19.03.2013 | № 9 (222) 2013
Вялікая гэта таямніца — наша вера. Ніхто, мабыць, ніколі не разгадае, чаму хтосьці цвёрды ў ёй, нібы скала, а іншы пачынае хістацца ад першага ж лёгкага ветру. Альбо чаму хтосьці з дзяцей, якія выхоўва­ліся ў адной сям’і, пасталеўшы, і надалей верыць ды прагне пазнаваць Бога як найбольш, а другі як паверыў у школе, што ягоныя продкі — малпы, так і задаволіўся гэтым. Ці яшчэ сітуацыя: хлопец з дзяўчынай сябравалі, разам у касцёл хадзілі па нядзелях, на пілі­грымскіх дарогах мазалі разам набывалі, а як пажаніліся, то адзін у касцёле застаўся і надалей, а другі, альбо другая, цяпер у ня­дзелю адно што на базар спяшаецца. Хтось­ці слушна сказаў, што вера чалавека, як і зямное каханне: калі агонь не падтрымліваць, ён пагасне. А як яго падтрымліваць, гэты агонь? Што дапамагае верніку ўмацоўваць сваю веру? Паспрабавала я запытацца пра гэта ў маладых людзей, якія, дзякуй ім, ахвотна зга­дзіліся адказаць на гэтае складанае пытанне. Адказалі, абапіраючыся не на тэалагічнае навучанне, не на разумныя ды правільныя тэорыі, але распавялі, як яны самі разумеюць, што гэта такое — наша вера. Проста і шчыра яны падзяліліся тым, што самі перажываюць, як самі разумеюць свае адносіны з Богам.
Не ўсе іх разумеюць. Адны дзівяцца: вось не надакучыць жа ім штогод мераць зямлю ўласнымі нагамі! Другія паблажліва пасмейваюцца: як няма чым заняцца, дык няхай сабе паходзяць, паспяваюць. Трэція настроеныя больш непрыймальна і нават агрэсіўна: і чаго швэндаюцца то там, то тут са сваім крыжам? Гэтыя, з апошніх, могуць і пальцам каля скроні пакруціць, убачыўшы калону пілігрымаў з крыжам на чале ды з харугвамі.  А пілігрымы ідуць сабе далей, кіламетр за кіламетрам, ад вёскі да вёскі, ад ранішняй малітвы да Ружанца, ад літаніі, Крыжовага шляху да святой Імшы, якая цэлебруецца часта пад адкрытым небам, на імправізаваным алтары з каменняў, а то ў бліжэйшым на пілігрымскім шляху касцёле ці капліцы. Чаго шукаюць, пра што прагнуць расказаць Богу, для каго імкнуцца выпрасіць у Яго благаслаўлення гэтыя людзі штогод у пілігрымках ці то ў Будслаў, ці ў Росіцу, Гудагай, Тракелі, Вільню?..

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней