«Ідзі і ты рабі таксама»

Пятнаццаты звычайны тыдзень, год С (10.07.2015)

Майсей прамовіў да народа, кажучы: Будзеш слухацца голасу Пана Бога твайго, захоўваць запаведзі і наказы Ягоныя, запісаныя ў гэтай кнізе Закону, і вернешся да Пана Бога твайго ўсім сэрцам сваім і ўсёю душою сваёй.
Запаведзь, якую сёння даю табе, — гэта не штосьці цяжкае і недасягальнае для цябе. Яна не ў нябёсах, каб можна было сказаць: Хто б узышоў для нас у неба і прынёс яе нам, каб мы слухалі і выконвалі яе? І не за морам яна, каб вы казалі: Хто б пераправіўся праз мора і прынёс яе нам, каб мы змаглі слухаць і выконваць яе? Наадварот, гэта слова вельмі блізкае да цябе: яно ў тваіх вуснах і ў тваім сэрцы, каб ты мог выконваць яго.

Дрг 30, 10–14

Адзін кніжнік устаў і, выпрабоўваючы [Езуса], сказаў: «Настаўнік, што мне рабіць, каб атрымаць у спадчыну жыццё вечнае?» Ён адказаў яму: «У Законе што напісана? Як чытаеш?» Той адказаў: «Любі Пана Бога твайго ўсім сэрцам тваім, і ўсёй душой тваёй, і ўсёй моцаю тваёй, і ўсім розумам тваім, і бліжняга свайго, як самога сябе». Езус сказаў яму: «Слушна ты адказаў. Так рабі, і будзеш жыць». Але той, жадаючы апраўдацца, сказаў Езусу: «А хто мой бліжні?»

На гэта Езус адказаў: «Адзін чалавек ішоў з Ерузалема ў Ерыхон і трапіў у рукі разбойнікаў, якія знялі з яго адзенне, пабілі яго і пайшлі, пакінуўшы ледзь жывога. Выпадкова нейкі святар ішоў той дарогай і, убачыўшы яго, прайшоў міма. Таксама і левіт, будучы на тым месцы, падышоў, паглядзеў і прайшоў міма. А нейкі самаранін, падарожны, натрапіў на яго і, убачыўшы, злітаваўся. Падышоў, перавязаў яму раны, паліваючы алеем і віном. І, пасадзіўшы яго на сваю жывёліну, прывёз у заезд і паклапаціўся аб ім. А на другі дзень, ад’язджаючы, дастаў два дынары, даў карчмару і сказаў яму: “Паклапаціся аб ім. А калі патраціш больш, я аддам табе, калі вярнуся”. Як здаецца табе, хто з гэтых трох быў бліжнім таму, хто трапіў у рукі разбойнікаў?» Ён сказаў: «Той, хто паступіў з ім міласэрна». Тады Езус сказаў яму: «Ідзі і ты рабі таксама».

Лк 10, 25–37

«Ідзі і ты рабі таксама»

Калісьці я чуў па радыё інтэрв’ю з кіраўніцай адной арганізацыі гуманітарнай дапамогі. Яна распавядала пра тое, як гэтая арганізацыя дапамагае дзецям, ахвярам вайны, у Афрыцы. Падчас інтэрв’ю слухачы маглі дазваніцца ў радыёэфір. Адзін чалавек пазваніў з прэтэнзіяй: чаму вы дапамагаеце людзям дзесьці далёка, калі вакол нас столькі людзей, якім патрэбная дапамога?

Сёння ў Евангеллі мы чытаем, як кніжнік, жадаючы апраўдаць уласную маладушнасць, пытаецца ў Пана Езуса: «А хто мой бліжні? Каго мне любіць, да каго быць міласэрным?» Адказ Езуса адназначны: бліжні — той, хто сустракаецца на нашым шляху, незалежна ад яго нацыянальнасці, веравызнання і светапогляду. Самаранін убачыў параненага чалавека, і яго сэрца напоўнілася міласэрнасцю. А ты «ідзі і рабі таксама». Гэтая парада гучыць у гармоніі са словамі з Кнігі Другазаконня аб тым, што захаванне Божага Закону не з’яўляецца недасяжным для нас, што Закон вельмі блізкі да нас, ён у нашым сэрцы і на нашых вуснах.

Божы Закон — гэта праўда аб тым, што мы слабыя, і перадусім праўда аб бясконцай Божай любові. Чым жа яшчэ ёсць Божы Закон, як не міласэрнасцю — Божаю ласкаю, якая праліваецца на нашыя недахопы, нашыя слабасці? Калі ён у нашых сэрцах, то гэта таму, што Пан Бог ужо ўдзяліў яго нам. Але гэты Закон толькі тады да канца стане нашым, калі мы дазволім яму праліцца з нашых сэрцаў на тых, хто побач. Парадокс Божай міласэрнасці ў тым, што мы толькі тады адчуем яе, калі будзем гатовыя дзяліцца ёю, і толькі тады зможам падзяліцца ёю з іншымі, калі самі яе прымем.

Сёння, калі Пан Езус кажа нам, што гэта мы павінны чыніць міласэрнасць, Ён жадае прывесці нас на шлях, дзе мы самі спазнаем міласэрнасць.

Айцец Крыштаф Коц’ян OP

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней