэдка спалучаецца з пэўным адыходам ад этычнага і рэлігійнага парадку і з небяспекай для хрысціянскага жыцця. Апроч гэтага, у многіх рэгіёнах, дзе вельмі мала святароў або — як гэта часам здараецца — яны пазбаўлены адпаведнай свабоды, неабходнай для пастырства, Касцёл без супрацоўніцтва свецкіх амаль перастаў бы існаваць і дзейнічаць. Сведчаннем такой разнастайнай і вялікай неабходнасці з’яўляецца бачнае дзеянне Духа Святога, які сёння дапамагае свецкім усё больш усвядоміць сваю адказнасць i пабуджае іх усюды да служэння Хрысту і Касцёлу3. <…>

Раздзел І
ПАКЛІКАННЕ СВЕЦКІХ ДА АПОСТАЛЬСТВА

2. Касцёл заснаваны для таго, каб праз пашырэнне Хрыстовага Валадарства па ўсёй зямлі дзеля хвалы Айца зрабіць усіх лю­дзей удзельнікамі збаўчага адкуплення4, i каб праз іх увесь свет сапраўды скіраваўся да Хрыста. Усялякая дзейнасць Містычнага цела ў гэтым кірунку называецца апостальствам. Касцёл здзяй­сняе яго пры дапамозе ўсіх сваіх членаў, аднак па-рознаму. Хрысціянскае пакліканне па сваёй сутнасці з’яўляецца таксама пакліканнем да апостальства. Як ніводная частка жывога цела не бывае абсалютна пасіўнай, але ўдзельнічае ў жыцці цела і ў яго дзейнасці, так і ў целе Хрыста, якім ёсць Касцёл, усё цела «ў меру дзеяння кожнай асобнай часткі, атрымлівае ўзрастанне» (Эф 4, 16). Больш за тое, узаемасувязь i еднасць частак у гэтым целе настолькі вялікая (пар. Эф 4, 16), што частку, якая не прычыняецца паводле сваёй магчымасці да ўзросту цела, трэба лічыць бескарыснай як для яе самой, так і для Касцёла.

У Касцёле пры адзінстве місіі існуе разнастайнасць паслугаў. Апосталам і іх наступнікам Хрыстус даручыў абавязак навучання, асвячэння i кіравання ад Яго імя і паводле Яго моцы. Аднак і свецкія, стаўшы ўдзельнікамі святарскай, прароцкай і каралеўскай функцыі Хрыста, здзяйсняюць у Касцёле i ў свеце сваю частку місіі ўсяго Божага народу5.

Іх дзей­насць сапраўды з’яўляецца апостальствам, бо здзяйсняецца дзеля евангелізацыі і асвячэння людзей i дзеля таго, каб напоў­ніць евангельскім духам і ўдасканаліць парадак зямных спраў, таму іх намаганні з’яўляюцца выразным сведчаннем пра Хрыста i служаць збаўленню людзей. Паколькі характэрнай рысай, уласцівай стану свецкіх, з’яўляецца жыццё ў свеце i сярод зямных спраў, Бог кліча свецкіх споўніць сваё апостальства ў свеце з жывым хрысціянскім духам, падобна рошчыне.

3. Абавязак i права здзяйсняць апостальства свецкія атрымліваюць на падставе свайго з’яднання з Хрыстом Галавою. Прышчэпленыя праз хрост да Містычнага цела Хрыста і ўмацаваныя моцай Духа Святога праз канфірмацыю, яны самім Панам прызначаны да апостальства. Атрымліваюць пасвячэнне ў каралеўскае святарства i святы народ (пар. 1 П 2, 4-10), каб праз усялякія ўчынкі прыносіць духоўныя ахвяры i па ўсёй зямлі даваць сведчанне пра Хрыста. Дзякуючы сакрамэнтам, асабліва Эўхарыстыі, удзяляецца і жывіцца тая любоў, якая з’яўляецца душой усяго апостальства6.

Апостальства здзяйсняецца ў веры, надзеі і любові, якія Дух Святы ўлівае ў сэрцы ўсіх членаў Касцёла. Акрамя гэтага, запа­ведзь любові, якая з’яўляецца найбольшым наказам Пана, пабуджае ўсіх хрысціянаў клапа­ціцца пра Божую хвалу праз надыход Яго валадарства i пра вечнае жыццё для ўсіх людзей, каб яны пазналі адзінага праўдзівага Бога і пасланага Ім Езуса Хрыста (пар. Ян 17, 3).

Таму ўсе вернікі маюць узнёслы абавязак прычыняцца да таго, каб усе людзі ва ўсім свеце пазналі i прынялі Божы збаўчы заклік.

Для ажыццяўлення гэтага апостальства Дух Святы, які асвячае Божы народ праз служэнне і сакрамэнты, удзяляе вернікам таксама іншыя спецыяльныя дары (пар. 1 Кар 12, 7), «удзяляе кожнаму паасобку, як жадае» (1 Кар 12, 11), каб яны служылі адзін аднаму тым дарам, які кожны атрымаў, і былі «як добрыя распарадчыкі разнастайнай ласкі Божай» (1 П 4, 10) дзеля будавання ўсяго цела ў любові (пар. Эф 4, 16). З прыняцця гэтых харызмаў, нават самых звычайных, нараджаецца для кожнага веруючага права i абавязак выкарыстоўваць іх у Касцёле i свеце для дабра людзей i будавання Касцёла ў свабодзе Духа Святога, які «вее там, дзе хоча» (Ян 3, 8), і адначасова ў еднасці з братамі ў Хрысце, асабліва са сваімі пастырамі, якія павінны ацэньваць сапраўдную прыроду гэтых дароў i належна іх ужываць. Зразумела, не для таго, каб гасіць Духа, але каб выпрабаваць усё i захаваць тое, што добрае (пар. 1 Тэс 5, 12.19.21)7.

4. Паколькі Хрыстус, пасланы Айцом, ёсць Крыніцай i Пачаткам усяго апостальства Касцёла, то, канешне, плённасць апостальства свецкіх залежыць ад іх жыццёвага з’яднання з Хрыстом паводле слоў Пана: «Хто застаецца ўва Мне, а Я ў ім, той прыносіць багаты плён, бо без Мяне нічога не можаце зрабіць» (Ян 15, 5). Гэтае жыццё ў самым глыбокім з’яднанні з Хрыстом падтрымліваецца ў Касцёле духоўнымі сродкамі, агульнымі для ўсіх вернікаў, асабліва актыўным удзелам у святой Літургіі8. Свецкія павінны так выкарыстоўваць гэтыя сродкі, каб, дакладна спаўняючы зямныя абавязкі ў звычайных жыццёвых умовах, не страціць у сваім жыцці еднасці з Хрыстом, але ўсё больш узрастаць у ёй, выконваючы сваю працу паводле Божай волі. На гэтым шляху свецкія павінны старанна і з радасцю ўзрастаць у святасці, намагаючыся разважліва і цярпліва перамагаць цяжкасці9. Ні сямейныя клопаты, ні іншыя зямныя справы не павінны заставацца па-за сферай іх духоўнага жыцця паводле слоў Апостала: «Усё, што б вы ні рабілі словам ці ўчынкам, усё рабіце ў імя Пана Езуса, дзякуючы праз Яго Богу Айцу» (Клс 3, 17).

Такое жыццё патрабуе няспыннага ўдасканалення веры, надзеі і любові.

Толькі ў святле веры i ў разважанні над Божым словам кожны можа заўсёды i ўсюды пазнаваць Бога, у якім мы «жывём, рухаемся і існуём» (Дз 17, 28); у кожнай падзеі шукаць Ягоную волю, бачыць Хрыста ў кожным чалавеку, бліжні ён ці чужы; можа трапна заўважаць праўдзівае значэнне i вартасць зямных рэчаў як саміх па сабе, так і адносна мэты чалавека.

Тыя, хто мае такую веру, жывуць у надзеі аб’яўлення сыноў Божых, памятаючы пра крыж i ўваскрасенне Пана.

У пілігрымаванні па гэтым зямным жыцці, схаваныя з Хрыстом у Богу, свабодныя ад путаў багацця, звяртаючыся да вечных дабротаў, яны велікадушна і цалкам прысвячаюць сябе пашырэнню Божага Валадарства, фарміраванню i ўдасканаленню парадку зямных спраў у хрысціянскім духу. Сярод цяж­касцяў гэтага жыцця яны знаходзяць сілу ў надзеі, маючы перакананне, «што цярпенні цяперашняга часу нягодныя той славы, якая павінна выявіцца ў нас» (Рым 8, 18).

Узрушаныя любоўю, што паходзіць ад Бога, яны робяць дабро ўсім, асабліва братам у веры (пар. Гал 6, 10), «адклаўшы ўсялякую зласлівасць і ўсякі подступ, крывадушнасць і зайздрасць ды ўсякае зласлоўе» (1 П 2, 1), i так прыцягваюць людзей да Хрыста. А Божая любоў, якая «вылілася ў сэрцы нашыя праз Духа Святога, які дадзены нам» (Рым 5, 5), робіць свецкіх лю­дзей здольнымі сапраўды выяўляць у сваім жыцці дух евангельскіх благаслаўленняў. Ідучы за ўбогім Хрыстом, няхай не падаюць духам з прычыны нястачы і не ганарацца з прычыны шматлікіх зямных дабротаў; наследуючы пакорнага Хрыста, няхай не імкнуцца да марнай славы (пар. Гал 5, 26), але стараюцца больш падабацца Богу, а не людзям; няхай заўсёды будуць гатовыя пакінуць усё для Хрыста (пар. Лк 14, 26) i цярпець пераслед дзеля справядлівасці (пар. Mц 5, 10), памятаючы словы Пана: «Калі хто хоча ісці за Мною, няхай адрачэцца ад сябе і возьме крыж свой, і ідзе следам за Мною» (Mц 16, 24). Жывучы паміж сабою ў хрысціянскім сяброўстве, няхай спяшаюцца на дапамогу адзін аднаму ў кожнай патрэбе.

Сужэнства і сям’я, бясшлюб­насць або ўдаўство, хвароба, прафесійная і грамадская дзейнасць павінны вызначаць своеасаблівыя рысы духоўнасці свецкіх. Таму свецкія павінны няспынна развіваць якасці і таленты, якія адпавядаюць умовам іх жыцця, i выкарыстоўваць асабістыя дары, прынятыя ад Духа Святога.

Акрамя гэтага, свецкія, якія, ідучы за сваім пакліканнем, уступілі ў пэўны інстытут або ў нейкае таварыства, зацверджаныя Касцёлам, павінны таксама імкнуцца пазнаваць асаблівасці духоўнага жыцця, уласцівыя дадзенаму інстытуту або таварыству.

Няхай таксама высока цэняць прафесійныя навыкі, сямейнае і грамадзянскае пачуццё, а таксама цноты, якія датычаць адносінаў у грамадстве: сумленнасць, пачуццё справядлі­васці, шчырасць, чалавечнасць, мужнасць, без якіх немагчыма сапраўднае хрысціянскае жыццё.

Дасканалым прыкладам такога духоўнага і апостальскага жыцця з’яўляецца Найсвяцейшая Дзева Марыя, Каралева Апосталаў, якая падчас зямнога жыцця, падобнага да іншых, поўнага сямейных клопатаў і працы, заўсёды трывала ў цеснай еднасці са сваім Сынам i асаблівым чынам саўдзельнічала ў справе Збаўцы. Цяпер, узятая ў Неба, «дзякуючы сваёй Мацярынскай любові Яна апякуецца братамі свайго Сына, якія яшчэ пілігрымуюць і знахо­дзяцца сярод небяспекі i цярпенняў, пакуль не будуць даведзеныя да шчаслівай Айчыны»10. Няхай усе з вялікай пабожнасцю ўшаноўваюць Яе i даручаюць Яе мацярын­скай апецы сваё жыццё і апостальства. <…>

Паводле: «Дакументы Другога Ватыканскага Сабору», — Мінск: «Про Хрысто». 2008.


  1. Пар. IOANNES XXIII, Const. Apost. Humanae Salutis, 25 dec. 1961: AAS 54 (1962), pp. 7-10.
  2. Пар. CONC. VAT. II, Const. dogm. de Ecclesia, Lumen gentium, nn. 33 ss.: AAS 57 (1965), pp. 39 s.; пар. таксама Const. de Sacra Liturgia, Sacrosanctum Concilium, nn. 26-40: AAS 56 (1964), pp. 107-111; пар. Decr. de Instrumentis communicationis socialis, Inter mirifica: AAS 56 (1964), pp. 145-153; пар. Decr. de Oecumenismo, Unitatis redintegratio: AAS 57 (1965), pp. 90-107; пар. Decr. de Pastorali Episcoporum munere in Ecclesia, Christus Dominus, nn. 16, 17, 18; пар. Declaratio de Educatione christiana, Gravissimum educationis, nn. 3, 5, 7.
  3. Пар. PIUS XII, Alloc. ad Cardinales, 18 febr. 1946: AAS 38 (1946), pp. 101-102; ён жа, Sermo ad Iuvenes Operarios Catholicos, 25 aug. 1957: AAS 49 (1957), p. 843.
  4. Пар. PIUS XI, Litt. Encycl. Rerum Ecclesiae: AAS 18 (1926), p. 65.
  5. Пар. CONC. VAT. II, Const. dogm. de Ecclesia, Lumen gentium, n. 31: AAS 57 (1965), p. 37.
  6. Пар. тамсама, n. 33, p. 39; пар. таксама, n. 10, p. 14.
  7. Пар. тамсама, n. 12, p. 16.
  8. Пар. CONC. VAT. II, Const. de Sacra Liturgia, Sacrosanctum Concilium: cap. I, n. 11: AAS 56 (1964), pp. 102-103.
  9. Пар. CONC. VAT. II, Const. dogm. de Ecclesia, Lumen gentium, n. 32: AAS 57 (1965), p. 38; пар. таксама, n. 40-41, pp. 45-47.
  10. Тамсама, n. 62, p. 63; пар. таксама, n. 65, pp. 64-65.

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней