Даручэнне сябе Беззаганнай

Змест кнігі

Прычыны, якія пабуджаюць нас даручаць сябе Беззаганнай

 З Божага мацярынства вынікаюць усе ласкі, якія Найсвяцейшая Панна Марыя атрымала ад Бога. І першая з іх — Беззаганнае Зачацце. Напэўна, Ёй вельмі прыемна мець гэты прывілей, калі Яна сама пажадала сказаць пра сябе ў Люрдзе: «Я — Беззаганнае Зачацце». Мы таксама хочам называць Яе гэтым дарагім нашаму сэрцу іменем (VII, 1109).

Беззаганнае Зачацце... Гэтыя словы выйшлі з вуснаў самой Беззаганнай, таму яны павінны найбольш праўдзіва, найбольш дакладна тлумачыць, хто Яна такая. Калі словы чалавечай мовы ўвогуле не здольныя адлюстраваць Божыя справы, то і тут значэнне гэтых словаў павінна быць нашмат глыбейшае і прыгажэйшае, больш узнёслае, чым справы, якія праз іх звычайна выяўляюцца альбо да пазнання якіх мог бы дайсці самы праніклівы розум.

«Чаго вока не бачыла і вуха не чула, і што не ўваходзіла ў чалавечае сэрца», — гэтыя словы ў поўнай меры можна выкарыстаць і ў дадзеным выпадку.

Аднак можна і нават трэба — прынамсі настолькі, наколькі з гэтым  справяцца наш розум і мова — думаць, гаварыць і пісаць пра Беззаганную.

Хто ж Ты, о Беззаганнае Зачацце?

Не Бог, бо Ён не мае зачацця, не анёл, бо ён створаны проста з нічога, не Адам, бо ён злеплены з зямнога глею, не Ева, бо яна ўзятая ад Адама, і не ўцелаўлёнае Слова, якое існавала спрадвеку і хутчэй з’яўляецца зачатым, чым зачаццем. Дзеці Евы да зачацця не існавалі, таму іх ужо можна было б назваць зачаццем, але на ўсіх іх Ты таксама непадобная, бо ўсе яны — ад зачацця, зняслаўленага першародным грахом. А Ты адна, адзіная з’яўляешся Беззаганным Зачаццем. <...>

Айцец нараджае Сына, а Дух паходзіць з Айца і Сына. У гэтых некалькіх словах заключана таямніца жыцця Найсвяцейшай Тройцы і ўсіх дасканаласцяў у стварэннях, якія з’яўляюцца не чым іншым, як рознагалосым рэхам, пахвальным гімнам у рознакаляровых тонах гэтай першай найпрыгажэйшай таямніцы.

Будзем карыстацца словамі, якія тычацца да стварэнняў, бо іншых мы не маем, хоць заўсёды павінны памятаць, што гэта вельмі недасканалыя словы.

Кім з’яўляецца Айцец? Што складае Яго сутнасць? Нараджэнне, бо Ён нараджае Сына з даўніх вякоў і на вякі, заўжды нараджае Сына.

Кім з’яўляецца Сын? Нараджаемым, бо Ён заўсёды і з даўніх вякоў нараджаецца Айцом.

А кім з’яўляецца Дух? Плёнам любові Айца і Сына. Калі гаварыць пра створаную любоў, то яе плён — створанае зачацце.
А плён любові, якая з’яўляецца першаўзорам гэтай створанай любові, — таксама не што іншае, як менавіта зачацце. Таму Дух — гэта зачацце не створанае, а спрадвечнае, першаўзор усялякага зачатага жыцця ў сусвеце.

Такім чынам, Айцец нараджае, Сын нараджаецца, а Дух зачынаецца — і ў гэтым іх сутнасць, дзякуючы якой яны адрозніваюцца адзін ад аднаго. Яднае ж іх адна і тая ж прырода: сапраўднае боскае існаванне.

Таму Дух — гэта найсвяцейшае зачацце, бясконца святое, беззаганнае.

У сусвеце паўсюль можна назіраць дзеянне і супрацьдзеянне — роўнае, але супрацьлеглае гэтаму дзеянню, можна назіраць змены ў стане рэчаў і вяртанне рэчаў у іх першапачатковы стан, аддаленне і збліжэнне, падзел і яднанне. Падзел заўсёды існуе для яднання, якое з’яўляецца творчым. Гэта не што іншае, як вобраз Найсвяцейшай Тройцы ў дзейнасці стварэнняў. Яднанне — гэта любоў, любоў творчая. Не іначай праяўляецца дзейнасць Бога, скіраваная на знешні свет; Бог стварае сусвет — гэта як бы аддзяленне. У той жа час стварэнні паводле натуральнага права, дадзенага ім Богам, удасканальваюцца, да гэтага Бога прыпадабняюцца, да Яго вяртаюцца, а разумныя стварэнні свядома любяць і дзякуючы гэтай любові ўсё больш яднаюцца з Ім, вяртаюцца да Яго. Стварэннем, найбольш поўным гэтай любові, боскасці, з’яўляецца Беззаганная, якая не мае ніякай грахоўнае заганы і ні ў чым не адышла ад Божае волі. Яна неапісальным чынам з’яднаная з Духам Святым як Яго Абранніца, але ў непараўнальна больш дасканалым значэнні гэтага слова, чым яно можа азначаць у адносінах да стварэнняў.

Што гэта за яднанне? Гэта перш за ўсё ўнутранае яднанне Яе сутнасці з сутнасцю Найсвяцейшага Духа. Найсвяцейшы Дух прабывае ў Ёй, жыве ў Ёй з першай хвіліны Яе існавання, заўсёды і на вякі.

У чым заключаецца гэтае Яго прабыванне ў Ёй? Ён сам у Ёй з’яўляецца любоўю: гэта любоў Айца і Сына, любоў, якою Бог любіць самога сябе, любоў усёй Найсвяцейшай Тройцы, любоў плодная, зачацце. У створаных істотаў, падобных да Бога, яднанне любові — гэта самае цеснае яднанне. У Святым Пісанні сказана, што двое стануць адным целам, і Пан Езус падкрэсліваў: «Так што яны ўжо не двое, але адно цела». Непараўнальна больш цесным, глыбокім, сутнасным чынам Найсвяцейшы Дух яднаецца з Беззаганнай, прабывае ў Яе істоце, апладняе Яе — з першай хвіліны Яе існавання і ўвесь час, гэта значыць, вечна. Гэтае Спрадвечнае Беззаганнае Зачацце ва ўлонні Яе душы беззаганна зачынае Божае жыццё, Яе Беззаганнае Зачацце. І дзявочае ўлонне Яе цела зарэзерваванае для Яго і ў Ім зачынае ў часе Божае жыццё Бога-Чалавека, бо ўсё матэрыяльнае адбываецца ў часе.

Такім чынам, вяртанне да Бога, супрацьдзеянне, роўнае і супрацьлеглае дзеянню, адбываецца адваротным шляхам у параўнанні са стварэннем: у стварэннях — ад Айца праз Сына і Духа, а тут — праз Духа Сын уцелаўляецца ў Яе ўлонні і праз Яго ж любоў вяртаецца да Айца.

А Яна, уведзеная ў любоў Найсвяцейшай Тройцы, становіцца з першай хвіліны існавання, назаўсёды, на вякі дапаўненнем Найсвяцейшай Тройцы.

Вось у чым заключаецца яднанне Духа Святога з Ёю: не проста любоў яднае гэтыя дзве Істоты, адна з іх — гэта ўся любоў Найсвяцейшай Тройцы, а другая — гэта ўся любоў стварэння, і такім чынам у гэтай лучнасці яднаецца неба з зямлёю, усё неба з усёю зямлёю, уся Спрадвечная Любоў з усёю створанаю любоўю. Гэта вяршыня любові.

І ў Люрдзе Беззаганная ўжо не называе сябе беззаганна зачатаю, а гэтак, як распавядае св. Бэрнадэтта: «У той час Пані стаяла над кустом дзікай ружы ў такой самай паставе, як і на цудадзейным медаліку. Пасля майго трэцяга пытання на Яе твары з’явілася сур’ёзнасць і адначасова глыбокая пакора... Склаўшы рукі як для малітвы, Яна падняла іх да грудзей, ...паглядзела на неба... пасля чаго, павольна раз’яднаўшы далоні і нахіліўшыся да мяне, сказала з лёгкім дрыжаннем у голасе: „Я — БЕЗЗАГАННАЕ ЗАЧАЦЦЕ“».

Калі ў створаным свеце абранніца атрымлівае імя абранніка, таму што належыць яму, яднаецца з ім, прыпадабняецца да яго і ў яднанні з ім становіцца творчым элементам жыцця, то наколькі ў большай ступені імя Найсвяцейшага Духа — Беззаганнае Зачацце — з’яўляецца імем Той, у якой Ён жыве плоднаю любоўю ва ўсёй звышнатуральнай рэчаіснасці (VII, 1184).

Беззаганная, Яна не мае нават найменшай заганы граху, з’яўляецца шэдэўрам Божых рук, поўная ласкі... Бог у Найсвяцейшай Тройцы глядзіць на паслухмянасць (гэта значыць пакору — фундамент усіх цнотаў у Ёй) сваёй Слугі, і «чыніць вялікае Ёй Усемагутны». Бог Айцец аддае Ёй свайго Сына за сына, Бог Сын сыходзіць у Яе ўлонне, а Бог Дух Святы фармуе ва ўлонні Найсвяцейшай Дзевы цела Хрыста. «А Слова сталася целам». Беззаганная становіцца Божаю Маці. Плён любові Бога ў Тройцы Адзінага і Беззаганнай Марыі — Хрыстус, Бога-Чалавек (VII, 1208).

Пераклад з польскай мовы Ганны Серэхан.

Працяг будзе.

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней