Убогія, але багатыя Богам

 Бог ніколі не патрабуе ад нас немагчымага,
але загадвае нам рабіць усё, што мы можам,
і маліцца аб тым, чаго не можам.

Святы Аўгустын


Апосталы ў Вячэрніку, калі ўваскрослы Езус прынёс ім свой спакой, таксама ў момант Спаслання Духа Святога атрымалі нешта, чаго іншыя людзі не атрымалі. Гэты дар, гэты скарб, гэтая рэчаіснасць, якою яны ўзбагаціліся, адрозніла іх раз і назаўсёды ад іншых людзей.

Трэцюю частку Евангелля скла­даюць апісанні цудаў і азда­раўленняў Езуса ў часе Яго кароткай публічнай дзейнасці. Езус здзяйсняе цуды не дзеля ўласнай славы ці каб абудзіць празмерны энтузіязм у людзей. Неаднойчы пасля здзяйснення цуду Ён хаваўся ад натоўпаў, часта на малітву, або загадваў аздароўленым, каб нікому пра гэта не казалі. Езус чыніць цуды па вельмі простай прычыне: Ён спачувае людзям, якіх любіць, і засмучаецца, часам нават да слёз, бачачы іх пакуты. Ён робіць цуды, каб дапамагчы людзям распазнаць, што Божае Валадарства ўжо прыйшло да іх, дапамагае ім паверыць. Урэшце Ён аздараўляе, выганяе дэманаў, каб абвясціць, што Бог — гэта Бог жыцця, Бог усемагутны, што ў канцы разам са смерцю таксама і хваробы будуць пераможаныя, і не будзе ўжо ні жальбы, ні плачу. Езус чакае асабовай сустрэчы, каб ужо тут, на зямлі, чалавек мог перажыць прадчуванне неба, прадчуванне непрамінальнага шчасця і дасканалага сяброўства са сваім Стварыцелем і Збаўцам.

У юдаізме была скіраванасць на атрыманне ад Бога дароў. Дар з’яўляўся цэнтрам рэлігійнага жыцця, быў праяваю вялікай ласкавасці Бога. Ва ўсім гэтым меліся на ўвазе найперш зямныя дары: здароўе, сонца, вада, жытло, хлеб, плоднасць — тое, што гарантуе зямны дабрабыт.

У хрысціянстве праблема заключаецца не ў дары,
але ў спатканні з Хрыстом, з Богам.
Сам Бог з’яўляецца дарам.
Калі, аднак, мы ўслухаемся ў нашы малітвы,
то заўважым, што найчасцей мы паводзім сябе як габрэі Старога Запавету.

Большасць нашых малітваў — гэта просьбы. Для нас важнымі ёсць дары, а не сустрэча з Хрыстом. Такім чынам, мы маглі б заслужыць абвінавачванне Настаўніка: «…шукаеце Мяне не таму, што вы бачылі знак, але таму, што дасыта наеліся». Езус не адкідае малітвы прашэння, не сцвярджае, што пошук Бога дзеля атрымання дару — гэта дрэнная справа, але заклікае да нечага большага, да шукання сустрэчы з Ім. Таму Ён аб’яўляецца ў якасці дару. Гэта не хлеб на алтары, але Ён сам. Гэта не віно ў келіху, але Ён сам. Гэта не словы святара, але Ён сам, Ягонае слова. Гэта Ён сам — забіты за нас і ўваскрослы.

Езус усцяж кліча. Але спачатку Ён дае нам дар сваёй прысутнасці і адорвае нас сваёю моцаю. Менавіта такі сэнс сакрамэнтаў і нашага ў іх удзелу. Такі сэнс святой Імшы — Эўхарыстыі. Яна з’яўляецца дарам любові і адначасова няспынным заклікам, каб мы, паверыўшы гэтай любові, імкнуліся паводле яе будаваць сваё жыццё, прынамсі спрабавалі, бо толькі з Хрыстом мы зможам гэта здзейсніць.

Езус заўсёды чакае сустрэчы. Многія з нас прыходзяць у касцёл, каб атрымаць здароўе, здаць экзамен, вярнуць духоўную раўнавагу — мы прыходзім па дары. А Езус чакае, каб мы проста запрасілі Яго, каб Ён мог ісці з намі ў нашы сэрцы, пакоі, аўдыторыі, гарады, вёскі, каб мы шукалі Яго самога. З Ім знойдзем усё!

Калі б Езус чакаў у касцёле з дарамі — з хлебам, віном, здароўем — то ўжо даўно ўсё чалавецтва было б на Ягоным баку.

Езус чакае нас з любоўю, дабрынёю, спагадаю, міласэрнасцю —
чакае сустрэчы. Шчаслівы той, хто шукае Яго не дзеля дароў,
але таму, што яму патрэбны Сябра, адзіны Сябра,
які ніколі не падвядзе.


Айцец Юрый Кулай OCD — кармэліт босы,
душпастыр у парафіі Маці Божай Шкаплернай
у г. Мядзел Мінскай вобласці,
магістр тэалагічнага факультэта
Люблінскага каталіцкага ўніверсітэта імя Яна Паўла ІІ.

Фота Веранікі Скрабатун

 

 

 

 

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней