Уводзіны

     Спампаваць у PDF фармаце navena-uvodziny.pdf (1 старонка, фармат А4, 80.4 КБ)   

13 мая 1917 г. Маці Божая аб’явілася ў Фаціме траім дзецям. Праз іх Яна абвясціла пасланне свету, заклікаючы да навяртання, пакаяння, малітвы (асабліва штодзённай малітвы на ружанцы), да прысвячэння кожнага з нас Яе Беззаганнаму Сэрцу. Папа Пій XII назваў прыняцце гэтых просьбаў Маці Божай адзіным паратункам для свету.

У межах падрыхтоўкі да стогадовага юбілею фацімскіх аб’яўленняў, які будзе адзначацца 13 мая 2017 года, Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч абвясціў Зварот аб правядзенні Агульнабеларускай навэнны да Найсвяцейшай Панны Марыі. Фацімская навэнна распачынаецца 6 жніўня 2016 г. і будзе адбывацца на працягу 9 месяцаў — у кожную першую суботу месяца, а яе завяршэнне запланавана на 1 красавіка 2017 г. 

«Заахвочваю святароў, кансэкраваных асобаў і вернікаў не толькі актыўна ўдзельнічаць у навэнне, але і распаўсюджваць набажэнства першых суботаў месяца, каб такім чынам перапрасіць Марыю за грахі, якімі зневажаецца Яе Беззаганнае Сэрца, а таксама, каб падзякаваць Ёй за апеку над намі. Даверым жа сябе Божай міласэрнасці, у якой наша надзея!» — заклікае ў Звароце арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч усіх нас, благаслаўляючы на ўдзел у Навэнне і набажэнстве першых суботаў месяца. 

Сёння мы асабліва дзякуем Пану Богу за аб’яўленні Маці Божай у партугальскай Фаціме ў 1917 годзе. Дзякуем за парады, павучанні, асцярогі і абяцанні, якія Яна нам пакінула. Хвала Найсвяцейшай Тройцы за тое, што Бог ніколі не пакінуў нас у сваёй міласэрнасці, што там, дзе запанаваў грэх, яшчэ больш шчодра разлілася ласка, што Пан Бог раз пораз расхіляе нябёсы і пасылае на нашую зямлю Найсвяцейшую Панну Марыю, каб Яна несла нам пасланне спакою і давала нам накірунак, які ўказвае шлях да Неба.

Падчас Фацімскай навэнны ўсе свае намаганні, працу, клопаты, цярпенні і выпрабаванні ахвяруем у перапрашальнай інтэнцыі Беззаганнаму Сэрцу Марыі. Як мага часцей будзем маліцца на ружанцы, вучачыся гэтай малітве паводле парадаў святога Яна Паўла II у «Rosarium Virginis Mariae». Як мага часцей будзем абуджаць у сабе інтэнцыю Фацімскай навэнны: перапрашэнне Беззаганнага Сэрца Марыі і падзяка Маці Божай за апеку над намі і над нашай краінай.

Марыя сказала: «Езус хоча, каб Мяне больш ведалі і любілі». Наколькі гэта магчыма, падчас Фацімскай навэнны паглыбім усведамленне праўды пра Багародзіцу і будзем вучыцца жыць, наследуючы Яе пакору і вернасць Богу. Пастараемся ж, каб гэтая Навэнна стала паяднаннем усіх сэрцаў, якія любяць Марыю, каб мы маглі выканаць просьбы Маці Божай.

 

 
© 2017 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла