Разважанні над запаведзямі Дэкалога паводле кс. Эдварда Станека. Шостая запаведзь

РАЗВАЖАННЕ ПРА БОЖЫЯ ЗАПАВЕДЗІ
з нагоды малітоўнай падрыхтоўкі да прысвячэння
Мінска-Магілёўскай мітраполіі Найсвяцейшаму Сэрцу Езуса

Шостая запаведзь
НЕ ЧУЖАЛОЖ
(разважанне паводле кс. Эдварда Станека)

(...) Бог так стварыў чалавецтва, што два розныя светы — мужчына і жанчына — узаемадапаўняюцца і ўтвараюць дасканалае адзінства. Асноваю ж гэтага адзінства з’яўляецца сужэнскі саюз. «Будуць двое ў адным целе». Прычым, гаворка ідзе не толькі пра паяднанне целаў, але і пра паяднанне духу. Пра тое, каб мужчына быў узбагачаны светам жанчыны і жанчына — светам мужчыны.

Таму, калі будзе зроблены выбар і наступіць спатканне, мужчына і жанчына стануць перад сур’ёзным заданнем: будаваць адзінства між сабою. Гэта цяжкае заданне, не абыдзецца тут без памылак і хібаў, тым больш, што звычайна ні адно ні другое не маюць ніякага вопыту. Гэта іх першае супольнае заданне і ў вернасці гэтаму заданню выявіцца іх чалавечая веліч.

Цяжкасці могуць быць велізарныя. Мы ніколі не ў стане дакладна распазнаць кандыдата на сужэнца. Заўсёды трэба прымаць яго такім, якім ён ёсць, і трэба яго любіць такога, які ёсць. Касцёл, жадаючы дапамагчы ў захаванні гэтай вернасці, вымагае ад сужонкаў напачатку іх супольнай дарогі, каб прамовілі вялікія словы: «прысягаю табе любоў, вернасць і сужэнскую пашану, а таксама, што не пакіну цябе аж да смерці». Гэта прысяга мае абавязковы характар. Сужэнец не гаворыць: прысягаю табе вернасць, калі і ты мне будзеш верная. Не! Прысягаю перад Богам, што я буду табе верны, што тут можаш на мяне разлічваць. Прысягаю, што ў будове нашага адзінства я вытрываю аж да смерці.

На гэтым фоне мы можам зразумець усю важнасць шостай Божай запаведзі. Творца кажа: «не чужалож». Гэта значыць, не працягвай рукі па іншага мужчыну, па іншую жанчыну, бо тады знішчыш гэта адзінства, якое павінен будаваць. Замест таго, каб узводзіць, будзеш разбураць. Ніколі не заслужыць павагі ані ў Бога, ані ў людзей той, хто знішчае, хто не справіўся з узятым на сябе заданнем. Таму чужалоства — гэта няшчасце, якое перажывае сам чужаложнік. Гэта доказ таго, што такі чалавек не ўмее, не здольны, а перадусім — не хоча справіцца з заданнем, якога вымагае сужэнства.

Божы наказ «не чужалож» — гэта найперш перасцярога перад няшчасцем у тваім жыцці. Няшчасце, маштаб якога немагчыма прадбачыць. Жыццё ў нас адно і кароткае, яго можна альбо выйграць альбо прайграць — на эксперыменты няма ні месца, ні часу. «Не чужалож» — гэта таксама перасцярога перад тым, каб не зрабіць не­шчаслівымі іншых. Наша любоў абмежаваная; калі мы пачнем яе дзяліць, то нікога не будзем любіць па-сапраўднаму. Пазасужэнскі раман — раўназначны абкрадванню сужонка, прытым ў чалавека крадзецца самае каштоўнае — любоў.

Чужалоства — заўсёды вельмі балючая і крывавая рана, якая наносіцца таму «адзінаму це­лу», якое па волі Божай утвараюць сужонкі. Яно — крыніца цярпення, замкнутасці, самотнасці, ня­шчасця, якое перажывае падманутыы сужонак і дзеці.

«Не чужалож» — гэта выключэнне магчымасці пакінуць чалавека, гэта заклік узяць на сябе адказнасць за другога. Можаш змяніць машыну, дом, працу, поле, сяброў — усё. Але нельга змяніць мужа, жонкі, дзяцей. Іх можна кінуць, але яны заўсёды будуць выносіць табе прысуд.

Таму шостая запаведзь абараняе вялікія каштоўнасці, якія сведчаць аб развіцці чалавецтва. У сужэнскай вернасці заключаны шанец развіцця чалавека. Бо вернасць — гэта сіла, здольная перамагчы ўсе цяжкасці і атрымаць поўную жыццёвую перамогу.

Нават калі іншы бок апусціцца на дно (напр. п’янства), Бог заклікае захоўваць вернасць, бо павінен быць хтосьці, хто падтрымае чалавека ў гэтай бядзе.

Можна разысціся, можна выхаваць дзяцей асобна, калі таго вымагае іхняе дабро (дрэнны ўплыў аднаго з бацькоў, небяспека для жыцця і здароўя), але нельга здра­дзіць. Трэба захаваць вернасць, у якой прысягалі на шлюбе, няхай сужэнец ведае, што ёсць хтосьці, хто ў яго верыць, хто за яго моліцца. Бо пакуль адзін верны, датуль другі мае шанец уратавацца.

Кожная захаваная вернасць — гэта вялікі асабісты поспех вернага сужонка і вялікае грамадскае дабро. Гэта крок наперад у развіцці асобнага чалавека і ўсяго чалавецтва. Тым часам кожнае чужалоства, кожная сужэнская здрада — бяда чалавека, які здраджвае, і аслабленне грамадства. Бо яна замест таго, каб творча будаваць, знішчае і раніць.

Пажадлівасць — гэта Божы дар

Бог усклаў на чалавека адказнасць за адзін з вялікіх дароў — дар перадаваць жыццё наступным пакаленням. Наколькі ў жывёльным свеце Ён падпарадкаваў гэты дар цвёрдым законам прыроды, настолькі даверыў чалавеку самому ім распараджацца. Адзінае абмежаванне гэтага дару з боку Творцы заключаецца ў закліку выкарыстоўваць яго ў сужэнстве. Гэта бар’ер, які паставіў Бог. Сужэнства — вось месца выкарыстання гэтага дару.

Пажадлівасць як Божы дар — добрая. Гэта магутная сіла, якая жыве ў нас, яна скіравана на прыемнае спатканне з другім чалавекам дзеля перадачы жыцця. Паколькі яна добрая і сыходзіць ад Бога, то не трэба яе ані палохацца, ані знішчаць — трэба ёю апанаваць і асвяціць яе. Гэты дар цесна звязаны з нашым целам. Адсюль вынікае, што мы павінны заўсёды памятаць, што наша цела створана і цудоўным чынам запраграмавана Богам.

Хрысціянін закліканы пазнаваць таямніцы людскога цела як цудоўнага Божага тварэння. Падкрэсліваю — таямніцы. Тут няма месца фальшываму сораму, тут гаворка ідзе пра пазнанне багацця таямніцы, схаванай Богам у нашым целе. Няма таксама месца пазбаўленню чалавека гэтай таямніцы і звядзенню ўсяго да працэсаў чыста фізіялагічных. Бог аб’явіў сваю мудрасць, ствараючы цела жанчыны, якое цалкам скіравана даваць жыццё. Бог аб’явіў сваю любоў, ствараючы мужчыну і жанчыну так, каб яны складалі адно цела. Адкрыццё таямніцы чалавечага цела — гэта адно з заданняў хрысціянства. У афіцыйнай навуцы Касцёла цела заўсёды было атулена пашанаю. Ян Павел ІІ прысвяціў цыкл катэхезаў людскому целу, заклікаючы ўсіх схіліцца над яго таямніцаю. Гэта варта сабе ўсвядоміць, бо сярод хрысціянаў часта сустракаюцца легкадумныя адносіны да людскога цела альбо таксама фальшывы сорам у размовах аб тым, што Бог стварыў і чым абдараваў чалавека.

Плоцкае жыццё непарыўна звязана з ахвяраваннем сябе другому чалавеку і прыняццем другога чалавека ў сваё сэрца. Бо нельга ўзбагаціць іншага гэтым дарам, не даючы сябе, і нельга прыняць гэтага дару ад другой асобы, не даючы сябе. Тут важную ролю іграе адказнасць за ахвяраванне сябе другому чалавеку і за давер, з якім іншая асоба ахвяруе сябе. У гэтым — стрыжань справы. Сутнасць запаведзі «не чужалож» заключаецца ў адказнасці за ўласную годнасць і годнасць іншага чалавека. Гэта адказнасць вымагае апанавання пажадлівасцю, бо калі чалавек над ёю не пануе, то не можа быць адказны ані за сябе, ані тым больш за іншага. Датычыць гэта таксама ўмення распазнаваць ступень адказнасці чалавека, у рукі якога мы збіраемся аддаць сябе. Бо калі аддаем сябе ў рукі безадказнага чалавека, то ён нас зні­шчыць. Такім чынам, валоданне сабою — умова, якая робіць магчымаю адпаведную ацэнку ступені адказнасці іншых. Я не павінен тут даказваць, што калі хтосьці не ў стане адказваць за сябе, то не здолее таксама ацаніць ступені адказнасці іншых. Такі чалавек проста ў гэтым нічога не разумее, не ведае, што такое адказнасць.

Адказнасць вымагае не толькі валодання сабою, але і вялікай мудрасці. Аднак паколькі да стасункаў паміж мужчынам і жанчынаю дамешваецца страсць, мудрасць часта знаходзіцца пад пагрозаю. Страсці характэрна тое, што яна заўсёды імкнецца выключыць розум. Ёй здаецца, што розум перашкаджае паўнаце шчасця. Вы­ключаючы ж розум, яна робіць немагчымаю цалкам аб’ектыўную ацэнку адказнасці іншага чалавека. Да сённяшняга дня ва ўсіх вялікіх культурах сужэнскі саюз — гэта справа бацькоў, якія ведаюць ступень адказнасці свайго дзіцяці і здольныя аб’ектыўна ацаніць яго адказнасць як кандыдата на сужэнца. Бацькі дабіраюць сужэнцаў для сваіх дзяцей. Такі звычай існуе ў Кітаі, Японіі, Індыі і ў араб­скіх краінах. Аказваецца, што такія шлюбы больш трывалыя, чым у нашым хрысціянскім свеце Еўропы і Амерыкі. Прычына гэтага простая. У нас часцей за ўсё несамастойны чалавек бярэ сабе за жонку такую ж несамастойную асобу. А таму цяжка ад шлюбу дваіх несамастойных людзей чакаць самастойнасці і трываласці. Часам нават дробная перашкода выяўляе недахоп гэтае самастойнасці і вя­дзе да разводу. Сужэнства — справа не толь­кі індывідуальнага шчасця і не можа заключацца на аснове толькі страсці. Сужэнства — гэта справа грамадская, справа вялікай адказнасці. «Не чужалож» — гэта не толькі забарона класціся ў чужы ложак, але і заклік да адказнасці за сябе і за другога чалавека, гэта заклік да клопату пра годнасць — сваю і іншых людзей.

Дашлюбныя стасункі

Я звяртаў ужо вашу ўвагу на тое, што заклік «не чужалож» стаіць на варце адказнасці чалавека за сябе і за іншую асобу, стаіць на варце годнасці мужчыны і жанчыны. Цяпер, у чарговых развагах, хачу разгледзець некалькі канкрэтных праблемаў, звязаных з шостаю запаведдзю.

Першая з іх. Запаведзь забараняе дашлюбныя стасункі, паколькі паўната сексуальнага спаткання мужчыны і жанчыны можа быць толькі ў межах сужэнства. Кожнае спатканне па-за сужэнствам — чужалоства.

Такая пазіцыя выклікае сёння незвычайна вострую крытыку. Касцёл папракаюць у непра­грэсіўнасці, у неталерантнасці, у тым, што не ідзе ў нагу з часам. Гэта крытыка ўздымаецца ва ўсім свеце. Дастаткова прагледзець прэсу, паглядзець фільмы, паслухаць радыё, каб пераканацца, што тыя, хто атакуе, не выбіраюць сродкаў. Таму варта зазначыць, што тут існуе непаразуменне, бо не Касцёл устанавіў запаведзь «не чужалож», а сам Бог. Такім чынам, людзі вымагаюць змены Божага права, а на гэта Касцёл не мае аніякага права. Усе аргументы, якія звычайна прыводзяцца, напрыклад, што 80% людзей з ложка ідзе да алтара, а не ад алтара ў ложак, не зменяць таго, што Бог кажа: «не чужалож». Хоць бы 100% людзей не захоўвала Божага права, Касцёл павінен гэтае права абвяшчаць, хоча ці не хоча — павінен, бо гэта закон Бога. Касцёл можа змяніць свае ўласныя законы, напрыклад, мог бы дазволіць пасвячаць жанатых мужчын, бо гэта касцёльнае права, але ён ніколі не можа змяніць Божага права. У дыскусіях на гэтыя тэмы трэба памятаць, што такога кшталту прэтэнзіі б’юць не па Касцёле і не па святарах, а мецяць у самога Бога як найвышэйшага Заканадаўцу.

Часта даводзіцца сустракацца з меркаваннем, што калі ўжо так ёсць, то прынамсі ксёндз не павінен гаварыць пра гэта, каб не нерваваць людзей, бо яны не хочуць гэтага чуць. Таму хацелася б зазначыць, што ксёндз не можа кіравацца тым, што хочуць чуць людзі, ён павінен сказаць тое, што яму наказвае Бог. А як людзі ўспрымуць гэта, не яго справа, бо яны слухаюць не святарскую запаведзь, а Божую, святар жа з’яўляецца толькі правадніком Божай волі. І замест таго, каб бунтаваць з тае прычыны, што Божыя запаведзі занадта суровыя, трэба запытаць у Бога, чаму Ён стаіць на такой цвёрдай пазіцыі.

Бог дбае пра тое, каб сужэнства будавалася на моцна ўгрунтаванай любові. Любоў — функцыя духу, таму найважнейшы элемент любові — паяднанне двух сэрцаў і інтэлектаў, а паяднанне целаў — толькі вынік гэтага. Калі хтосьці распачне з паяднання целаў, то ніколі не здолее адкрыць хараства, бляску і багацця сапраўднай любові. Таму час да шлюбу павінен быць успрыняты таксама як час дарастання да вялікай, сапраўднай любові. Свет, у якім мы жывем, звёў любоў толькі і выключна
да паяднання целаў. Тое, што даводзіцца назіраць амаль на кожным кроку на вуліцы ці ў грамадскім транспарце, — гэта маніфестацыя свабоды менавіта ў такім сэнсе. Маладыя людзі сцвярджаюць, што гэта любоў, але такая любоў не мае нічога агульнага з сапраўдным пачуццём. Сапраўдная любоў вымагае далікатнасці, з’яў­ляецца святасцю, і ніхто не будзе яе афішаваць на вуліцы.

Другі аргумент у падтрымку таго, каб не распачынаць стасункаў да шлюбу, — гэта годнасць жанчыны. Жанчына пры першым стасунку аддае не толькі цела, але аддае ўсю сябе. Гэта жэст яе поўнага даверу. Калі пасля яе пакідаюць, яна адчувае сябе пакрыўджанаю, губляе давер не толькі да таго чалавека, які яе пакінуў, але да людзей увогуле. Вяртанне даверу — рэч вельмі складаная, а жыццё без даверу — суцэльны жах. Жанчына можа адпаведна развівацца толькі тады, калі мае ў кімсьці апору, калі здольна паверыць. Сужэнства ў вялікай ступені гарантуе гэты давер; мужчына публічна абвяшчае, што да канца жыцця хоча быць ёй верны.

Наколькі мужчына прычыняе вялікую крыўду жанчыне, калі дамагаецца яе да жаніцьбы, знішчаючы годнасць і давер жанчыны, настолькі яна прычыняе крыўду свайму абранніку, згаджаючыся на дашлюбныя стасункі, адмаўляючыся
ад выхавання ягонай пяшчотнасці. У чым тут справа? У любові пяшчотнасць у сто разоў важнейшая за секс, а мужчына патрабуе шмат часу, каб развіць і выхаваць у сабе гэтую пяшчотнасць. Пяшчота — гэта цяпло, якім чалавек атуляе іншую асобу. Жанчыны па сваёй прыродзе настроеныя на ўспрыманне любові ў катэгорыях пяшчотнасці. Мужчына больш настроены на секс, яму патрэбны час, каб адкрыць каштоўнасць пяшчоты. Усё сямейнае жыццё грунтуецца на пяшчотнай любові. Дзецям не патрэбны секс, дзецям патрэбна пяшчота, яны чакаюць цяпла, у якім можна расці. Пазбаўленыя пяшчотнасці бацька ці маці не могуць быць добрымі бацькамі. Час перад шлюбам — гэта час дасканалення і выхавання гэтай вялікай каштоўнасці. Калі жанчына не дапаможа мужчыну ў выхаванні пяшчотнасці, то не раз ў жыцці будзе плакаць ад абыякавасці свайго мужа.

Паўната стасункаў паміж мужчынам і жанчынаю ўгрунтавана на адказнасці. Адказнасць залежыць ад моцнай волі. Калі хтосьці мае слабую волю, то яму нельга верыць, бо ў кожную хвіліну такі чалавек можа падвесці. Пажадлівасць — гэта магутная сіла, якая ўздзейнічае на волю. Калі воля здолее падпарадкаваць гэтую сілу, то тады здасць экзамен на сваю адказнасць. Пра веліч і адказнасць чалавека ў вялікай ступені сведчыць сіла яго волі.

Тут мы закранаем галоўную крыніцу нараканняў, якія я прывёў напачатку. Сённяшні свет не дбае пра моцную волю, ён лічыць, што свабода заключаецца ў магчымасці рабіць тое, што падабаецца. Тым часам так зразуметая свабода — гэта няволя. Толькі чалавек моцнай волі па-сапраўднаму вольны. Чалавек слабой волі — заўсёды нявольнік. Нядаўна я сустрэў семнаццацігадовага хлопца, перакананага ў тым, што мае моцную волю і можа рабіць усё, што хоча. Абураны на мяне з-за маіх лёгкіх кпінаў у адрас гэтай яго свабоды, ён пастанавіў даказаць мне, што мае моцную волю, просячы ўказаць яму спосаб, якім можа гэта ўчыніць. Я запытаў у яго, ці паліць ён цыгарэты. Пачуўшы станоўчы адказ, я папрасіў яго аддаць мне цыгарэты і тыдзень не паліць, а пасля прыйсці на размову. Гэта было а 14-ай гадзіне. А вечарам таго ж дня ён прыйшоў і сказаў: «Ведаеце, я не змагу». Ён шмат разоў спрабаваў кінуць паліць, а праз два месяцы адкінуў намер даказаць, што мае моцную волю.

Калі чалавек не здольны адмовіцца ад цыгарэты, то не трэба здзіўляцца, што ён не здольны адмовіцца ад дашлюбных стасункаў. Бо сіла прыроджанай пажадлівасці нашмат большая, чым нікацінавы голад. Гэта важны момант.

Час перад сужэнствам, за які чалавек павінен ацаніць ступень адказнасці іншай асобы ў яе намаганні захаваць сексуальную стрыманасць, дазваляе зразумець, наколькі моцная наша воля і наколькі мы можам даверыцца іншаму чалавеку.

Кантрацэпцыя

У нашых развагах над шостаю запаведдзю я хацеў бы спыніцца на вельмі спрэчнай тэме. Маю на ўвазе адносіны Бога да кантрацэпцыі. Не адносіны Касцёла, бо гэта не касцёльнае права, а Божае. На першы погляд гэта праблема не вяжацца з запаведдзю «не чужалож». У Дэкалогу не сказана: «не ўжывай кантрацэптыўных сродкаў». Хтосьці можа абмежаваць запаведзь Дэкалогу да сцвярджэння: калі я жыву ў сужэнстве, то магу рабіць усё, што мне падабаецца, бо не чужаложу. Аднак, калі прыгледзецца бліжэй да гэтай праблемы, то відаць, што яна датычыць парушэння Божага права, упісанага ў чалавечае цела, дакладней, у чалавека як у асобу. Можа менавіта таму, што сучасны чалавек не бачыць граху ў парушэнні законаў прыроды, яму цяжка зразумець Божы погляд на кантрацэпцыю.

У другім разважанні я ясна падкрэсліваў, што Пан Бог у сваім стваральным акце паяднаў між сабою два элементы: дар даваць жыццё і прыемнасць. Чалавек жа ад вякоў (гэта праблема старая як свет) спрабуе гэтыя два элементы раздзяліць, г.зн. хоча атрымаць прыемнасць, выключаючы магчымасць даць жыццё дзіцяці. Пазіцыя чалавека ў гэтым выпадку звязана з павагаю да ўсялякіх законаў, якія ўстанавіў Бог. Часцей за ўсё мы маем на ўвазе законы маральнага характару: «не забівай», «не чужалож», «не крадзі...», тым часам Пан Бог устанавіў законы, якія кіруюць усім створаным ім светам, г.зн. законы фізікі, хіміі, астраноміі, біялогіі. Чалавек не можа ігнараваць гэтыя законы, ён можа іх адкрыць і выкарыстаць. Наша пакаленне робіць вялікую памылку, ігнаруючы законы, устаноўленыя Богам. Мы іх адкрываем, мы імі захапляемся і разам з тым з імі не лічымся. Напрыклад, мы сведкі знішчэння нашага прыроднага асяроддзя. Амаль ніхто не шануе вады, паветра, зямлі, лясоў, мора. Мы сведкі абсалютнага ігнаравання законаў, якія ўстанавіў Бог, і ў гэтым кантэксце трэба таксама зірнуць на закон перадачы жыцця, які так дакладна і тонка запраграмаваў Бог.

Кантрацэпцыя — гэта спецыфічнае забруджванне найбольш урадлівай часткі зямлі, якою ёсць цела жанчыны. Гэта ператварэнне ў сметнік найпрыгажэйшай крыніцы, з якой выплывае чалавек. У асноўным адказнасць за кантрацэпцыю нясуць мужчыны. Жанчына бароніцца, каб не быць сметнікам, каб не насіць у сабе смецця: розных мазяў, спіраляў, укладак. Яна ведае, што яе цела — калыска для жыцця, а не кош для смецця.

Калі яна згаджаецца на кантрацэпцыю, то часцей за ўсё робіць гэта пад націскам мужчыны. Таму адказнасць за прымяненне кантрацэптыўных сродкаў у значнай ступені кладзецца на мужчыну. Кантрацэпцыя як ігнараванне Божага права праз спробу атрымаць прыемнасць без давання жыцця — гэта зло.

Аднак адсюль не вынікае, што кожнае сужэнскае спатканне мужчыны з жанчынаю павінна даваць новае жыццё. Бо сам Бог так запланаваў цела жанчыны, што ёсць у ім дні плодныя, і дні ня­плодныя. Намаганне, да якога Касцёл заклікае сучасную навуку, павінна ісці, між іншым, у гэтым кірунку, каб засвоіць метад, які лёгкім і пэўным спосабам дазволіць жанчыне ведаць, плоднае ў гэты дзень яе цела ці не. (...) Калі б мы замест вялікіх затратаў на кантрацэптыўныя сродкі ўдасканалілі метад распазнавання плодных дзён так, каб жанчына з абсалютнаю ўпэўненасцю магла сказаць, які ў да­дзены момант стан яе цела, тады б усё залежала ўжо толькі ад моцнай волі. Урэшце існуе адзін сродак панавання над плоднасцю — гэта моцная воля, якая шануе цыкл плоднасці, упісаны ў цела жанчыны. Такі падыход — гэта знак павагі да таго, што стварыў Бог, і заклік да ўзаемнай пашаны мужчыны да жанчыны і жанчыны да мужчыны.

У гэтым кантэксце хацелася б звярнуць увагу на тое, што сучасныя кантрацэптыўныя сродкі, якія прымяняюцца ва ўсім свеце, шкодныя для здароўя маці, а нярэдка і дзіцяці. Частка з іх скіравана на знішчэнне ўжо зачатага дзіцяці ў першыя дні альбо тыдні ягонага жыцця, а таму мы маем справу з забойствам. Ёсць дакументы, якія выразна сведчаць пра цэлы шэраг жаночых захворванняў, выкліканых кантрацэпцыяй. Адносна нядаўна мне давялося мець драматычную размову з два­ццацівасьмігадовым мужчынам, які ў роспачы праклінаў дзень, калі намовіў сваю жонку паставіць спіраль. Аказалася, што адбылося нейкае ўнутранае пашкоджанне і ў выніку з’явілася пухліна. Жонка памерла. «Такую цудоўную жанчыну я сам давёў да магілы. Я ж усведамляю, што яна была абсалютна здаровая. Гэта мая віна». Ці можа гэты чалавек яшчэ быць шчаслівы ў жыцці?

У заходніх краінах вялікі працэнт маладых жанчын пакутуе на ракавыя захворванні жаночых органаў. Даследванні паказалі, што ў большасці гэта дочкі тых жанчын, якія прымянялі адзін з модных у свой час кантрацэптыўных сродкаў. Маці нічога не сталася, а дачка памірае ад рака. Гэта вынік ужо ў першым пакаленні. У генетычнай галіне наступствы праяўляюцца толькі ў трэцім ці нават у пятым пакаленні. А што выявіцца ў пятым пакаленні?

Бог бачыць будучыню. Мы бачым толькі сённяшні дзень. Бог клапоціцца пра наступныя пакаленні.

Мудрасць вымагае таго, каб мы складалі ахвяру для свайго дзіцяці, унука, праўнука. Не думайце, што Касцёл, баронячы Божае права, хоча ўскладніць вам жыццё. Не, тут гаворка пра вялікае дабро, пра ваша шчасце, пра тое, каб вы маглі ўсміхнуцца свайму ўнуку. Нельга быць шчаслівым чалавекам, ведаючы, што калецтва дзіцяці, унука ці праўнука — гэта вынік прымянення кантрацэптыўных сродкаў. Тут гаворка пра перспектыву, у выніку — пра вернасць Божаму замыслу, у якім найбольш поўна заключана дабро чалавека.

Уздымаючы гэтыя канкрэтныя і складаныя пытанні, я паказваю Бога, які ў імя вялікай любові і з клопатам пра наша дабро ставіць пэў­ныя патрабаванні. Не хачу, каб вы ўспрымалі ўсё як забарону. Да пэўных рэчаў трэба доўга дарастаць. Першая ўмова такога дарастання — гэта здольнасць убачыць, якія вялікія каштоўнасці тут маюцца на ўвазе. Многія не хочуць нават слухаць такіх развагаў, зыходзячы з таго, што калі бу­дуць гэта ведаць, то трэба будзе тым кіравацца, а гэта абмяжуе іхнюю свабоду. Тым часам Бог хоча перадусім нас пераканаць, і толькі апошнім аргументам, які Ён выкарыстоўвае, з’яўляецца пакаранне.

Бог, як добры бацька, заўсёды хоча пераканаць сваё дзіця і радуецца, калі яно пачынае разумець, што гэта адзіны шлях, які вядзе да сапраўднага шчасця. Бог проста хоча растлумачыць нам многія рэчы, звязаныя з зямным жыццём, але на перакананне патрэбны час і цярплівасць.

Не хацелася б, каб вы ўспрынялі гэтыя развагі як патрабаванні, якія пераўзыхо­дзяць вашыя магчымасці. З пэўнымі праблемамі трэба змагацца, часам патрэбны доўгія гады паступовага сталення перш, чым чалавек пераканаецца ў многіх каштоўнасцях. Бог ведае пра гэта і таму ўстанавіў сакрамант пакаяння як дапамогу дарастання да поўнай павагі і любові да Божага права. Трэба, каб мы паступова адкрывалі, як шмат мудрасці, дабрыні і любові ёсць у канкрэтных патрабаваннях, якія ставіць нам Пан Бог. Гэта датычыць нашага дабра і дабра наступных пакаленняў. Гэта датычыць нашай унутранай перамогі, шчасця і свабоды. Ці здолеем мы сягнуць па гэтыя каштоўнасці сёння, альбо зможам зрабіць гэта толькі праз пятнаццаць гадоў — спра­ва іншая. Пазнанне Божага замыслу і яго рэалізацыя — дзве розныя рэчы. Аднак няма рэалі­зацыі без грунтоўнага пазнання. Бог рознымі спосабамі нас вучыць. Гаворка пра тое, каб Ён не мусіў нас вучыць пры дапамозе нашых уласных вельмі балючых памылак.

Непарыўнасць сужэнства

Гаворачы пра запаведзь «не чужалож», мы маем на ўвазе заклік Бога да вернасці ў сужэнстве, а значыць гэтая запаведзь стаіць на варце непарыўнасці сужэнства. Прачытваем яе ў аспекце вучэння Езуса Хрыста, які адхіліў разводны ліст, што дапускаўся ў законе Майсея. У Старым Запавеце дапускалася магчымасць разводу. Хрыстус цвёрда адкінуў гэту магчымасць, прыгадваючы: «што Бог злучыў, чалавек няхай не разлучае».

Хацелася б і тут сказаць аб усім ясна. Сёння часта можна пачуць нараканні на Касцёл за тое, што ён не хоча згадзіцца з разводамі. Такога кшталту прэтэнзіі скіраваны не на той адрас. Гэта не Касцёл вырашае справу разводаў. Мог бы яе вырашыць толькі Бог, але Ён пастанавіў, што сужэнства непарыўнае. Чаму Пан Бог так катэгарычна паставіў пытанне, хоць і ведаў, што не для аднаго чалавека гэта будзе прычынаю болю і цярпення на ўсё жыццё? Думаю, што ў вялікай ступені неразуменне такой пазіцыі вынікае з таго, што сённяшні чалавек лічыць сужэнства справаю чыста асабістаю. Гэта мая ўласная справа і нікога больш не датычыць. Сыходзімся і разыходзімся так, як нам падабаецца. Шукаем асабістага шчасця. Тым часам у планах Бога сужэнства мае грамадскае вымярэнне. і павінна разглядацца з такога пункту погляду.

Такім чынам, з грамадскага пункту погляду вернасць сужэнства — гэта паказчык прыстойнасці і вартасці чалавека. Сапраўдных людзей мы пазнаем па іх адносінах да бацькоў. Добры сын і добрая дачка, як правіла, з’яўляюцца добрымі людзьмі. Гэтаксама вернасць мужа ці жонкі сведчыць пра іх чалавечую вартасць. Так ёсць на ўсёй зямлі, незалежна ад узроўню культуры і разнавіднасці рэлігіі.

Хрысціянскае сужэнства — гэта грамадская дамова паміж дзвюма асобамі, дамова, пацвер­джаная прысягаю, складзенаю перад Богам. Таму Касцёл вымагае сур’ёзнай падрыхтоўкі да такога рашэння, вымагае афіцыйнага сведкі, якім з’яўляецца святар, а таксама дваіх сведкаў, якія прад­стаў­ляюць люд Божы. Тыя, што заключаюць дамову, даюць слова, пацверджанае прысягаю, што захаваюць сужэнскую вернасць ажно да смерці. Парушэнне гэтай прысягі — абраза перадусім Бога, бо Ён быў прызваны сведкам і Яму было дадзена слова. Тыя, што складалі прысягу, не гарантавалі яе захавання вернасцю іншага бо­ку. Прыгадайце свае ўласныя словы прысягі. Там
не было сказана: захаваю табе вернасць, калі ты яе захаваеш. Калі нават той другі здрадзіць, слова, дадзенае перад Богам, абавязвае мяне аж да смерці.

Таму кожны раз, калі мы сутыкаемся з парушэннем прысягі, маем справу з чалавекам, які не лічыцца з Богам і не захоўвае вернасці Богу. Да чалавека, які не здольны стрымаць слова, дадзенага Богу, нельга мець даверу. Калі ён падводзіць Бога, то ці не падвядзе нас?

Сужэнства — гэта маленькая частка грамадства. Двое людзей злучаюцца паміж сабою, як злучаюцца дзве цагліны, утвараючы такім чынам частку муру. Калі ў муры гэтыя цагліны пачынаюць даваць расколіны, адставаць адна ад другой, то тады ўвесь мур слабне. А калі яны будуць толькі пакладзены побач, а не будуць паміж сабою сцэментаваны, то пры першым сур’ёзным выпрабаванні будова рухне. Таму ад сужэнцаў патрабуецца грамадская адказнасць. Ніякае грамадства не згодзіцца будаваць гмах свайго жыцця з незамацаваных цаглінаў, дазваляючы, каб кожная цагліна займала сваё ўласнае месца так, як ёй падабаецца, і тады, калі ёй падабаецца. У такім выпадку няма гаворкі пра якую-кольвечы сур’ёзную пабудову. Сёння мы назіраем вялікі крызіс даверу. Нават у сям’і цяжка казаць пра ўзаемны давер усіх яе членаў. Высвятляецца гэта ў часе звыклых спатканняў у сямейным коле. Адзін другога баіцца. Бываюць тэмы, якія нельга закранаць нават перад самымі блізкімі. А калі няма даверу ў сужэнстве, то яго не будзе нідзе. Калі не можам даверыцца самаму блізкаму чалавеку, якога выбралі сябрам жыцця, то каму можам даверыцца? Таму любая аднова супольнасці, народу ці чалавецтва павінна распачацца з адбудовы сужэнскага і сямейнага даверу.

У Польшчы распадаецца адна трэцяя сужэнстваў. Гэта вялікая хвароба нашага часу, гэта эпідэмія. Замест таго, каб крычаць, што Касцёл урэшце павінен прызнаць разводы, трэба ўзяцца за лячэнне гэтай хваробы. Бо з таго, што медыцына абвесціць сухоты не хваробаю, зусім не вынікае, што няшчасці гэтай хваробы ўжо зліквідаваны. Наадварот, яны і надалей застануцца цяжкаю хваробаю. Гэта не той шлях. Хрысціянін павінен не крычаць аб праве на развод, а адкрыць для сябе, якія каштоўнасці маюцца на ўвазе, і змагацца за сужэнскую вернасць.

Да таго часу, пакуль мы не ўбачым, што праблема датычыць грамадскіх каштоўнасцяў, датуль сужэнцы будуць пакінутыя на саміх сябе. Тым часам няраз ім трэба дапамагчы, каб яны вытрывалі ў еднасці. А калі гэта немагчыма, то дапамагчы, каб вытрывалі ў вернасці Богу. Калі распадаецца сужэнства, калі мы маем справу з параю нешчаслівых людзей, патрэбна канкрэтная дапамога. Не гарантуе яе і не акажа дзяржаўнае заканадаўства: яно ўмешваецца звычайна тады, калі ўжо запозна. Тут патрэбен жывы чалавек з сваёю дабрынёю і мудрасцю. Патрэбен хрысціянін. Самотнай маці, пакінутай жанчыне патрэбная апека, патрэбная дапамога, і хрысціяне абавязаны яе аказаць. Знамянальна, што розныя каталіцкія рэлігійныя супольнасці тут жа арганізоўваюць такую дапамогу. Нас жа часцей за ўсё гэта не хвалюе. Часта можна пачуць: «Гэта іх справа». Няпраўда. Кожнае сужэнства — наша агульная справа.

У асобных выпадках сужэнская еднасць немагчыма і трэба жыць паасобку. Гэта здараецца тады, калі знаходзяцца пад пагрозаю вера, жыццё, бяспека альбо годнасць жонкі, мужа, дзяцей. Аднак з таго, што поўная еднасць губляецца, не вынікае, што гэтыя людзі маюць права заключыць іншы сужэнскі саюз. (...)

Знакам адновы нашага грамадства будзе супольнае бачанне неабходнасці клопату пра сужэнскую вернасць. (...) Не кідайма камянямі ў тых, хто не захаваў гэтай вернасці. Суддзёю ім будзе Бог. Ведаем, што гэта крыжовая дарога. Адкрываючы хараство Божага права, трэба імкнуцца ў духу любові падаць руку тым, каму патрэбна дапамога. Памятайма, што Божае права можна рэалізаваць толькі агульнымі намаганнямі.

Самотна па жыцці

(...) У многіх людзей жыццё склалася так, што, нягледзячы на жаданне знайсці сябра жыцця, гэ­та не ўдалося. Перад такімі людзьмі — шлях адзіноты. Гэта нялёгкі шлях. Ёсць людзі, якія дабравольна, часам чуючы выразны заклік Пана Бога, павінны былі адмовіцца нават ад прыгожага кахання, каб прысвяціць сябе вызначанаму Богам заданню.

Галоўны прынцып, які павінен быць захаваны ў такой сітуацыі, наступны: бясшлюбнасць не па выбары, а па ўзнікшай сітуацыі ці жыццёвай неабходнасці трэба прызнаць і прыняць як спецыфічны шлях Божага паклікання да любові, г.зн. паклікання аддаваць сябе Богу і людзям. Канкрэтыку такой аддачы трэба асэнсаваць, удакладніць і ўспрыняць як абавязак. Толькі чалавек, які не любіць, марнуе жыццё: любячы, г.зн. аддаючы сябе, чалавек выйграе жыццё, нават у тым выпадку, калі ён вельмі адзінокі. Самотнае жыццё мае грамадскае вымярэнне, бо становіцца знакам вышэйшасці, перамогі духа над целам, а такія людзі ў грамадстве вельмі патрэбныя. Адкрыццё сэнсу сваёй бясшлюбнасці, сваёй адзіноты — справа надзвычай важная, і толькі той, хто гэта зробіць, пачынае ўсміхацца і бачыць шчасце на сваёй жыццёвай дарозе. Шлях у адзіноце часта паяднаны з асаблівым пакліканнем, напрыклад, са служэннем хворым, з педагагічнаю, выхаваўчаю, грамадскаю ці навуковаю працаю. Гэта, як правіла, заданне, якое патрабуе атуліць сваім сэрцам значна больш людзей, чым у сямейным коле, і трэба ім аддаць час свайго жыцця.

Касцёл з самага пачатку абараняў і надзвычай высока цаніў усіх, хто дабравольна вырашыў захаваць сваю нявіннасць. Мы жывём у такім свеце, які кпіць і насміхаецца з цнатлівасці. Такія кпіны заўсёды сведчаць пра духоўную павярхоўнасць чалавека. Сёння лічыцца гераіняю жанчына, якая страціла нявіннасць. Але якое ж гэта геройства? На працягу дваццаці стагоддзяў гераіняю лічылася жанчына, якая магла абараніць сваю нявіннасць. Гэтая абарона патрабуе намаганняў, працы, ахвяры. Касцёл атаясамлівае абарону нявіннасці з абаронаю веры. Ёсць шмат жанчын, якія выбіралі хутчэй мучаніцкую смерць, чым страту цнатлівасці, што сведчыла пра іхнюю годнасць. Мы жывем у свеце, дзе робіцца ўсё, каб знішчыць каштоўнасці, выпрацаваныя і бера­жоныя Касцёлам на працягу дваццаці вякоў. Звернем увагу, напрыклад, на частыя жарты з нявіннасці. Толькі чалавек вельмі нізкага маральнага ўзроўню здольны жартаваць з кагосьці, хто вырашыў жыць у чыстасці. Калі хтосьці не ў сілах рэалізаваць прыгожых ідэалаў, то аблівае іх брудам. Такая атака на цнатлівасць жыцця вядзецца ўсюды: у кіно, на тэлебачанні, у прэсе, у штодзённых размовах.

У гэтым кантэксце можам паглядзець на сэнс жыцця законніцы — жанчыны, якая свядома і дабравольна выбірае нявіннасць. (...) Часта лічыцца, што законніца павінна служыць калекім дзецям, старым і хворым людзям альбо выконваць розныя функцыі ў Касцёле. Гэта няпраўда! Дзецьмі і хворымі з поспехам могуць займацца жанчыны, якія маюць сем’і. Любая праца, якую выконвае законніца, можа быць выканана свецкімі. У чым сэнс жыцця закон­ні­цы? Яна адзявае габіт, каб быць знакам вышэйшасці духа над целам. Такі знак патрэбны ў свеце. Сёння і гэты знак спрабуюць замазаць, каб ён не быў чытэльны. Нават многія католікі не бачаць сэнсу такога жыцця і пасвячэння. Часта можна пачуць: «Што яна робіць? Яна звар’яцела». Не, не звар’яцела. Яна ідзе па вуліцы, каб нагадаць табе, што можна ўтаймаваць сваё цела. Гэта яе заданне, і Бог яе да гэтага паклікаў. Яна ёсць знакам. Неяк адзін з будаўнікоў, якія рамантавалі дах у кляштары, пэўны час заляцаўся да маладой, прыгожай законніцы. Але тыя заляцанні не давалі вынікаў, і тады ён сказаў: «Бачу, што ў законе знішчаюць сэрца жанчыны». Законніца спакойна адказала: «Так, бо вучаць вялікай любові. Я павінна ўмець любіць вас і яшчэ сто іншых такіх, як вы...»

Гэты адказ сведчыць пра тое, што ёсць любоў, значна прыгажэйшая за тую, што зведзена выключна да фізіялогіі.

У гэтым кантэксце трэба таксама разумець сэнс цэлібату святароў. Зразумела, святарства не паяднана Богам з цэлібатам. Ва ўсходняй Царкве святар можа быць мужам і бацькам. Грэка-каталіцкая Царква таксама прыняла такую практыку. У рыма-каталіцкім Касцёле для атрымання святарскага пасвячэння патрабуецца скласці шлюб чыстасці. Сэнс у тым, каб святар сваім жыццём нагадваў вернікам аб прымаце духа над целам, а таксама быў дасканалаю прыладаю ў руках Пана Бога. Як святар ён можа быць патрэбны сёння тут, а заўтра — там. Сям’я ўскладняе такія пераезды. Мы з’яўляемся сведкамі атакаў на цэлібат святароў. Усё гэта — частка шырока задуманай барацьбы з хрысціян­скаю рэлігіяй. Пытанне застаецца адкрытым, бо спалучэнне святарства з цэлібатам зыходзіць з права, устаноўленага Касцёлам, а яно можа быць зменена. Аднак трэба памятаць, што цэлібат, па волі Божай, служыць вялікай справе, якою ёсць Божае валадарства.

Часта духавенства папракаюць у розных грахах. Трэба ўмець аддзяляць праўду ад фальшу. Свет хоча знішчыць аўтарытэт святароў. Напэўна, нельга гэтага ўчыніць шляхам забойства, як адбылося з ксяндзом Папялушкам, бо выйдзе наадварот, аўтарытэт тады пойдзе ўгару. Аўтарытэт можна знішчыць, падрываючы давер, а гэтага найлягчэй дасягнуць, паліваючы брудам. Зразумела, святары таксама грэшныя. Частка звестак пра грахі святароў — праўдзівая. Аднак, калі вы хочаце перадаваць такія звесткі, трэба імкнуцца высветліць іх праўдзівасць, бо з таго, што той ці іншы святар не здольны захаваць вернасць свайму пакліканню, не вынікае, што тысячы іншых таксама не здольныя на гэта. Нельга рабіць абагульненняў. Святарства — гэта нялёгкі шлях. Калі вернасць у сужэнстве аказваецца цяжкаю справаю і так пагрозліва ўзрастае колькасць разводаў, то і для святароў вернасць — справа няпростая. Умейце стаць у духу веры на бок вялікіх каштоўнасцяў, і тады замест абмовы ці ачарнення з’явіцца на вашых вуснах малітва аб вернасці для кожнага святара.

Успомнім св. Яна Хрысціцеля. Гэта быў чалавек, які аддаў жыццё, баронячы шостую Божую запаведзь. Ён стаў перад Ірадам і сказаў: «Нельга мець жонкі брата свайго». Ён выступіў супраць разводу і новага саюзу, заснаванага на разводзе, і за гэта паклаў галаву. Ніколі Ян Хрысціцель не здолеў бы так адважна стаць на абарону шостай запаведзі, каб сам не быў чысты. Патрэбныя людзі чыстыя, бо толькі ў іх вуснах абарона чыстасці можа мець поспех. Праз заступніцтва гэтага вялі­кага святога будзем прасіць Бога, каб мы ўмелі ўбачыць каштоўнасць нявіннасці, каштоўнасць адзіноцтва, каштоўнасць тае жыццёвай пазіцыі, якая для атачэння становіцца яскравым знакам вышэйшасці духа над матэрыяй.

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней