Дваццаць другая звычайная 

нядзеля — 28 жніўня 2011 г.

Чытанні: Ер 20, 7–9; Пс 63 (62), 2. 3–4. 5–6. 8–9; Рым 12, 1–2

Евангелле паводле Мацвея 16, 21–27

Любоў прарока

«І я сказаў сабе: Не буду ўспамінаць Яго і не буду больш прамаўляць у імя Ягонае», — вы­знае прарок Ерамія. Уявіце сабе ксяндза або манаха, які б устаў і прамовіў гэткія словы. Не буду ўспамінаць Бога. Не буду больш прамаўляць у імя Божае. Прадчуваеце рэакцыю набожных вернікаў і касцёльных уладаў? 

Неяк так сталася, што ў ментальнасці многіх хрысціянаў замацаваўся вобраз «чалавека Божага» як кагосьці, хто ніколі ні ў чым не сумняецца, не мае маральных дылемаў і ведае ўсе адказы на жыццёва важныя пытанні. Тым часам чалавек, які ніколі ні ў чым не сумняецца і не перажывае маральных дылемаў, можа быць хіба што бяздумным робатам, а прарокам Божым — наўрад ці. Ерамія вялікі не тым, што ніколі ні ў чым не сумняваўся. У пэўны момант ён сумняваўся нават у самай фундаментальнай справе: ці ёсць сэнс увогуле згадваць пра Бога? Ерамія вялікі тым, што ніколі не насіў маскі, быў шчыры перад сабой і перад Богам, гаварыў тое, што дыктавала яму нутро, не займаўся інсцэнізацыяй  сваёй дзейнасці з улікам «правільных» уяўленняў пра місію прарока. Ён умеў быць у пэўны момант «няправільным».

«Але ў маіх касцях з’явіўся нібы палаючы агонь, што быў замкнёны ў касцях маіх; я стаміўся цярпець яго, і больш не магу». Вось яно што, вось на чым трымаецца пакліканне кожнага прарока: агонь! Нешта, што немагчыма спарадзіць шляхам загадаў, дэкрэтаў, маральных натацый, але што можа з’явіцца і з’яўляецца тады, калі чалавек зрывае свае задушлівыя маскі і паўстае перад сабой і іншымі такім, якім ён ёсць: слабым і адначасова моцным!

Агонь, які з’явіўся «ў касцях» прарока, — гэта любоў, палымяная, безаглядная любоў. Любоў да праўды. Ён адчуў, што не можа не гаварыць праўду, што гэтае полымя вернасці праўдзе мацнейшае за яго сумневы і дылемы. Мабыць, гэта меў на ўвазе Хрыстус, калі казаў: «Я прыйшоў кінуць на зямлю агонь. І вельмі хачу, каб ён чым хутчэй загарэўся!» (пар. Лк 12, 49).

Айцец Пётр Рудкоўскі ОР

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней