Даручэнне сябе Беззаганнай

Апостальства як вынік даручэння сябе Беззаганнай

Апостальства чыну

Ці можам мы абмежавацца толькі гарачымі пачуццямі, чулымі словамі? Не, гэтага будзе замала...

Перш за ўсё трэба даручыць Ёй кожную справу, якую мы распачнем, асабліва калі гэта датычыцца здабыцця душаў для Яе.

Нельга ўпусціць ніводнай магчымасці для распаўсю­джання пашаны і любові да Яе. Дом, лабараторыя, месца працы кожнага з нас няхай стане ажыўленым — але заўсёды поўным пакоры — асяродкам такога апостальства, каб кожнае, кожнае без вы­ключэння сэрца білася лю­боўю да Яе, бо Яна найлягчэй і найхутчэй паяднае сэрцы бедных жыхароў зямлі з гарачым Сэрцам Бога Збаўцы91.

Трэба раздаваць Яе медалік усім, каму толькі можна, — і дзецям, каб яны заўсёды насілі яго на шыі, і дарослым, асабліва маладым людзям, каб яны пад апекаю Беззаганнай мелі дастаткова сілаў для пераадолення мноства спакусаў і пастак, што пагражаюць ім у наш час. А тым, хто не зазірае ў касцёл, баіцца прыйсці да споведзі, кпіць з рэлігійных практыкаў, смяецца з праўдаў веры, заграз у маральным балоце або жыве ў ерасі паза Касцёлам, — о, гэтым людзям абавякова трэба падарыць медалік Беззаганнай і прасіць, каб яны насілі яго, а тым часам горача маліцца да Беззаганнай аб іх навяртанні. Многія знаходзяць выйсце нават тады, калі не­хта ніякім чынам не хоча прыняць медалік: проста ўшываюць пакрыёма медалік у яго адзенне і моляцца, а Беззаганная раней ці пазней выявіць тое, што можа (VI, 1036).

Трэба змагацца малітваю, станоўчым прыкладам, вялікаю лагоднасцю і дабрынёю, у якіх адлюстроўваецца дабрыня Беззаганнай. Людзі, якія шукаюць шчасця паза Богам, — нешчасліўцы, аблытаныя грахамі і заганамі. Яны гоняцца за шчасцем і шукаюць яго там, дзе яго няма.

Пры магчымасці трэба старацца добрым словам паступова навучыць іншых любіць Беззаганную Маці ўсім сэрцам і звяртацца да Яе ва ўсіх цяжкасцях і спакусах. Хто пачне шчыра маліцца да Беззаганнай, той неўзабаве, часцей за ўсё ў Яе свята, згодзіцца прыступіць да споведзі. У свеце шмат зла, але давайце памятаць, што Беззаганная мацнейшая і «сатрэ галаву» пякельнага гада (I, 81).

Плённасць працы залежыць не ад здольнасцяў, намаганняў, грошай (хоць гэтыя Божыя дары таксама карысныя для каталіцкай акцыі), а толькі, і выключна, ад ступені еднасці з Богам. Калі гэтага не будзе альбо сувязь з Богам аслабне, то ўсе іншыя сродкі стануць непрыдатныя. Калі ж гэтая еднасць жывая, то ўсё іншае без цяжкасцяў зной­дзецца.

Жыць у еднасці з Беззаганнаю, быць прыладаю ў Яе беззаганных руках — вось таямніца, якая гарантуе поспех (VI, 983).

У працы над навяртаннем і асвячэннем найбольш дзейснымі бываюць крыж, цярпенні і ахвяра (V, 859).

Апостальства прыкладу

Усе глядзяць на прыклад старэйшых, а дакладней, вучацца жыць ад старэйшых і паводзяць сябе так, як яны (Konf. OMK, 37).

Прыкладам і добрым словам, а часам таксама красамоўнымі і рашучымі ўчынкамі, можна засведчыць душам шмат добрага. Успрымай сябе як рыцара Беззаганнай.

Яна сама лепш за ўсё навучыць, як гэта зрабіць. У частай размове з Ёю самнасам, 

а таксама схіліўшыся каля Яе ног, лепш за ўсё навучышся, як здабываць для Яе ўсё больш душаў, як усё больш узмацняць у гэтых душах Яе Валадарства (IV, 779).

Калі мы павінны асвячаць і запальваць іншых, то якой жа любоўю мусім палаць самі! Калі мы не будзем прагнуць гэтай любові, не будзем годныя свайго задання (Konf. OMK, 242).

Мы павінны паказаць гэта на справе, уласным жыццём. Калі мы самі не будзем прыладаю ў Яе руках, як жа навучым гэтаму іншых? Трэба даць Ёй весці нас, каб іншыя, гледзячы на нас, маглі спа­знаць, як гэта выглядае на практыцы — быць Яе рыцарам. Каб дайсці да гэтага, мы павінны пасяліцца ў Яе душы, думаць Яе думкамі і г.д., каб не было розніцы паміж Яе поглядамі і нашымі, гэтак жа, як няма розніцы паміж Яе жаданнямі і Божаю воляю. Гэтае практычнае навучанне іншых — нашае заданне. Мы павінны да такой ступені выпраменьваць Яе святло, каб гэта прыцягвала іншых (Konf. OMK, 195).

Плён даручэння сябе Беззаганнай

Супакой духу

Магчыма, у некаторых выпадках мы ўжо спазналі і цяпер спазнаем (хоць гэта неабавязкова), якое вялікае шчасце і супакой духу дае гэтае даручэнне сябе Беззаганнай. Спраўджваюцца словы Пана Езуса аб тым, што чалавек, які цалкам прысвяціць сябе Яму, здабудзе ў сто разоў больш ужо ў гэтым жыцці. Гэты глыбокі супакой, гэтае невыказнае шчасце дае прадчуванне неба ўжо тут, на зямлі (Konf. OMK, 235).

А цяпер падумайце, як нам будзе прыемна на смяротным ложы, калі мы зможам шчыра сказаць: «Беззаганная, дзя­куючы Тваёй міласэрнасці я прысвяціў Табе ўсё сваё жыццё, дзеля Цябе працаваў, пакутаваў і дзеля Цябе паміраю. Я — Твой...»

Які супакой, якое блага­слаўлёнае шчасце будзе напаўняць нашае сэрца ў надзеі хутка ўбачыць Яе!..

І якая сустрэча чакае нас у небе!.. (I, 120).

Яна — і нашая Маці, і... Божая. Дык дзе ж Яе месца? А таксама і нашае — тых, хто з’яўляецца Яе прыладаю, 

Яе ўласнасцю? Яна ж пранікае ў нашую душу і ўсеўладна кіруе нашымі пачуццямі. Мы сапраўды належым Ёй. Таму заўсёды, паўсюль — з Ёю... (II, 411).

Пераклад з польскай мовы Ганны Серэхан.

Паводле: M.M. Kolbe 

«Oddanie siê Niepokalanej». — Niepokalanów, 2002.

Працяг будзе.

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла