«Нам хочацца разам ісці да Бога…»

Сяргей і Вольга Галушкі ў шлюбе ўжо 13 гадоў і маюць чацвёра дзяцей. Пазнаёміліся яны ў мінскім Чырвоным касцёле, куды хадзілі на святыя Імшы і сустрэчы моладзі, якія праводзіў кс. Пётр Шарко. Сёння яны і з’яўляюцца каардынатарамі руху «Сужэнскія сустрэчы», праводзяць сустрэчы для сем’яў, якія шукаюць паглыблення любові ў сям’і, дыялогу і ўзаемаразумення. Аб тым, як распачаўся іх шлях у якасці аніматараў і чым жыве іх сям’я Галушкаў, Вольга і Сяргей распавялі для чытачоў часопіса «Ave Maria».

— Адразу такое важнае для кожнай пары пытанне: як вы зразумелі, што створаны адно для аднаго?

Сяргей: Гэтае разуменне прыйшло, калі мы з Вольгаю першы раз загаварылі, а гэта было ў нядзелю пасля Імшы ў Чырвоным касцёле, дзесьці ў гадзіну па абедзе. Мы пачалі размаўляць у сакрыстыі, а потым пайшлі шпацыраваць па Мінску і размаўлялі да вечара. Гэта быў пачатак верасня. Да гэтага не ведалі адно аднаго. Воля, мабыць, ведала, бо існуе ж такая думка, што на самай справе выбірае менавіта жанчына. Яна хадзіла на хор, а я нейкі час быў міністрантам. Для мяне было важна, каб мая дзяўчына была з каталіцкага асяроддзя. Сустракаліся мы год з паловаю.

Вольга: Прапанова рукі і сэрца была вельмі лагічнаю. Нам было 24  і 25 гадоў — самы прыдатны ўзрост. Абое з касцёла. Сустракаліся амаль кожны дзень. І аднойчы, калі ішлі разам у касцёл, Сяргей сказаў мне: «Давай ажэнімся, народзім чацвярых дзяцей, а пятага ўсынавім. Я адказала: «Давай».

— Як вы пачалі ўдзельнічаць у «Сужэнскіх сустрэчах»?

Вольга: Пра сужэнскія сустрэчы мы даведаліся толькі праз 7 гадоў нашага жыцця ў шлюбе, калі ўжо мелі траіх дзяцей. Сустрэчы сталі вельмі прыемным момантам у нашым жыцці, бо раней мы жылі, нібы плывучы па цячэнні. Хадзілі ў касцёл, да споведзі і не задумваліся над тым, што можам дапамагаць адно аднаму.

Сяргей: Вольга мяне паклікала на трохдзённыя рэкалекцыі ў Ляскоўку–Бараўляны. Не скажу, што пасля тых выходных у мяне ўзніклі нейкія пачуцці: да мяне гэта ўсё доўга даходзіла — гады чатыры. Мы хадзілі на рэкалекцыі і сустрэчы, і паступова я зразумеў, што ў маёй жонкі растуць крылы, што ёй гэта трэба.

Каталіцкае асяроддзе — вельмі добрая глеба, бо мы маем зносіны з людзьмі, блізкімі па духу, а яшчэ там вельмі шмат такіх жа людзей, як і мы, — шматдзетных, і нашыя дзеці могуць стасавацца з дзецьмі з іншых каталіцкіх сем’яў.

— Як вы сталі каардынатарамі гэтага руху?

Сяргей: Пасля першага ўік­энду мы ўдзельнічалі ў малых групах у Чырвоным касцёле, потым у нас быў сумесны адпачынак у Латвіі, у Вентспілсе. Паступова мы падрыхтавалі некалькі тэм у Чырвоным касцёле. Гэта быў вельмі цікавы вопыт для нас, і ўжо праз некалькі гадоў сталі аніматарамі. Нам прапанавалі весці групу ў сваёй роднай парафіі, у Чырвоным касцёле.

Вольга: Ад гэтай дзейнасці ёсць сапраўды вялікая аддача. А зусім нядаўна нас выбралі ў праўленне: мяне — скарбнікам, а Сяргея — членам праўлення, і мы ўдзячныя за аказаны нам давер. Нам сапраўды ёсць да чаго імкнуцца, бо мы вельмі любім, каб усё было дакладна і па планах. Бог, вядома, паказвае, што мы мізэрныя, і нашыя планы Ён карэктуе вельмі моцна, але так хочацца, каб дзейнасць «Сужэнскіх сустрэч» прыносіла плён як мага большай колькасці людзей.

— Кажуць, што сям’я — гэта як маленькая дзяржава, дзе кожны выконвае свае абавязкі. Як у вас?

Сяргей: Яны таксама размеркаваныя. Воля адказвае за «тыл», а я іду наперад. Ну а дзеці — па флангах.

Вольга: Дзяцей мы стараемся выхоўваць у духу дэмакратыі. У нас заўсёды бывае дыялог на тэму адпачынку або планаў на выходныя. За ўдакладненне ўсіх нюансаў адказная я. Сяргей жа адказвае за тое, каб прынесці грошы ў дом, а я, каб нам хапіла на ўсё, што нам патрэбна.

Дзеці ўжо трохі падрастаюць, і я вельмі радуюся, што яны таксама чымсьці могуць дапамагчы: скласці посуд у посудамыйку, прыбраць крыху за сабою.

— А ў дзяцей ёсць таксама размеркаванне абавязкаў?

Вольга: Не, у дзяцей ёсць разуменне, што тэлевізар стаіць у асобным пакоі і мульцікі яны ўбачаць толькі тады, калі будуць зробленыя ўрокі і прыбраныя пакоі. Бывае, што яны кажуць: «Гэта не я раскідаў, а меншы». Але меншы ўсё не складзе, таму мы дзейнічаем па прынцыпе: або вы разам усё прыбіраеце, або разам нічога не глядзіце. Вось гэта ўжо не дэмакратычна, але такі метад дзейнічае.

— Як звычайна праходзіць вашая нядзеля?

Вольга: Суботні дзень у нас заняты, бо дзеці, усе трое, зай­маюцца ў музычнай школе. Іх патрэбна развесці, прывесці і зрабіць урокі на наступны ты­дзень. А ў нядзелю мы звычайна ўсе разам ходзім у касцёл на дзіцячую святую Імшу. У трох старэйшых дзяцей ёсць заняткі ў нядзельнай школе, пасля якіх пры добрым надвор’і мы арганізоўваем штосьці накшталт пікніку. Часцей за ўсё, прыходзім у парк або наладжвавем штосьці падобнае дома. Нядзеля — гэта дзень, цалкам прысвечаны сям’і, калі мы не прымаем гасцей і нікуды не ходзім самі.

— У каталіцкай сям’і малітве ў ідэале аддаецца час штодзённа. Як у вас?

Вольга: Мы молімся разам кожны вечар — або «Ойча наш», «Вітай, Марыя...» і «Хвала Айцу...», або таямніцу Ружанца ці літанію. Да гэтага заўсёды дадаем малітвы падзякі і просьбаў. Дзякуем Богу і складаем Яму свае просьбы. Акрамя таго, мы заўсёды молімся з запаленай свечкаю перад ежаю.

— Ці маглі б вы даць нейкую параду тым, хто ўжо хоча стварыць сям’ю?

Сяргей: Даць параду — гэта заўжды вельмі складана. Нам таксама часам патрэбна парада. Але для гэтага і існуюць «Сужэнскія сустрэчы»!

Няма такога досведу, каб мы камусьці казалі: «Слухай, гэта не так, рабі так і так». Мы можам толькі на ўласным вопыце сказаць: «У нашай сям’і была такая сітуацыя, і мы паступілі вось так».

Вольга: Галоўнае, мабыць, у «Сужэнскіх сустрэчах» — ра­зумець, што ідэальных сем’яў не бывае: усе сутыкаюцца з цяжкасцямі.

Для нашай сям’і вельмі важна, што ёсць малітоўная падтрымка ў розных цяжкасцях. Верасень заўжды цяжкі месяц, бо ў нас ёсць вялікая праблема ў школе, але, калі я пасылаю пытанне іншым сем’ям і атрымліваю нейкі адказ, мне лягчэй, нават калі нехта проста піша: «Я за вас памалюся», гэта дае вялікую падтрымку. Праблема не вырашаецца адразу, але ёсць спакой і разуменне, што з Божаю дапамогаю яна абавязкова вырашыцца.

— Якім дэвізам жыве вашая сям’я?

Вольга: Дэвіз — гэта коратка. Я, мабыць, скажу шырэй. Нам вельмі хочацца ўсім разам, блізка адно да аднаго, ісці цвёрдым крокам да Бога.


Размаўляла Марына Валасар.
Фота аўтара.

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней