Выбар або Страх мучанікаў

Мучанікі. Адважныя вызнаўцы Хрыста. Калі задумваешся над іх жыццёвым шляхам і рашучым вызнаннем веры перад абліччам смерці, немагчыма не захапляцца іх мужнасцю і вернасцю Хрысту.  І тады часам паўстане такое простае і адначасна не надта зручнае для цябе пытанне: «Адважнае, сумленнае хрысціянства ў небяспецы — няўжо гэта наканаванасць толькі выключных людзей?».


Трэба быць гатовымі памерці

Гэтую параду сказаў сёстрам эўхарысткам у часе рэкалекцый на пачатку 1943 года айцец марыянін Антоні Ляшчэвіч. Яны старанна запісалі ў свае сшыткі, што трэба кожны дзень быць гатовымі памерці. Навокал грымела вайна. Паўсюль збірала сваё жудаснае жніво смерць. Ніхто не ведаў, каго яна сажне сёння альбо заўтра. Таму трэба быць гатовымі. Але для таго, каб быць гатовымі памерці, трэба напачатку навучыцца жыць. І ён вучыў людзей жыць — сваім уласным прыкладам, стаўленнем да жыцця, сваёй сумленнасцю. 

Айцец марыянін Люцыян Паўлік, успамінаючы свайго сабрата айца Антонія Ляшчэвіча, казаў неяк мне, што ён ніколі не сумняваўся ў тым, што айцец Антоні — святы чалавек. Такім ён яго бачыў пры жыцці.

Айцец Антоні Ляшчэвіч

А сястра Ядвіга Віршута праз усё сваё жыццё, якое адмераў ёй Пан Бог пасля росіцкай трагедыі, пранесла наказ айца Антонія Ляшчэвіча: «Запамятай сястра: споведзь нельга адкладваць на заўтра». Усё гэта — да таго, як трэба жыць, каб магчы памерці тады, калі Пан Бог пакліча да сябе.

Калі думаеш пра ўсё гэта, тады, як гэта ні страшна казаць, але робіцца лагічным апошні ўчынак айца Антонія — добраахвотнае прыняцце смерці замест жыцця. Бо ён выбраў смерць разам з тымі, каго раней вучыў жыць па-хрысціянску. Інакш — не змог…

Перамогшы страх

Айца марыяніна Юрыя Кашыру ў маладосці не лічылі адважным чалавекам. Тое, як ён напярэдадні прыходу Савецкай Арміі ў Заходнюю Беларусь паспешліва ўцёк з друйскага кляштара і апынуўся ажно за Бугам, засталося ў ягонай біяграфіі. Ды толькі невядомая сіла, нібы магніт, вярнула яго пазней зноў у Друю. Туды, дзе грымела вайна. Туды, дзе было па-ранейшаму небяспечна. Але на гэты раз ён перамог свой страх. Бо хацеў служыць Богу там, куды Ён яго паклікаў. І пазней, калі Бог паклікаў на місію ў Росіцу, не запярэчыў — пайшоў разам з айцом Антоніем Ляшчэвічам. 

Айцец Юры Кашыра

А калі над Росіцай сабраліся хмары трагедыі, айцец Юры Кашыра зноў не пажадаў нікуды ўцякаць. Застаўся па ўласнай волі. 

Ці было яму там страшна? Напэўна, было. Нездарма ж сястра Ядвіга Віршута назвала ноч айца Юрыя Кашыры з 17 на 18 лютага 1943 года «ноччу ў садзе Аліўным». Бо праз усю ноч ён маліўся, клаўся крыжам, падымаўся і зноў усклікаў да Айца Нябеснага. Яны, сёстры, чулі гэта, бо знаходзіліся ў суседнім пакоі. Росіца палала жудасным полымем ахвяраў. Айцец Кашыра ведаў, што заўтра настане дзень ягонай асабістай ахвяры. І… баяўся. Але гэта ўжо быў іншы страх. Езус у садзе Аліўным таксама зведаў яго, ды толькі пазней вымавіў: «Але не Мая, а Твая воля няхай станецца».

18 лютага 1943 года айцец Юры па ўласнай волі ўзяў крыж, пераступіў з ім парог росіцкага касцёла і разам з вернікамі годна прыняў мучаніцкую смерць у полымі агню. Мог выратавацца. Карнікі прапаноўвалі яму жыццё. А ён выбраў смерць. Бо цягам жыцця перамог свой страх — здавалася б, такі зразумелы страх…

Няхай жыве Хрыстус Валадар!

Іх называюць мучанікамі з Беразвечча — святароў Мечыслава Багаткевіча, Уладзіслава Мацьковяка і Станіслава Пыртака. Яны нарадзіліся ў розных мясцінах, служылі таксама, але аб’яднала іх Беразвечча, што знаходзіцца блізу Глыбокага. Страшнае месца. Адсюль, з беразвецкай турмы, на пачатку мінулай вайны была выгнана з тэрыторыі Заходняй Беларусі калона вязняў, якія ўтрымліваліся тут савецкай уладай. Блізу вёскі Мікалаева, на сучаснай Шуміліншчыне, вязні былі расстраляныя. А гісторыя беразвецкай турмы працягвалася, і вайной ужо немцы ўтрымлівалі тут ды расстрэльвалі ва ўрочышчы Барок палонных савецкіх салдатаў. Тысячы і тысячы жыццяў з розных куткоў Савецкага Саюза абарваліся тут. У гэтай жа турме былі зняволеныя і святары з Іказні, што на Браслаўшчыне, Станіслаў Пыртак і Уладзіслаў Мацьковяк, пробашч з Дрысы (сучасны Верхнядзвінск) Мечыслаў Багаткевіч. 

Ксяндзы Уладзіслаў Мацьковяк, Станіслаў Пыртак і Мечыслаў Багаткевіч

Чаму яны апынуліся ў гэтым страшным, нялюдскім месцы? Бо навучалі вернікаў жыць у згодзе з сумленнем, быць вернымі Хрысту, па-сапраўднаму любіць бліжняга свайго, а калі спатрэбіцца — аддаць за бліжняга і ўласнае жыццё. Гэта яны сцвердзілі ў сваіх апошніх лістах з беразвецкай турмы. Колькі ж мужнасці трэба было мець гэтым траім, каб у апошнюю ноч перад расстрэлам пісаць на старонках Брэвіярыяў свае лісты!.. Колькі любові трэба было мець да людзей, каб супакойваць знаёмых вязняў з Іказні, што іх выпусцяць, бо за іх заплацяць сваім жыццём яны, мучанікі. Так і сталася.

У апошніх лістах мучанікаў — вялікая любоў да Хрыста, вернасць Яму і велізарная пашана да ўласнага святарства. Сваёю смерцю гэтыя трое далі сведчанне таму, як трэба не толькі жыць, але і паміраць. Якім жа чыстым павінна было быць іх жыццё, каб над уласнай магілай разам усклікнуць свае апошнія словы: «Няхай жыве Хрыстус Валадар!».

Свякроў, якая ўмела любіць

Мар’яна Бярнацкая. Маці шасцярых дзяцей, чацвёра з якіх памерлі пры родах. Гэтая жанчына ведала цану жыцця і смерці. Любіла і цаніла жыццё. А яшчэ яна была шчырай верніцай, вельмі шанавала Маці Божую, не расставалася з ружанцам. У гады вайны жыла разам з сынам і нявесткай. Калі распачалася карная акцыя акупантаў на знак помсты за забітага паліцая, сын з нявесткай былі арыштаваныя разам з многімі жыхарамі. Калі жанчына пачула загад гітлераўца, кінулася яму ў ногі і прасіла за нявестку, якая тады была цяжарная: «Пакіньце яе. Я пайду за яе». Яе просьбу выканалі, і Мар’яна прыняла смерць за сваю нявестку — зберагла яе жыццё, а таксама будучыя жыцці…

Мар’яна Бярнацкая

Мар’яна Бярнацкая стала для нас прыкладам таго, як трэба любіць бліжняга свайго. Варта, хіба што, часцей нам узгадваць гэтую ахвярную мучаніцу, асабліва свякроўкам ды нявесткам. І асабліва тады, калі ўзнікаюць паміж імі брыдкія, часта такія дробязныя непаразуменні. Просім жа тады: «Благаслаўлёная Мар’яна, маліся за нас! Вучы нас любіць сваіх бліжніх! Вучы берагчы жыццё!».

…Некалькі кароткіх гісторый з жыцця і смерці тых, хто прайшоў свой шлях хрысціяніна да нас. Хто навучыўся не баяцца, каб годна пайсці ў вечнасць і застацца вернымі Хрысту і Касцёлу. Нам, хіба што, трэба толькі з пакораю вучыцца ў іх і зразумець, што годнае жыццё, адвага ў вызнаванні веры і вернасць Хрысту — наканаванасць зусім не адзінак.


Ірына Жарнасек
Фота на вокладцы: 
catholicnews.by

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней