Жыве ў Браславе Оля

Завочна я была знаёмая з сям’ёй Баранавых з Браслава даўно, але ўпершыню пераступіла парог іх дома толькі мінулым летам, у часе браслаўскіх урачыстасцяў у гонар Маці Божай. Браслаў гучна адзначаў свае чарговыя святы — касцёл быў запоўнены парафіянамі, гасцямі, пілігрымамі, паўсюль чуліся песні, смех, радасць. А ў іх кватэры стаяла цішыня. Усе былі дома: мама Ірына, тата Ігар і Оля, іх дачушка. Менавіта Оля нас і пазнаёміла, дакладней, звяла нас бяда, якая здарылася з ёй пяць гадоў таму…

У маленстве ў Олі было шмат розных мараў. Потым, як і ва ўсіх яе равеснікаў, прыходзілі новыя захапленні. Яна жыла з мамай і татам у Браславе, любіла звяроў, птушак, усё жывое. Любіла і шкадавала. Аднойчы сказала маме, што калі вырасце, то арганізуе дом для бяздомных сабак, катоў, пакалечаных звяркоў, для тых, каму самастойна цяжка выжыць у няветлым да іх свеце. Оля збіралася замяніць ім, пакінутым ды пакалечаным, і «бацькоў», і гаспадароў. У старэйшых класах дзяўчына захапілася ангельскай мовай, і бацькі падумвалі, што дачка можа ў будучыні звязаць сваё жыццё менавіта з ёю. Вучылася Оля добра, і, калі скончыла 10-ты клас, бацькі зрабілі ёй падарунак — турыстычную пуцёўку ў Балгарыю…

…Потым, пасля трагедыі, гаварылі, што той матацыкліст проста не ўмеў упраўляць сваім водным матацыклам. Быццам нават і па ўзросце не меў на гэта права. Оля з сяброўкай плыла ў лодцы. Гэта быў перадапошні дзень іх побыту ў сонечнай Балгарыі. Яна, якая вырасла сярод задуменных браслаўскіх азёраў, вельмі любіла ваду і ўсё, што звязана з ёю... Бяда здарылася ў адно імгненне. Матацыкліст сарваўся і з размаху ўрэзаўся ў іх лодку. Асноўная сіла ўдару прыйшлася на Олю...

Яе прывезлі спецрэйсам самалёта з Балгарыі ў Мінск. Аперацыйныя палаты, рэанімацыі, цемра — так пачалося для Олі новае жыццё, якое для ўсіх нас, хто сам не сутыкнуўся са станам комы, так і застанецца назаўсёды загадкаю. І з гэтай вялікай таямніцай жывуць цэлых доўгіх пяць гадоў Оля і яе бацькі.

Прагнозы дактароў? Яны з першага дня трагедыі і да сённяшняга былі і застаюцца самыя розныя. І большасць з іх не спраўдзілася. Магчыма, таму што прагнозы нават самых яркіх свяцілаў медыцыны не здольныя ўлічыць сілу бацькоўскай малітвы і любові, жыццёвую моц, закладзеную ў кожнага з нас Створцам, Божую волю для кожнага з нас.

Ці знойдзецца хтосьці з нас, хто б не баяўся аварыяў, трагічных здарэнняў, неспадзяваных сутыкненняў са злом? Ці знойдуцца бацькі, якія не баяцца, каб з іх дзецьмі чагосьці такога не здарылася?

Ірына і Ігар Баранавы таксама зусім не супергероі. Яны таксама аберагалі сваю адзіную дачушку, як маглі, таксама жадалі ёй толькі дабра і шчасця. Але неспадзявана ў іх размеранае, напоўненае прыгожымі планамі сямейнае жыццё ўварвалася дзікая бяда і разбурыла тыя планы, перавярнула ўсё дагары нагамі. Бяда была настолькі недарэчнай, настолькі дзікай, што напачатку і маці, і бацька кінуліся ў роспач, наракалі на лёс і нават спрабавалі шукаць паратунку там, дзе не маглі яго атрымаць. У наш час столькі развялося знахараў і знахарак, «лекараў» і экстрасэнсаў, якія так спрытна і ўвішна вымотваюць з людзей грошы ды нажываюцца на чужой бядзе! І дзякуй Богу, што над усёй гэтай гісторыяй для Оліных бацькоў маяком і арыенцірам была і застаецца малітва ды пошук паратунку ў Найвышэйшага Лекара.

Сказаць, што за гэтыя бясконца доўгія пяць гадоў Ірына і Ігар перажылі вельмі шмат, гэта нічога не сказаць. Да іх бяды далучылася страта блізкіх людзей — бацькоў Ірыны, хваробу якіх і смерць, магчыма, падштурхнула Оліна трагедыя. Давялося перажыць таксама і неразуменне некаторых знаёмых, сяброў, сваякоў, якія паспяшаліся ўспрыняць Оліну трагедыю бядой без выйсця. Аднойчы ў перадачы па тэлебачанні бацька адной дзяўчыны, якая таксама знаходзілася ў гэткім стане, сказаў, што яны пасля трагедыі адчулі сябе ізгоямі ў грамадстве, бо людзі баяцца такіх сітуацый і часта проста не разумеюць, што з гэтым таксама можна жыць. Так, з гэтым людзі жывуць! Не існуюць, не валакуць на сабе непасільны цяжар, а жывуць! Рызыкну сцвердзіць, што ў гэтых сем’ях умеюць годна перажываць радасці, тут таксама могуць смяяцца, за кагосьці радавацца, віншаваць са святамі. Яны жывуць, а не існуюць. Толькі мы так часта імкнемся не заўважаць гэтага і, не пабаюся сказаць, не імкнемся вучыцца ў гэтых сямей цаніць штодзённыя, звычайныя радасці, любіць жыццё і людзей, быць удзячнымі Богу і людзям за кожнае найменшае дабро. 

У такое цяжка паверыць. Дзеля гэтага проста трэба наблізіцца да людзей, якія перажываюць бяду, увайсці ў іх дом. І, магчыма, тады мы ўбачым, наколькі мізэрныя, нічога не вартыя многія і многія нашыя праблемы. Магчыма, тады мы будзем пакрысе вучыцца любіць, радавацца, жыць, берагчы адно аднаго. Пра ўсё гэта думалася, калі я бачыла чулыя, напоўненыя дабрынёй адносіны ў сям’і Баранавых, на чыю долю выпала так шмат выпрабаванняў.

…У той вечар Ірына сказала мне, што калі б не трагедыя, яна, магчыма, так і не зведала б, што гэта такое — любіць па-сапраўднаму, так, як яна цяпер любіць сваю дачушку. Мы пілі гарбату, гутарылі, планавалі новыя сустрэчы. І так добра, так лагодна было на душы, хоць у нашым пакоі і не чулася адгалоскаў гучнага, іскрыстага свята. Не было тут гэтай, такой зразумелай браслаўскай весялосці, але затое было штосьці невымерна глыбокае і важнае. Заўтра Ірына абавязкова пабяжыць у касцёл, дзе будзе цэлебравацца святая Імша за іх Олю. І яна, і Ігар, калі толькі ёсць найменшая магчымасць, спяшаюцца ў святыню і даручаюць Небу тое, што ляжыць на сэрцы. Часта ў такія хвіліны словы ператвараюцца ў слёзы і боль, што нябачнымі абцугамі сціскае сэрца. І гэта — таксама малітва. Магчыма, самая шчырая і сапраўдная.

Яны ўдзячныя кожнаму чалавеку за кожную малітву ў інтэнцыі іх Олі. Дзверы іх дома заўсёды з радасцю адчыняюцца перад айцом сальватарыянінам Адамам, які час ад часу наведвае іх, моліцца над Оляй, удзяляе ёй сакрамэнт хворых. Ведаю, што яны ўдзячныя кожнаму, хто моліцца за іх дачку, таму я і вырашыла сёння звярнуцца да тых, хто прачытае гэтыя радкі: маліцеся, калі ласка, за браслаўчанку Олю Баранаву, даверце Богу ўсё, што з ёю адбываецца, бо толькі Ён ведае, каму што з нас сёння патрэбна. Магчыма, нам варта больш давяраць Яму патрэбы нашых блізкіх, знаёмых і незнаёмых людзей, больш клапаціцца за іншых, не баяцца ўваходзіць у іх праблемы, адважна несці іх цяжары. Ён, у чыіх руках нашыя зямныя шляхі, мае моц змяняць кірунак гэтых шляхоў. Папросім жа супольна ў Пана Бога ласкі аздараўлення для браслаўчанкі Олі…

…Апоўначы была яшчэ Імша ў браслаўскім касцёле, потым — Ружанец. Мы са сваім спадарожнікам хацелі пабыць яшчэ і на тых набажэнствах, і таму трэба было спяшацца. На развітанне я зноў зайшла да Олі ў пакой, схілілася над ёю, і нечакана яе твар асвяціўся прыгожаю, нават радаснаю ўсмешкаю, якая на імгненне прагнала пакутлівы адбітак хваробы. Пане Божа! Учыні, каб гэтая цудоўная ўсмешка часцей з’яўлялася на Оліным твары! Пашлі ёй ласку аздараўлення, ацалі яе маладосць ад болю, і тады мы ўсе разам, каму дарагі лёс гэтай дзяўчыны, узнясем хвалу за вялікія справы Твае!

Ірына Жарнасек

У дзень браслаўскіх урачыстасцяў, 2012 г.
Мама з татам дзеляць са сваёй дачкой крыж.

Цэтлікі: Лёсы

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней