Сёмы дзень навэнны (4 лютага 2017 г.)


   Спампаваць у PDF фармаце 7-dzen-naveny.pdf (18 старонак, фармат А4, 322 КБ)   

 

Спеў на выстаўленне

Выстаўленне Найсвяцейшага Сакрамэнту

С.: Схілім галовы перад нашым Панам, укрытым у таямніцы Найсвяцейшага Сакрамэнту. Няхай усе сэрцы адкрыюцца на прысутнасць Бога. Паўтарайма словы малітвы Анёла з Фацімы:

Малітва Анёла з Фацімы

О Божа мой, веру ў Цябе, праслаўляю Цябе, давяраю Табе і люблю Цябе.

Прашу ў Цябе прабачэння для тых, хто не верыць у Цябе, не праслаўляе Цябе, не давярае Табе і не любіць Цябе.
 

Малітва Анёла з Фацімы да Найсвяцейшай Тройцы

О Найсвяцейшая Тройца — Айцец, Сын і Дух Святы.

З глыбокаю пакораю хвалу Табе аддаю і ахвярую Табе Найсвяцейшае Цела і Кроў, Душу і Боскасць Пана нашага, Езуса Хрыста, прысутнага на ўсіх алтарах свету, як перапрашэнне за знявагі, святатацтва і абыякавасць, якімі Яго абражаюць.

Праз бясконцыя заслугі Яго Найсвяцейшага Сэрца і праз заступніцтва Беззаганнага Сэрца Марыі прашу ў Цябе ласкі навяртання бедных грэшнікаў.

Разважанне

Набажэнства першых суботаў належыць да важных элементаў культу Беззаганнага Сэрца Марыі, пра які прасіла Маці Божая ў фацімскіх аб’яўленнях.

У Фаціме Найсвяцейшая Маці звяртаецца найперш да тых, хто Яе ўшаноўвае, і дае ясна зразумець, што набажэнства да Яе Беззаганнага Сэрца мае вялікае значэнне. У чэрвені 1917 г. Маці Божая гаворыць Люцыі: «Ты, аднак, нейкі час застанешся тут. Езус хоча паслугавацца табою, каб людзі Мяне пазналі і палюбілі. Ён хацеў бы, — гаворыць Яна, — устанавіць набажэнства да Майго Беззаганнага Сэрца. Хто гэта прыме, таму абяцаю збаўленне. Гэтыя душы будуць умілаваныя Богам, як кветкі, пастаўленыя Мною для аздобы Яго трону». Дзяўчынку, якая засмучана з-за таго, што застанецца адна, суцяшае: «Не страчвай адвагі. Ніколі цябе не пакіну. Маё Беззаганнае Сэрца будзе тваім прытулкам і шляхам, які цябе прывядзе да Бога».

Тады наступіла вядомая візія Беззаганнага Сэрца Марыі. «У хвіліну, калі Марыя прамаўляла гэтыя апошнія словы, Яна адкрыла свае далоні, — успамінае сястра Люцыя, — і перадала нам адлюстраванне гэтага бязмежнага святла. Жасінта і Францішак стаялі ў той частцы святла, якое ўзносілася да неба, а я — у той частцы святла, якое распасціралася над зямлёй». У сваім так званым трэцім успаміне сястра Люцыя пракаментавала гэтае здарэнне наступнымі словамі: «Нам здавалася, што ў гэты дзень святло павінна было ўмацаваць у нас пазнанне і асаблівую любоў да Беззаганнага Сэрца Марыі. З гэтага дня мы адчувалі ў сэрцы больш палымяную любоў да Беззаганнага Сэрца Марыі».

«Перад праваю далонню Маці Божай, — піша далей фацімская візіянерка, — знаходзілася Сэрца, абвітае цернямі, якія прабівалі Яго. Мы зразумелі, што гэта было Беззаганнае Сэрца Марыі, зневажанае грахамі чалавецтва, Сэрца, якое прагнула перапрашэння». І Марыя звярнулася да ўсіх тых, хто ўшаноўваў Яе, з просьбаю, каб малітвамі і пакаяннем прыносілі Ёй палёгку ў цярпенні…

Нас тут сабрала просьба Маці Божай. Мы хочам аказаць Ёй нашую пашану і ўдзячнасць за ўсё тое, што Яна для нас учыніла. Мы хочам захапляцца Яе прыгажосцю і дабрынёй, Яе святасцю і дасканаласцю паяднання з Богам. Найперш хочам перапрасіць Яе за блюзнерствы і няўдзячнасць людзей, што працівяцца Богу і пагарджаюць Яго вялікім дарам, які даў ім Хрыстус з вышыні крыжа, — пагарджаюць сваёй Нябеснай Маці.

Няхай нашым сённяшнім малітвам спадарожнічае шчырая інтэнцыя перапрашэння за ўсе гэтыя знявагі і блюзнерствы, якія зневажаюць Найсвяцейшую Маці.

 

Малітва перапрашэння

О праслаўлёная Дзева Марыя, Маці Бога і Маці наша! Узглянь з любоўю на нас, бедных грэшнікаў, якія ў розных пакутах і перажываннях вымушаны выслухоўваць абразы і знявагі супраць Твайго Беззаганнага Сэрца. О як гэтыя бязбожныя выпады абражаюць Цябе, Беззаганная Панна, адначасова зневажаючы бясконцую Веліч Айца і Адзінароднага Яго Сына Езуса Хрыста. Яны змушаюць Найвышэйшую Справядлівасць да гневу і суровай кары.

Нягледзячы на ўласную мізэрнасць і бездапаможнасць, мы хочам зрабіць усё, каб спыніць гэтыя знявагі і блюзнерствы. О наша Найсвяцейшая Маці, мы прагнем ушаноўваць Цябе і ўсім сэрцам любіць. Бо гэтага чакае ад нас Бог. І менавіта таму, што мы Цябе любім, мы зробім усё, што толькі зможам, каб усе Цябе ўшаноўвалі і любілі.

О Наймілейшая наша Маці, Прытулак грэшнікаў, прымі гэтае перапрашэнне ад нас і ад нашых супольнасцяў. Прымі яго таксама як перапрашэнне за тых, хто, не ўсведамляючы, што гаворыць, бязбожна абражае Цябе. Упрасі для іх у Бога ласку навяртання, каб праз удзеленую ім ласку яшчэ больш выявілася Твая Мацярынская дабрыня, моц і міласэрнасць. Няхай і яны далучацца да гэтай пашаны і разам з намі праслаўляюць Тваю святасць і дабрыню, абвяшчаючы, што Ты — благаслаўлёная між жанчынамі, Каралева паннаў, Маці Бога, Беззаганнае Сэрца якой не стамляецца ў чулай любові да кожнага чалавека. Амэн.

 

Малітва Фацімскай навэнны (паводле святога Яна Паўла ІІ)

«Вітай, Марыя, поўная ласкі, Пан з Табою!»

Благаслаўлёная Ты, Марыя, пасланая Богам у Фаціму. Ты прынесла свету пасланне надзеі, заклік да малітвы і пакаяння, а таксама просьбу аб кампенсацыі за грахі, якія чыняць сучасныя людзі.

У той час, калі паволі набліжаецца спаўненне Тваіх словаў аб трыумфе Твайго Беззаганнага Сэрца, мы, удзельнічаючы ў гэтай навэнне, якая рыхтуе нас да стогадовага юбілею Тваіх фацімскіх аб’яўленняў, звяртаемся да Цябе ў духу любові, пакоры і бязмежнага даверу і, яднаючыся з усім Касцёлам, усклікаем да Цябе: «Тваёй абароне аддаёмся, Святая Багародзіца!».

Сёння стаім перад Табою, наша Маці, Маці нашых сем’яў, Маці людзей і ўсіх народаў. Ты ведаеш усе нашыя цярпенні і надзеі, Ты па-мацярынску адчуваеш усе змаганні паміж дабром і злом, паміж святлом і цемрай, якія ўскалыхваюць наш сучасны свет. Просім, прымі нашыя малітвы, скіраваныя ў Найсвяцейшым Духу да Твайго Сэрца, і атулі Мацярынскай любоўю наш чалавечы свет, які мы даручаем Табе, непакоячыся за зямны і вечны лёс нас саміх і ўсіх нашых братоў і сясцёр.

Ты казала са смуткам: «Шмат душаў ідзе на асуджэнне». Сваёй духоўнай дачцэ, Люцыі, Ты тлумачыла, што «сучасны свет заслугоўвае патопу больш, чым у часы Ноя», а ў сваёй фацімскай таямніцы пакінула нам папярэджанне: сёння свет заслужыў вялікую Божую кару. Толькі Бог можа змяніць ход нашай гісторыі, пакласці канец распаўсюджванню вакол нас цывілізацыі смерці, абудзіць у людзей прагненне будаваць новы, лепшы свет. Як вучні Хрыста, пакліканыя да Яго служэння, стоячы сёння перад Табою, мы прагнем разам з усім Касцёлам з’яднацца перад Тваім Беззаганным Сэрцам у прысвячэнні, з якім Твой Сын у любові да нас аддаў сябе Айцу: «І за іх Я прысвячаю сябе, каб і яны былі асвячоныя ў праўдзе» (Ян 17, 19). Прагнем з’яднацца з нашым Адкупіцелем у гэтым прысвячэнні за свет і за чалавецтва — прысвячэнні, якое ў Яго Боскім Сэрцы мае моц перапрашэння і кампенсацыі за грахі.

Сёння аддаемся Табе безаглядна, каб кожны з нас быў «цалкам Твой», ажно на вякі, каб нішто не адлучыла нас ад Езуса, Збаўцы свету. Няхай нашае прысвячэнне ў еднасці з прысвячэннем Твайго Сына мае моц перамяніць навакольны свет. Няхай яно агорне ўсіх людзей і дапаможа перамагчы ўсялякае зло, якое дух цемры здольны пасяліць у сэрцы чалавека і ў яго ўчынках — тое, якое ўжо распаліў у наш час.

Просім Цябе, Марыя! Пакажы нам сваё Беззаганнае Сэрца — шлях, які вядзе сучасны свет да Бога. Просім, «ад усялякай злой прыгоды выбаўляй нас заўсёды!».

Сярод мноства пагрозаў і няпэўнасці заўтрашняга дня ўсклікаем да Цябе з бязмежным даверам: дапамажы нам перамагчы жудасць зла, якое так лёгка ўкараняецца ў сэрцах сучасных людзей — зла, якое ў невымерных наступствах навісла над нашай сучаснасцю і, здаецца, перакрывае дарогі ў будучыню.

Ад голаду і вайны — выбаў нас!

Ад атамнай вайны, ад самазнішчэння, ад усіх войнаў — выбаў нас!

Ад грахоў супраць чалавечага жыцця, пачынаючы з хвіліны яго зачацця — выбаў нас!

Ад нянавісці і прыніжэння годнасці дзяцей Божых — выбаў нас!

Ад усялякай несправядлівасці ў грамадскім жыцці краіны і ўсяго свету — выбаў нас!

Ад невыканання Божых запаведзяў — выбаў нас!

Ад спробаў знішчыць праўду пра Бога ў чалавечых сэрцах — выбаў нас!

Ад грахоў супраць Духа Святога — выбаў нас!

Прымі, наша Маці, гэтыя нашыя заклікі, напоўненыя цярпеннем усіх людзей, абуджаныя цярпеннем цэлых грамадстваў!

Дапамажы нам моцаю Духа Святога перамагаць усялякі грэх, грэх у кожным яго абліччы: у нас саміх і вакол нас.

Няхай наш дзіцячы давер будзе Тваёю прыладаю, якую Ты выкарыстаеш згодна з Божаю воляю, каб хутчэй настала цывілізацыя любові, каб сярод нас абудзілася вясна хрысціянства і расквітнела святасць жыцця — у нас, нашых сем’ях і ўсіх народах.

Няхай у гісторыі свету яшчэ раз аб’явіцца бязмежная магутнасць Адкуплення — магутнасць міласэрнай Любові! Няхай яна спыніць зло! Няхай пераменіць сумленні людзей! Няхай у Тваім Беззаганным Сэрцы для ўсіх адкрыецца святло надзеі!

Няхай Тваё Беззаганнае Сэрца зменіць свет! Амэн.

 

Ойча наш… Вітай, Марыя… Хвала Айцу…

Суплікацыя

Святы Божа, Святы Моцны, Святы несмяротны, — змілуйся на намі і над усім светам! (3 разы) 

 

Ружанец перапрашэння
Беззаганнага Сэрца Марыі

Таямніцы святла

Молімся: О Марыя, праз набажэнствы першых суботаў месяца прагнем перапрасіць за пяць відаў знявагаў і абразаў Твайго Беззаганнага Сэрца. Прымі гэтае наша перапрашэнне за блюзнерствы, скіраваныя супраць Твайго Беззаганнага Зачацця, Твайго Дзявоцтва і Твайго Божага Мацярынства. Ахвяруючы Табе гэтае наша перапрашэнне, просім прабачэння для тых, хто не прызнае Цябе за Маці ўсяго чалавецтва і хто сее ў сэрцах дзяцей абыякавасць, ігнараванне і нават нянавісць да Цябе. Урэшце прагнем перапрасіць за знявагі, прычыненыя Табе тымі, хто зневажае Твае святыя выявы. 

Маці Божая, аддаем Табе нашыя сэрцы. Ачысці іх, распалі ў іх любоў. Выпрасі нам святло Духа Святога, каб мы маглі пазнаць волю Божую і выканаць яе з Тваёй дапамогаю.

Жадаючы суцешыць і перапрасіць Тваё Беззаганнае Сэрца, распачынаем малітву святога Ружанца.

Веру ў Бога, Айца ўсемагутнага, Стварыцеля неба і зямлі, і ў Езуса Хрыста, Сына Яго адзінага, Пана нашага, які быў зачаты ад Духа Святога, нарадзіўся з Дзевы Марыі, замучаны пры Понцкім Пілаце, укрыжаваны, памёр і быў пахаваны; зышоў да адхлані, на трэці дзень уваскрос з памерлых, узышоў на неба, сядзіць праваруч Бога Айца ўсемагутнага, адтуль прыйдзе судзіць жывых і памерлых. Веру ў Духа Святога, святы Касцёл каталіцкі, еднасць святых, адпушчэнне грахоў, уваскрашэнне цела, жыццё вечнае. Амэн.

Ойча наш, каторы ёсць у небе, свяціся iмя Тваё, прыйдзi Валадарства Тваё, будзь воля Твая як у небе, так i на зямлi. Хлеба нашага штодзённага дай нам сёння, і адпусцi нам правіны нашы, як i мы адпускаем вiнаватым нашым, і не ўводзь нас у спакусу, але збаў нас ад злога. Амэн.

Вітай, Марыя, поўная ласкі, Пан з Табою, благаслаўлёная Ты між жанчынамі і благаслаўлёны плод улоння Твайго, Езус. Святая Марыя, Маці Божая, маліся за нас, грэшных, цяпер і ў хвіліну смерці нашай. Амэн. (3 разы)

Хвала Айцу і Сыну, і Духу Святому. Як была спрадвеку, цяпер і заўсёды, і на векі вечныя. Амэн.

 

Таямніца І
Хрост Езуса ў Ярдане

Пан Езус, нявінны, прымае наш грэх і сыходзіць у ваду на знак ачышчэння. Айцец абвяшчае Яго Сынам умілаваным і пасылае ў Духу Святым, каб мы Яго слухалі.

Пане, Ты ачысціў мяне вадою хросту і ўліў у мяне Свайго Духа. Ці адчуваю сябе пасланым, каб штодня абвяшчаць Цябе і Тваю любоў? Ці прымаю

Тваю бязмежную любоў і ці дзялюся гэтай любоўю з бліжнімі?

У гэтай таямніцы будзем перапрашаць Беззаганнае Сэрца Марыі за недахоп веры і паслухмянасці так многіх людзей, якія не хочуць слухаць Бога і Яму служыць.

Пасля кожнай малітвы Вітай, Марыя чытаецца просьба: Захавай і памнож у нас веру ў Тваё Беззаганнае Зачацце.


Ойча наш..., Вітай, Марыя... (10 разоў), Хвала Айцу...

Няхай будзе праслаўлёны Найсвяцейшы Сакрамэнт, праўдзівае Цела і Кроў Пана нашага Езуса Хрыста.

О мой Езу, прабач нам грахі нашыя, захавай нас ад агню пякельнага, правядзі ўсе душы на неба і дапамажы асабліва тым, каму найбольш патрэбна Твая міласэрнасць.

О Марыя, без граху першароднага зачатая, маліся за нас, хто ў Цябе паратунку шукае, і за тых грэшных, хто Табою пагарджае, асабліва за ворагаў Касцёла і даручаных Табе.

Найсвяцейшае Сэрца Езуса, прыйдзі Валадарства Тваё праз Беззаганнае Сэрца Марыі.

 

Таямніца ІІ
Езус аб'яўляе сябе на вяселлі ў Кане Галілейскай

Езус перамяняе ваду ў віно, і тым самым аб'яўляе сваю Боскасць. Марыя першая не толькі паверыла ў Яго, але і даверылася Яму. I таму з даверам Марыя гаворыць: зрабіце ўсё, што Ён вам скажа.

На Яе словы Езус выяўляе сваю Боскую моц, каб дапамагчы людзям.

Ці давяраемся мы Яго моцы ў вялікіх і малых справах? Марыя, памнож нашую веру.

У гэтай таямніцы будзем перапрашаць Беззаганнае Сэрца Марыі за тое, што так шмат людзей не прызнае Яе заступніцтва перад Богам і не шукае ў Яе дапамогі і апекі.

Пасля кожнай малітвы Вітай, Марыя чытаецца просьба: Захавай і памнож у нас веру ў Тваё непарушнае Дзявоцтва.

Ойча наш..., Вітай, Марыя... (10 разоў), Хвала Айцу...

Няхай будзе праслаўлёны Найсвяцейшы Сакрамэнт, праўдзівае Цела і Кроў Пана нашага Езуса Хрыста.

О мой Езу, прабач нам грахі нашыя, захавай нас ад агню пякельнага, правядзі ўсе душы на неба і дапамажы асабліва тым, каму найбольш патрэбна Твая міласэрнасць.

О Марыя, без граху першароднага зачатая, маліся за нас, хто ў Цябе паратунку шукае, і за тых грэшных, хто Табою пагарджае, асабліва за ворагаў Касцёла і даручаных Табе.

Найсвяцейшае Сэрца Езуса, прыйдзі Валадарства Тваё праз Беззаганнае Сэрца Марыі.

 

Таямніца ІІІ
Абвяшчэнне Божага Валадарства і заклік да навяртання

Езус, пачынаючы сваю збаўчую місію, навучаў: блізка ёсць Валадарства Божае. Навяртайцеся і верце ў Евангелле. У хуткім часе заклік да навяртання і словы міласэрнасці пачуюць паралітык і грэшніца: адпускаюцца табе грахі твае...

Пане, Ты ведаеш усе нашыя думкі і ўчынкі. Ты ведаеш, колькі ў іх граху. Навучы нас змагацца з імі і давяраць магутнасці Тваёй міласэрнасці.

У гэтай таямніцы будзем перапрашаць Беззаганнае Сэрца Марыі за недахоп веры многіх людзей у Божае Мацярынства і вечнае Дзявоцтва Хрыстовай Маці. Перапрашаем Яе за іх гардыню і няўменне пакарыцца перад таямніцаю Нованароджанага.

Пасля кожнай малітвы Вітай, Марыя чытаецца просьба: Захавай і памнож у нас веру ў Тваю годнасць сапраўднай Божай Маці.

Ойча наш..., Вітай, Марыя... (10 разоў), Хвала Айцу...

Няхай будзе праслаўлёны Найсвяцейшы Сакрамэнт, праўдзівае Цела і Кроў Пана нашага Езуса Хрыста.

О мой Езу, прабач нам грахі нашыя, захавай нас ад агню пякельнага, правядзі ўсе душы на неба і дапамажы асабліва тым, каму найбольш патрэбна Твая міласэрнасць.

О Марыя, без граху першароднага зачатая, маліся за нас, хто ў Цябе паратунку шукае, і за тых грэшных, хто Табою пагарджае, асабліва за ворагаў Касцёла і даручаных Табе.

Найсвяцейшае Сэрца Езуса, прыйдзі Валадарства Тваё праз Беззаганнае Сэрца Марыі.

 

Таямніца ІV
Перамяненне Езуса на гары Табор

Пан Езус бярэ сваіх умілаваных вучняў — Пятра, Якуба і Яна на гару Табор і паказвае ім сваю Боскасць. Захапленне вучняў настолькі вялікае, што яны хочуць застацца там назаўсёды. Яны яшчэ не ведаюць, што шлях Езуса да хвалы будзе весці таксама праз цярпенне ў Аліўным садзе. Такія шляхі чалавечага жыцця — праз крыж да святла.

Пане, дзякуем Табе за тую радасць, што прыносіць нам вера, але просім таксама, каб Ты ўзмацняў нас, калі настануць хвіліны Аліўнага сада для кожнага з нас.

У гэтай таямніцы будзем перапрашаць Беззаганнае Сэрца Марыі за недахоп у сучасным свеце духу адрачэння і ахвяры.

Пасля кожнай малітвы Вітай, Марыя чытаецца просьба: Захавай і памнож у нас шанаванне і любоў да Тваіх абразоў.

Ойча наш..., Вітай, Марыя... (10 разоў), Хвала Айцу...

Няхай будзе праслаўлёны Найсвяцейшы Сакрамэнт, праўдзівае Цела і Кроў Пана нашага Езуса Хрыста.

О мой Езу, прабач нам грахі нашыя, захавай нас ад агню пякельнага, правядзі ўсе душы на неба і дапамажы асабліва тым, каму найбольш патрэбна Твая міласэрнасць.

О Марыя, без граху першароднага зачатая, маліся за нас, хто ў Цябе паратунку шукае, і за тых грэшных, хто Табою пагарджае, асабліва за ворагаў Касцёла і даручаных Табе.

Найсвяцейшае Сэрца Езуса, прыйдзі Валадарства Тваё праз Беззаганнае Сэрца Марыі.

 

Таямніца V
Устанаўленне Эўхарыстыі

Пасля цуду размнажэння хлеба Езус сказаў: хто спажывае Цела маё і п'е Кроў Маю, — будзе мець жыццё вечнае. На Апошняй Вячэры вучні атрымалі Яго Цела і Кроў, а таксама пачулі заданне: гэта чыніце на Маю памяць.

Касцёл выконвае гэтае заданне больш за 2000 гадоў і нястомна запрашае нас на гасціну пры Эўхарыстычным стале.

Пане, Ты даеш нам Сябе ў святой Камуніі. Дапамажы, каб мы заўсёды годна прымалі Цябе і ніколі не аддаліліся ад Цябе.

У гэтай таямніцы будзем перапрашаць Беззаганнае Сэрца Марыі за непаслухмянасць Яе Сыну і пагарджанне Яго навукаю так многімі людзьмі. Перапрашаем за тое, што сучасны свет апанавала секулярызацыя і ў штодзённым жыцці няма месца для Бога.

Пасля кожнай малітвы Вітай, Марыя чытаецца просьба: Распалі ва ўсіх сэрцах прагу набажэнства і любоў да Цябе.

Ойча наш..., Вітай, Марыя... (10 разоў), Хвала Айцу...

Няхай будзе праслаўлёны Найсвяцейшы Сакрамэнт, праўдзівае Цела і Кроў Пана нашага Езуса Хрыста.

О мой Езу, прабач нам грахі нашыя, захавай нас ад агню пякельнага, правядзі ўсе душы на неба і дапамажы асабліва тым, каму найбольш патрэбна Твая міласэрнасць.

О Марыя, без граху першароднага зачатая, маліся за нас, хто ў Цябе паратунку шукае, і за тых грэшных, хто Табою пагарджае, асабліва за ворагаў Касцёла і даручаных Табе.

Найсвяцейшае Сэрца Езуса, прыйдзі Валадарства Тваё праз Беззаганнае Сэрца Марыі.

 

Малітва на заканчэнне

Каралева Ружанца Святога, наша Фацімская Пані! Дзякуем Табе за дапамогу, якую Ты нам аказала. Тваё Фацімскае пасланне — гэта праява Мацярынскай любові. Ты прагнеш усіх уратаваць і кожнага хочаш правесці на Неба.

Хвала і праслаўленне Айцу і Сыну, і Духу Святому за гэтую поўную велічы Каралеву Неба, за Яе Фацімскае пасланне і за выслухоўванне нашых просьбаў. Амэн.

 

Літанія да Найсвяцейшай Панны Марыі (Ларэтанская)

Кiрые, элейсон, Хрыстэ, элейсон, Кiрые, элейсон,
Хрыстэ, пачуй нас, Хрыстэ, выслухай нас.

Ойча з неба, Божа, – змiлуйся над намi.
Сыне, Адкупіцель свету, Божа,
Духу Святы, Божа,
Святая Тройца, адзiны Божа, – змiлуйся над намi.

Святая Марыя, – малiся за нас.
Святая Багародзіца,
Святая Панна над паннамi,
Мацi Хрыстова,
Мацi Касцёла,
Мацi ласкi Божай,
Маці Міласэрнасці,
Маці прачыстая,
Мацi беззаганная,
Мацi непарушная,
Маці нявінная,
Мацi наймiлейшая,
Мацi найцудоўнейшая,
Мацi добрай рады,
Мацi Стварыцеля,
Мацi Збавiцеля,
Панна наймудрэйшая,
Панна, хвалы годная,
Панна праслаўлёная,
Панна магутная,
Панна ласкавая,
Панна верная,
Люстра справядлiвасцi,
Сталiца мудрасцi,
Прычына нашай радасцi,
Святыня духоўная,
Святыня хвалебная,
Святыня слаўная пабожнасцi,
Ружа містычная,
Вежа Давiдава,
Вежа з косцi слановай,
Залаты доме,
Каўчэг Запавету,
Брама нябесная,
Зорка ранiшняя,
Аздараўленне хворых,
Прытулак грэшных,
Суцяшальнiца засмучаных,
Успамога хрысціянаў,
Каралева анёлаў,
Каралева патрыярхаў,
Каралева прарокаў,
Каралева Апосталаў,
Каралева мучанiкаў,
Каралева веравызнаўцаў,
Каралева паннаў,
Каралева ўсiх святых,
Каралева, без граху першароднага зачатая,
Каралева ўнебаўзятая,
Каралева Ружанца святога,
Каралева сем’яў,
Каралева супакою, – малiся за нас.

Баранку Божы, якi бярэш на сябе грахi свету, – даруй нам, Пане.
Баранку Божы, якi бярэш на сябе грахi свету, – выслухай нас, Пане.
Баранку Божы, якi бярэш на сябе грахi свету, – змiлуйся над намi.

С.: Малiся за нас, Святая Багародзіца.
Н.: Каб сталiся мы годнымi абяцанняў Хрыстовых.

Молiмся: Просім Цябе, Пане Божа, дазволь нам, слугам Тваім, цешыцца трывалым здароўем душы і цела, і праз слаўнае заступніцтва Найсвяцейшай заўсёды Панны Марыі май ласку вызваліць нас ад цяперашняга смутку і адарыць вечнай радасцю. Праз Хрыста, Пана нашага.
Н.: Амэн.

Тваёй абароне

Тваёй абароне аддаёмся, Святая Багародзіца, у нашых патрэбах не пагарджай маленнем нашым. I ад усялякай злой прыгоды выбаўляй нас заўсёды, Панна хвалебная i благаслаўлёная.

О Панi наша, Апякунка наша, Суцяшальнiца наша, Ты Заступніца наша, з Сынам сваiм нас паяднай, Сыну свайму нас даручай, Сыну свайму нас аддавай.

Малiтва св. Бэрнарда

Памятай, о Найсвяцейшая Панна Марыя, што нiколi не здаралася, каб пакiнула таго, хто да Цябе ўцякае, Цябе на дапамогу клiча, Тваёй апекi просiць. Гэтым даверам натхнёны, да Цябе, о Панна над паннамi i Мацi наша, iмкнуся, да Цябе прыходжу, перад Табою, грэшны, плачучы, стаю. О Мацi Слова, не пагарджай словамi маiмi, але пачуй iх ласкава i выслухай. Амэн. 

 

Акт прысвячэння
Беззаганнаму Сэрцу Маці Божай

Беззаганная Маці Бога, Твой Сын хацеў, каб мы прынялі Цябе як Маці і каб Ты навучыла нас ісці следам за Ім. Ён жадаў, каб Ты падтрымлівала нас сваёю матчынаю апекаю. Твайму Беззаганнаму Сэрцу аддаём усё нашае жыццё, нашую радасць і смутак. Няхай нашае жыццё стане гімнам праслаўлення Бога.

Прысвячаем Табе сем’і нашага краю. Няхай яны стануць падобнымі да Тваёй сям’і ў Назарэце, каб усе адчувалі і спазнавалі ў іх любоў Бога.

Тваёй апецы аддаём увесь Касцёл, асабліва яго пастыраў. Выпрасі нам у cвайго Сына ласку любові да Касцёла, які так часта на працягу гісторыі праходзіў праз выпрабаванні. Аддаём Табе дзяцей і моладзь нашай краіны. Выпрасі для нашага народу шматлікія пакліканні да святарства і кансэкраванага жыцця. Выпрасі таксама святасць для сужэнцаў.

Даручаем Табе хворых і церпячых. Будзь з намі, калі слабее наша надзея. Заступіся за нас, каб мы станавіліся ўсё больш сумленнымі людзьмі. Твайму Беззаганнаму Сэрцу давяраем нашую сучаснасць і будучыню.

 

Адпаведны спеў

Благаслаўленне Найсвяцейшым Сакрамэнтам

Спеў на заканчэнне (напрыклад: “З далёкай Фацімы” – с. 561, малітоўнік “Ойча наш”).

 

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней