Разважанні над запаведзямі Дэкалога паводле кс. Эдварда Станека. Дзявятая запаведзь

РАЗВАЖАННЕ ПРА БОЖЫЯ ЗАПАВЕДЗІ
з нагоды малітоўнай падрыхтоўкі да прысвячэння
Мінска-Магілёўскай мітраполіі Найсвяцейшаму Сэрцу Езуса

Дзявятая запаведзь
Не ПАЖАДАЙ ЖОНКІ БЛІЖНЯГА ТВАЙГО
(разважанне паводле кс. Эдварда Станека)

У дзвюх апошніх запаведзях Дэкалогу выразна гучыць папярэджанне Пана Бога, скіраванае да кожнага чалавека, каб сачыў за парывамі свайго сэрца. Чалавек — адзінае стварэнне на зямлі, якое мае розум і вольную волю, вялікія дары, з якімі непарыўна звязана адказнасць. Кожны чалавечы ўчынак — гэта ўчынак сэрца. Бо ў сэрцы ўзнікае рашэнне, якое пасля выконваюць ногі, рукі, язык. І сапраўды, за нашыя ўчынкі не адказваюць ані рукі, ані ногі, ані язык — адказвае сэрца. Яно вырашае, чаго вартыя нашы справы і чаго вартыя мы самі.

Аднак трэба сказаць адкрыта, што нашае сэрца спакойнае толькі тады, калі мы спім. Бо калі трэба дзейнічаць, яно становіцца полем змагання магутных сілаў. Розум дыктуе сваю правату, пачуцці патрабуюць улічыць іхнюю, магутныя інстынкты — такія як голад, смага, секс — могуць таксама шмат што сказаць, урэшце набытыя схільнасці, добрыя і дрэнныя, дамагаюцца свайго. Амаль пры кожным рашэнні ўсе гэтыя сілы даюць пра сябе знаць і хочуць як найбольш скарыстаць для сябе. Вельмі магутныя гэтыя патаемныя сілы, якія часта проста раздзіраюць людское сэрца.

І ўсё добра да таго моманту, пакуль мудрасць здольная трымаць іх у руках, здольная выкарыстоўваць іх для дабра чалавека. Бо ўсе сілы, нават і гэтыя сляпыя, могуць быць выкарыстаны для дабра. Аднак бяда таму чалавеку, які праігнаруе моц гэтых сілаў і дазволіць ім кіраваць ягонымі ўчынкамі. Тады яго чакае непазбежнае паражэнне.

Закон пажадлівасці адсоўвае ўсё на другі план, падпарадкоўвае сабе людзей і рэчы. Таму і першы знак пажадлівасці, якая нараджаецца ў чалавеку, — гэта настойлівае вяртанне ў думках да прадмету пажадання. Чалавек сто разоў на дзень ловіць сябе на тым, што думкі яго круцяцца вакол таго прадмету, якога ён прагне. Гэта папераджальны сігнал, што трэба заняцца чымсьці іншым, усё сваё сэрца падключыць да тае справы, якую мы любім, якая нас цешыць, якую мы цэнім, каб такім чынам крыху «забыць» пра жаданы прадмет. Пры захаванні спакою і пры параўнальна невялікім высілку магчымая перамога. Праз нейкі час да чалавека вяртаецца раўнавага духу.

Аднак калі чалавек праігнаруе гэтую прагу, якая ў ім абуджаецца, то ў хуткім часе апынецца на другім адрэзку шляху, што вядзе яго да трагедыі. Гэта ўжо этап кружэння вакол прадмету жадання, пошукі магчымасці, каб яго дасягнуць.

З незвычайнаю хітрасцю такі чалавек здолее скарыстаць усё навокал, каб дасягнуць жаданай мэты — працу, адпачынак, сустрэчы з людзьмі, нават выхад з касцёла... Ён будзе пастаянна шукаць прычыны, каб быць блізка да таго, чаго прагне.

Людзі, якія збоку назіраюць за такім чалавекам, смяюцца з яго, але ён сам гэтага не заўважае, ні на што не рэагуе, не слухае заўвагаў, гатовы прысягнуць, што ўсе памыляюцца, што ён зусім не шукае таго, у чым яго абвінавачваюць. На гэтым этапе ўжо вельмі цяжка спыніцца. Жаданне асляпляе чалавека, і ён сам не бачыць выйсця. Спыніцца можна толькі пры дапамозе працягнутай сяброўскай рукі і толькі тады, калі сам чалавек, аслеплены жаданнем, аб гэтым папросіць і згодзіцца на гэта.

Трэці этап развіцця пажадлівасці — узмацненне жадання праз кантакт з жаданым прадметам. Кожнае такое спатканне падлівае масла ў агонь. Людзі, якія гэта перажылі і здолелі з гэтага вы­брацца, кажуць пра апантанасць. І гэта дакладнае вызначэнне. Бескантрольная пажадлівасць можа апутаць чалавека і зрабіць яго сваім нявольнікам.

Сярод рознага тыпу пажадлівасцяў — дзве найбольш небяспечныя: неўтаймаваны секс і хцівасць. Бог, ведаючы моц гэтых вялікіх сілаў, схаваных у сэрцы чалавека, раіць, каб мы іх утаймоўвалі на самым пачатку, тады, калі яны толькі абуджаюцца, на першым этапе гэтай слізкай дарогі, якая вядзе да прорвы. Адсюль сыходзіць поўная любові айцоўская перасцярога: «Не пажадай жонкі бліжняга твайго. Не пажадай нічога, што належыць яму». Не пажадай!

Для чыстага — усё чыстае

Сексуальная пажадлівасць цесна звязана з пэўнымі прыроджанымі і набытымі схільнасцямі. Ёсць людзі, для якіх апанаваць гэтаю пажадлівасцю надзвычай цяжка і ёсць такія, што ніколі не мелі з гэтым вялікіх праблемаў. Як і ў дашлюбны перыяд, так і ў сужэнскім жыцці яны заўсёды трымалі пажадлівасць у сваіх руках. Яны пануюць над ёю, а не яна над імі.

Бываюць выпадкі хваравітай сексуальнай звышадчувальнасці з цэлым шлейфам самых розных адхіленняў. Тады ўжо неабходна дапамога ўрача, але і яна не заўсёды дае жаданыя вынікі. Тут не месца абмяркоўваць адхіленні ад нормы. Тым не менш, хрысціянін павінен пра іх ведаць і памятаць, што там, дзе ўмешваецца хвароба, якая выклікае парушэнні ў сексуальным жыцці, там чалавек мае справу з абмежаваннем свабоды, а часта і свядомасці. (...) Варта і з гэтага боку зірнуць на секс. Тым больш, што няма выразнай мяжы паміж людзьмі здаровымі і хворымі. Сярод нас ёсць шмат такіх, хто нічога не ведае пра свае хваробы, бо яны яшчэ не выявіліся ў дастатковай ступені, альбо маюць такі характар, што не ўскладняюць нармальнага жыцця асобы. Бывае, што пэўнае клінічнае адхіленне ад нормы ў сексуальным жыцці з’яўляецца крыжам для мужа ці жонкі і трэба мець вялікую мудрасць, каб згодна з воляю Божаю да гэтага аднесціся. Заўсёды такога роду праблемы можна абмеркаваць у канфесіянале, шукаючы іх Божага вырашэння. Тое, пра што я цяпер кажу, — гэта яшчэ адна перасцярога, каб мы занадта лёгка не асуджалі іншых. Нельга мераць людзей сваёю меркаю, бо гэта ніколі не прыносіць дабра ані таму, хто асуджае, ані тым, каго ён асуджае. Пакіньма гэта Богу.

Езус, клапоцячыся пра наша дабро, падкрэслівае значэнне дзявятай запаведзі, калі кажа, што «кожны, хто пажадліва глядзіць на жанчыну, ужо яе зчужаложыў у сваім сэрцы». Ён заклікае таксама адпрэчваць усялякую магчымасць граху. Чалавек нясе адказнасць за пабудову свайго свету. Калі гэты свет будзе збудаваны з блізкай магчымасці граху, то ў ім запануе пажадлівасць.

Калі хтосьці з усёю адказнасцю кахае другога чалавека, то не будзе пазіраць на яго дзеля таго, каб займець для сябе, але каб яго ўзбагаціць. Бо сталасць заключаецца ва ўменні пераключыць сябе з таго, каб «мець», на тое, каб «быць». Евангелле пастаянна заклікае да таго, каб кімсьці быць.

Чалавек, які ўтаймаваў пажадлівасць, адмаўляецца ад таго, каб шмат мець, на карысць таго, каб кімсьці быць. Такі чалавек — чысты. Што б ён ні ўзяў у свае рукі, — узбагаціць яго, а не знішчыць. Для чыстага — усё чыстае. Для нячыстага — усё бруднае, бо да чаго б ён ні дакрануўся, нават сваім брудным позіркам, заўсёды ўсё запляміць.

Не пажадай чужой жонкі — гэта заклік зір­нуць на іншую асо­бу без жадання займець яе для сябе, гэта заклік шанаваць годнасць і свабоду, сваю і чужую. Ён датычыць кантактаў паміж людзьмі; мы павінны памятаць пра яго, калі глядзім тэлевізар і розныя фільмы, калі чытаем кнігі і прэсу, ён датычыць нашага ўяўлення і нашых жаданняў. Унутраны лад у чалавеку дазваляе яму глядзець на ўсё, што чалавечае, са спакоем, з павагаю і адказнасцю.

 

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней