Чыстае сэрца — умацаванне для духу

Сёння разам з айцом дамініканінам Норбэртам Аўгустынам Лісам ОР мы разважаем пра тое, што Бог мае моц вярнуць чалавеку чысціню сэрца.

V Нядзеля Вялікага посту, год В (17.03.2024)

«Вось надыходзяць дні, — кажа Пан, — калі ўстанаўлю з домам Ізраэля і з домам Юды новы запавет. Не паводле запавету, які Я ўстанавіў з іх продкамі ў дзень, калі ўзяў іх за руку, каб вывесці з зямлі егіпецкай. Той запавет Мой парушылі, хоць Я быў іх Валадаром», — кажа Пан.

«Але вось запавет, які ўстанаўлю з домам Ізраэля пасля гэтых дзён, — кажа Пан. — Укладу закон Мой у нутро іхняе і напішу яго на іхніх сэрцах, і буду ім Богам, а яны будуць Маім народам. І больш не будуць вучыць яны бліжняга свайго ці брата, кажучы: Пазнайце Пана! Бо ўсе, ад найменшага да найбольшага з іх, пазнаюць Мяне, — кажа Пан, — таму што дарую ім правіны і грахоў іхніх больш не буду ўспамінаць».

(Ер 31, 31–34)

Былі некаторыя грэкі сярод тых, хто прыйшоў пакланіцца Богу на свята. Яны падышлі да Філіпа, які быў з Бэтсаіды Галілейскай, і прасілі яго, кажучы: «Пане, мы хочам убачыць Езуса». Прыйшоў Філіп і сказаў пра гэта Андрэю. Потым Андрэй і Філіп пайшлі і расказалі Езусу. А Езус сказаў ім у адказ: «Настала гадзіна, каб быў услаўлены Сын Чалавечы. Сапраўды, сапраўды кажу вам: калі пшанічнае зерне, упаўшы ў зямлю, не памрэ, то застанецца адно, а калі памрэ, то прынясе багаты плён. Хто любіць жыццё сваё, загубіць яго; а той, хто ненавідзіць жыццё сваё на гэтым свеце, захавае яго для вечнага жыцця. Калі хто служыць Мне, няхай ідзе Маім шляхам; і дзе Я, там будзе і слуга Мой. І хто Мне служыць, таго ўшануе Айцец Мой. Цяпер усхвалявана душа мая; і што Мне сказаць? Ойча, захавай Мяне ад гэтай гадзіны. Але ж дзеля гэтай гадзіны Я і прыйшоў. Ойча, услаў імя сваё!» І пачуўся з неба голас: «Уславіў і ўслаўлю зноў!»

Натоўп жа, які стаяў і чуў гэта, казаў: «Гэта гром». Іншыя казалі: «Анёл гаварыў з Ім». Адказваючы, Езус сказаў: «Не дзеля Мяне быў гэты голас, але дзеля вас. Цяпер адбываецца суд над гэтым светам; цяпер князь гэтага свету будзе выкінуты вон. І Я, калі буду ўзняты над зямлёю, усіх прыцягну да сябе». Казаў жа Ён гэта, прадказваючы, якою смерцю меў памерці.

(Ян 12, 20–33)

Чыстае сэрца — умацаванне для духу

«Чыстае сэрца ствары ўва мне, Божа, і аднаві ўва мне трывалы дух», — гэтая прыгожая просьба, скіраваная да Бога, уяўляе сабою квінтэсенцыю 51-га псальма, які, нягледзячы на сваё хараство, мае жахліва драматычную гісторыю ўзнікнення. Яго аўтар — кароль Давід. Гэты глыбокі захапляльны псальм быў напісаны пасля таго, як Давід спакусіў Вірсавію, жонку аднаго са сваіх военачальнікаў. А потым, калі даведаўся, што падчас гэтага раману яна зачала з ім дзіця, то скіраваў яе мужа, Урыя Хетэя, на верную смерць. Калі той загінуў у трагічных і падступных акалічнасцях, справакаваных самім каралём, якому ён аддана служыў, Давід не спыніўся ў сваёй жорсткасці і ўзяў Вірсавію сабе за жонку, каб яна нарадзіла яму ўжо законнага сына. Гэты ўчынак не спадабаўся Богу, пра што прарок Натан выразна абвясціў каралю. Дзіця памерла. Але перад смерцю сына Давід склаў адзін з найпрыгажэйшых пакаянных псальмаў, які мы кожную пятніцу чытаем у Літургіі гадзінаў і не толькі.

У гэтым псальме ўсё прасякнута болем. Давід усведамляе і грэх, і ўласную віну. Грэх паралізуе яго. Ён не можа сам даць сабе рады. Кароль просіць Бога: «Змілуйся нада мною», «знішчы беззаконні мае», «цалкам абмый мяне ад правінаў маіх і ачысці мяне ад граху майго», «дай мне пачуць радасць» і г.д. У гэтым маленні адчуваецца бездапаможнасць Давіда, спалучаная з усведамленнем таго, што ён учыніў. Гэта яго духоўна знішчае. Ён не можа нармальна функцыянаваць, страціў усялякую ахвоту да жыцця, не мае ніякай крыніцы радасці. Адзіная яго надзея — у Богу. Давід ведае, што толькі Бог можа нанава стварыць у ім чыстае сэрца, а разам з чыстым сэрцам на яго сыдзе моц духу. Кароль таксама ўсведамляе праўду, пра якую Езус скажа праз тысячу гадоў у Евангеллі: «Шчаслівыя чыстыя сэрцам, бо яны Бога ўбачаць».


Айцец Норбэрт Аўгустын Ліс ОР.
Пераклад з польскай мовы Ганны Шаўчэнка.
Паводле «W drodze».

 

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней