Трэцяя нядзеля Вялікага посту, год А (23.03.2014)
«Прыходзіць Ён у самарыйскі горад званы Сіхбр, паблізу зямлі, якую даў Якуб Юзафу, сыну свайму. Была там студня Якуба. Езус, стомлены дарогай, сядзеў пры студні. Было каля шостай гадзіны. Вось, прыйшла жанчына з Самарыі зачарпнуць вады. Кажа ёй Езус: “Дай Мне піць”. Вучні ж Ягоныя адышлі ў горад купіць ежы. Жанчына самаранка сказала Яму: “Як Ты, юдэй, просіш піць у мяне, жанчыны самаранкі?” Бо юдэі не маюць зносін з самаранамі. Езус сказаў ёй у адказ: “Калі б ты ведала дар Божы і хто кажа табе: «Дай мне піць», то сама прасіла б у Яго, і Ён бы даў табе жывой вады”. Жанчына кажа Яму: “Пане, у цябе і зачарпнуць няма чым, а студня глыбокая. Адкуль жа ў Цябе вада жывая? Няўжо ты большы ад айца нашага Якуба, які даў нам гэтую студню і сам з яе піў, і сыны яго, і статкі яго?” Езус сказаў ёй у адказ: “Кожны, хто п’е гэтую ваду, зноў адчуе прагу. А хто б піў ваду, якую Я дам яму, не зазнае смагі навекі; а вада, якую дам яму, стане ў ім крыніцай вады, якая цячэ ў жыццё вечнае”. Жанчына сказала Яму: “Пане, дай мне гэтай вады, каб я не мела больш прагі і не прыходзіла сюды чэрпаць”. Ён адказаў ёй: “Ідзі, пакліч свайго мужа і вяртайся сюды”. Жанчына сказала ў адказ: “У мяне няма мужа”. Адказаў ёй Езус: “Добра ты сказала, што ў цябе няма мужа. Бо мела ты пяць мужоў, а той, каго цяпер маеш, не муж табе. Праўдзіва ты гэта сказала”.
Жанчына сказала Яму: “Пане, я бачу, што Ты прарок. Айцы нашыя пакланяліся Богу на гэтай гары, а вы кажаце, што ў Ерузалеме ёсць месца, дзе трэба пакланяцца”. Кажа ёй Езус: “Вер Мне, жанчына, што надыходзіць гадзіна, калі і не на гэтай гары, і не ў Ерузалеме будзеце пакланяцца Айцу. Вы пакланяецеся таму, чаго не ведаеце. Мы пакланяемся таму, каго ведаем, бо збаўленне — ад юдэяў. Але надыходзіць гадзіна, і цяпер ужо ёсць, калі праўдзівыя вызнаўцы будуць пакланяцца Айцу ў Духу і праўдзе. І такіх вызнаўцаў шукае сабе Айцец. Бог ёсць Духам, і тыя, хто пакланяецца Яму, павінны пакланяцца ў Духу і праўдзе”. Жанчына кажа Яму: “Я ведаю, што прыходзіць Месія, якога называюць Хрыстом. Калі Ён прыйдзе, абвесціць нам усё”. Кажа ёй Езус: “Гэта Я, што гавару з табою”. У гэты момант прыйшлі вучні Ягоныя і дзівіліся, што Ён размаўляе з жанчынай, аднак ніводзін не спытаўся: “Чаго Ты хочаш?” або: “Чаму Ты гаворыш з ёю?” Тады жанчына пакінула свой збан і адышла ў горад, і казала людзям: “Ідзіце, паглядзіце на чалавека, які расказаў мне ўсё, што я зрабіла. Ці не Хрыстус Ён?” Яны выйшлі з горада і пайшлі да Яго.
Тым часам вучні прасілі Яго, кажучы: “Раббі, еш”. Але Ён сказаў ім: “Я маю для спажытку ежу, якой вы не ведаеце”. Тады вучні сказалі адзін аднаму: “Ці нехта прынёс Яму есці?” Кажа ім Езус: “Ежа Мая ў тым, каб выконваць волю таго, хто паслаў Мяне, і завяршыць Яго справу. Ці ж не кажаце вы: «Яшчэ чатыры месяцы, і настане жніво?» А Я кажу вам: падыміце вочы вашыя і паглядзіце на нівы, як пабялелі яны ўжо для жніва! Жнец ужо атрымлівае плату і збірае плён для жыцця вечнага, каб разам цешыліся сейбіт і жнец. Бо ў гэтым праўдзівае выслоўе: адзін сее, а другі жне. Я паслаў вас жаць тое, над чым вы не працавалі. Іншыя папрацавалі, а вы ўвайшлі ў працу іхнюю”.
Многія самаране з горада гэтага паверылі ў Яго дзякуючы слову жанчыны, якая сведчыла: “Ён расказаў мне ўсё, што я зрабіла”. Таму, калі прыйшлі да Яго самаране, прасілі Яго застацца з імі. І Ён прабыў там два дні. І яшчэ больш людзей паверыла дзякуючы слову Ягонаму. А жанчыне казалі: “Мы верым ўжо не дзеля твайго апавядання, бо самі пачулі і ведаем, што Ён сапраўды Збаўца свету!”» (Ян 4, 5–42).
Крыніца вады жывой
Здаецца, няма чалавека, які б не ведаў, што адзін з асноўных элементаў створанага свету — вада — з’яўляецца асноваю жыцця. У той жа час нельга не згадзіцца і з тым, што не кожная вада надаецца на гэтую ролю. Забруджаная, напрыклад, не прынясе нічога, акрамя шкоды. Мала карысці і з дыстыляванай, пазбаўленай усіх дамешкаў. Толькі чыстая, багатая неабходнымі для здароўя рэчывамі вада можа быць жыццядайнай.
З іншага боку, ёсць таксама асвечаная вада, якая ад самога Бога атрымала моц асвячэння і абароны ад злых духаў для ўсіх, хто пабожна і з павагаю ёю карыстаецца. Асабліва ж трэба адзначыць ваду святога хросту, якая, змываючы грэх, дае ахрышчанаму духоўнае адраджэнне да вечнага жыцця праз асвячальную ласку. Паводле традыцыі Касцёла, менавіта сакрамэнтальную ласку мае на ўвазе Пан Езус, кажучы самаранцы ля студні Якуба: «А хто б піў ваду, якую Я дам яму, не зазнае смагі навекі; а вада, якую дам яму, стане ў ім крыніцай вады, якая цячэ ў жыццё вечнае».
Сакрамэнты — бачныя знакі нябачнай Божай ласкі — узялі пачатак з Боскай крыві і вады, што выцеклі з прабітага дзідай Найсвяцейшага Сэрца Збаўцы. Аднак незадоўга да гэтага з Яго вуснаў прагучала слова «Прагну». Той, хто абяцаў назаўсёды пазбавіць людзей смагі, сам прагнуў. Але прагнуў Ён не столькі наталіць натуральную смагу паміраючага Чалавека, колькі падзяліцца сваім Божым жыццём з дзецьмі Адама. І ў зямным жыцці кожны з нас пакліканы заспакоіць гэтае прагненне самога Бога: праз супрацоўніцтва з сакрамэнтальнай ласкай.
На жаль, існуе небяспека ўчыніць яе бясплоднай, калі мы не молімся, не імкнемся пазнаць Бога і Яго волю і выканаць яе. А калі хто прымае сакрамэнты ў стане смяротнага граху (за выключэннем сакрамэнтаў хросту і пакаяння — але і тут неабходны намер змяніць сваё жыццё), то яго духоўны стан толькі пагоршыцца.
З іншага боку, калі пад жывой вадой мы будзем разумець таксама і Божае навучанне, трэба асцерагацца, каб не засмеціць яго фальшывымі і шкоднымі поглядамі і інтэрпрэтацыямі, якія скажаюць яе сутнасць, вядуць да ерасі, ідэалагізацыі, фанатызму або забабонаў, якія забіваюць жыццё. Нельга таксама дапускаць яе ператварэння хоць і ў правільную, але сухую і бяздушную тэорыю, якая наўрад ці каго будзе прыцягваць. Жыватворчы смак і духоўнае здароўе забяспечаць адкрытасць сэрца на Бога і бліжняга, адвагу ісці за Хрыстом, не баючыся крыжа, і міласэрнасць, якая пакрывае шмат грахоў. Тады нават простая шклянка натуральнай вады, з любоўю пададзеная таму, хто церпіць ад смагі, ператворыцца ў крыніцу, якая цячэ ў жыццё вечнае шляхам, пракладзеным Хрыстом праз сакрамэнтальную ласку.
Айцец Міхал Ермашкевіч OP